• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Тры рэчы, якія варта разумець пра гарады і каранавірус

    Як структура эканомікі і актыўнасць уладаў уплываюць на распаўсюд хваробы.

    Калі пандэмія ахапіла амаль увесь свет, кананічным стала параўнанне Італіі (кепскага прыкладу) з Паўднёвай Карэяй ці Сінгапурам (прыкладамі эфектыўнай барацьбы з вірусам). Гэта стварае не толькі памылковае ўражанне пра існаванне нейкіх “азіяцкага” і “заходняга” шляхоў, але і скажае саму праблему. Такія драматычныя адрозненні ў распаўсюдзе каранавіруса адбываюцца ў межах амаль кожнай краіны, у суседніх рэгіёнах. Часта каранавірус, выяўлены ў адзін час у розных месцах краіны, пачынае пашырацца адтуль паводле зусім розных сцэнароў. 

    1. Галоўная барацьба разгортваецца на ўзроўні гарадоў ці рэгіёнаў

    Ачагі распаўсюду віруса ўзнікаюць лакальна: гэта можа быць спартовая падзея, масавы сход альбо заражэнне ўнутры буйнога працоўнага калектыву. У такой сітуацыі ад хуткасці і рашучасці мясцовых уладаў можа залежыць больш, чым ад дзейнасці нацыянальнага ўрада.

    У суседніх рэгіёнах Італіі – Ламбардыі і Венета – доля захварэлых сярод насельніцтва адрозніваецца ў два разы. Падобнае можна назіраць і ў Брытаніі: смяротнасць ад каранавіруса ў рэгіёнах Англіі ў два разы большая, чымся ў Шатландыі.

    Але цікавей паглядзець на ЗША, якія цяпер сталі эпіцэнтрам каранавіруса. У Нью-Ёрку сёння ў 12 (!) разоў больш выяўленых выпадкаў (у разліку на 1000 чалавек) за Сан-Францыска. А гэта два гарады з найбольшай шчыльнасцю насельніцтва ў ЗША. 

    2. Структура эканомікі вызначае глыбіню каранціну

    Хоць Нью-Ёрк і Сан-Францыска выглядаюць эканамічнымі гарадамі-зоркамі, іх структура рынку працы даволі моцна адрозніваецца. 

    У Сан-Францыска доля занятых у ІТ у тры разы большая, чымся ў Нью-Ёрку. Там на палову большая частка людзей, занятых у менеджменце, фінансах і бізнес-кансалтынгу. Такіх працаўнікоў прасцей перавесці на аддаленую працу. Гэтаксама Сан-Францыска даўно знаходзіцца сярод лідараў па дыстанцыйнай адукацыі.

    У Нью-Ёрку ж амаль у два разы большае беспрацоўе і ўзровень беднасці, менш гараджанаў з вышэйшай адукацыяй (толькі 37,4 % супраць 57,1 % у Сан-Францыска) і адпаведна куды больш папулярны грамадскі транспарт. І нават большая колькасць лекараў на душу насельніцтва не дапамагае. 

    3. Неабходная рашучасць мясцовых уладаў

    Мэр Сан-Францыска –  Лондан Брыд – абвесціла надзвычайны стан яшчэ ў канцы лютага, калі ў горадзе не быў выяўлены аніводны выпадак каранавіруса. Хутка былі забароненыя зборы больш як 1 тыс. чалавек, у тым ліку на матчах НБА. Калі ў горадзе выявілі 18 захварэлых – мэр зачыніла ўсе школы. У Нью-Ёрку гэта зрабілі толькі пасля 329 выпадкаў каранавіруса. Пасля выяўлення 50 інфікаваных былі зачыненыя ўсе фірмы і прадпрыемствы, у Нью-Ёрку на гэта адважыліся толькі пасля 2 тыс. захварэлых. 

    Смелыя дзеянні мясцовых уладаў здольныя прытармазіць крывую захворванняў, нават калі нацыянальны ўрад дзейнічае спрэчна і не можа давесці зразумелую мадэль паводзінаў для сваіх грамадзян. Запаволеная рэакцыя, спозненая нават на некалькі дзён, прыводзіць да лавінападобнага росту колькасці інфікаваных. 

    Беларускі Нью-Ёрк знаходзіцца ў Віцебску. Ці з’явіцца ў нас Сан-Францыска, будзе залежыць ад жадання ўладаў глядзець на свет інакш, чым яны глядзелі дагэтуль.

    Больш пра рэгіёны чытайце ў Telegram-канале RADNIANKOU.

    ПаказацьСхаваць каментары