падтрымаць нас

Грамадства

Як Беларусі патрапіць на наступны чэмпіянат свету

Як Беларусі патрапіць на наступны чэмпіянат свету
Трэба развіваць крэатыўны дзіцячы футбол і прыцягваць легіянераў, але нават тут без палітычных і эканамічных рэформаў не абысціся.

Ці ёсць хоць нешта агульнае ў краін-удзельніц футбольнага чэмпіянату? Яны прыбылі з усіх кантынентаў, і наўрад ці, напрыклад, Туніс хоць нечым падобны да Японіі, а Калумбія – да Сербіі.

Але брытанскі часопіс The Economist усё ж паспрабаваў разабрацца, чым паспяховыя футбольныя зборныя адрозніваюцца ад няўдачнікаў. За поспех брытанскія журналісты ўзялі розніцу паміж забітымі і прапушчанымі мячамі – у каманд у верхняй частцы рэйтынгу FIFA такая розніца, вядома ж, дадатная. А вось прадказаць дасягненні зборнай могуць і памер нацыянальнай эканомікі, і масавая папулярнасць футбола, а таксама проста ўдача, калі камандзе выпадае гуляць са слабымі супернікамі.

Праўда, статыстычная мадэль, якую выкарыстаў The Economist, аказалася не зусім дасканалай – у ёй шмат выключэнняў. Напрыклад, Сенегал дакладна не назавеш развітой краінай, а ў Саудаўскай Аравіі толькі паўтара адсотка насельніцтва ўцягнутыя ў аматарскі ці прафесійны футбол. Аднак, калі параўнаць паказнікі Беларусі са статыстыкай зборных на цяперашнім чэмпіянаце, правалы каманды пад белымі крыламі атрымліваюць новыя тлумачэнні.

Як Беларусі патрапіць на наступны чэмпіянат свету
Калісьці ён гуляў з імі на роўных

Футбол – гульня багатых і свабодных

Лукашэнка перакананы, што футбольныя трэніроўкі не патрабуюць адмысловага рыштунку, але ў Расію патрапілі перш за ўсё зборныя з даволі багатых краін.

Іх сярэдні памер эканомікі – каля $ 27 тыс. на душу насельніцтва, тады як у Беларусі – каля $ 17 тыс.

Беднасць, аднак, перастае быць праблемай, калі футболам сапраўды “жывуць”, як, напрыклад, у Коста-Рыцы. Там амаль 27 % грамадзян гуляюць як прафесіяналы ці аматары. У Беларусі ж такі паказнік – усяго 3,6 %, а сярэдні сярод каманд на чэмпіянаце свету – каля 7 %.

Падобнымі адна да адной краіны-ўдзельніцы аказаліся і ў плане палітычным: большасць з іх – дэмакратыі. Горшыя рэйтынгі па абароне правоў і свабодаў, згодна з Freedom House, у Расіі, Егіпта і Саудаўскай Аравіі. Беларусь, на жаль, знаходзіцца на супастаўным з імі ўзроўні.

Гэтая “залежнасць” паміж дэмакратыяй і футбольнымі дасягненнямі, хутчэй за ўсё, адлюстроўвае тое, што сёння менавіта дэмакратычныя краіны больш паспяховыя ў эканоміцы. Адпаведна, яны таксама могуць выдаткоўваць больш на падрыхтоўку футбалістаў.

Як бы дзіўна гэта ні гучала, у доўгатэрміновай перспектыве менавіта эканамічныя і палітычныя змены дадуць беларускай зборнай больш шанцаў апынуцца на самых прэстыжных турнірах.

Але самі па сабе выдаткі на футбол не прынясуць вялікіх зменаў.

Так, у Венгрыі на новыя стадыёны менш чым за пяць гадоў выдаткавалі ўжо больш за 150 млн. Прэм’ер краіны Віктар Орбан сам у мінулым паўпрафесійна гуляў у футбол, праўда, будаўніцтва стадыёнаў таксама дапамагае разбагацець і яго сябрам-алігархам. Але ж венгерская зборная патрапіць на бягучы чэмпіянат так і не змагла. І гэта чымсьці нагадвае будаўніцтва лядовых палацаў у Беларусі.

На мундыяль – з творчым падыходам і глабальным вопытам

Аналітыкі The Economist лічаць, што лепш за ўсё футбольнае развіццё паскарае сістэматычнае выхаванне маладых гульцоў, а таксама абмен тактыкамі і прыёмамі з іншымі краінамі. Прычым пад сістэматычнай падрыхтоўкай разумеецца не проста будаўніцтва футбольных школ або арганізацыя турніраў.

Самае галоўнае тут – навучыць дзяцей дзейнічаць хутка і крэатыўна на полі.

Як Беларусі патрапіць на наступны чэмпіянат свету
У Беларусі ў футбол гуляюць нават у шахтах.

Такія навыкі ўласцівыя ўсім гульцам сусветнага класа. Некаторыя з іх вучыліся футболу ў “натуральна” нестандартных умовах: у бетонных дварах лацінаамерыканскіх гарадоў або на вясковых палях у афрыканскіх тропіках.

Але ж вядучыя каманды сёння маюць спецыяльныя тэхнікі для развіцця рэакцыі ў сваіх гульцоў. Напрыклад, у Іспаніі, яна называецца ронда, el rondo, і чымсьці нагадвае вядомы “квадрат”, толькі ў цэнтры знаходзяцца гульцы, якія спрабуюць адабраць у іншых мяч. Гэты просты падыход удасканалілі ўжо многія ў Еўропе, напрыклад, юнацкая зборная Англіі (гульцы да 17 гадоў). На чэмпіянаце свету мінулага года яна ў фінале акурат адолела іспанцаў з лікам 5:2.

На жаль, стратэгія развіцця беларускага футбола да 2020-га года аб творчым кампаненце дзіцячай падрыхтоўкі замоўчвае. Няма ў ёй і выразнага плану, як павялічыць колькасць дзіцячых школ або падрыхтаваць высакакласных трэнераў для іх. А між тым такі канкрэтны план можа прынесці плады ўжо праз 10-20 гадоў.

Напрыклад, у 1990-х ніхто і ведаць не ведаў пра ісландскі футбол, але там амаль палова падлеткаў рэгулярна ўжывала алкаголь.

Для барацьбы з праблемай дзяржава стварыла восем крытых футбольных цэнтраў і да сённяшняга дня літаральна плаціць маладым гульцам, што дасягаюць поспехаў. Ну, а сама ісландская зборная ўжо стала легендарнай.

Да таго ж беларускія футбольныя стратэгі не падрыхтавалі бачання, як своечасова заўважаць таленавітых падлеткаў на ранніх этапах іх кар’еры, а затым замацоўваць іх за клубамі ці адпраўляць у прэстыжныя футбольныя школы за мяжой. А між тым навыкі, якія могуць даць зборнай і ўсяму нацыянальнаму футболу легіянеры, маюць вялізарнае значэнне, як сцвярджае The Economist.

Напрыклад, Харватыя, дзе колькасць насельніцтва амаль у два разы меншая, чым у Беларусі, з пачатку сваёй незалежнасці “пастаўляе” гульцоў у вядучыя еўрапейскія клубы. У выніку харваты гуляюць ужо на сваім пятым чэмпіянаце свету.

Вядома, у Беларусі і без футбола хапае праблем, аднак у цяперашніх уладаў ёсць сур’ёзная падстава паклапаціцца пра самы масавы від спорту.

Футбольныя або іншыя спартыўныя перамогі не проста павышаюць пачуццё нацыянальнага гонару.

Як паказваюць некаторыя даследаванні, такія поспехі дапамагаюць простым людзям забываць пра эканамічныя праблемы, а ў выніку яны галасуюць за палітыкаў, пры якіх гэтыя перамогі былі дасягнутыя.

На жаль, улады ўжо не падымуць эканомікі, а вось у футбол беларусы, можа быць, навучацца гуляць.