падтрымаць нас

Палітыка

20 фактаў пра Пятра Парашэнку

20 фактаў пра Пятра Парашэнку
Найцікавейшыя моманты жыцця патэнцыйнага прэзідэнта Украіны.

Рашэнне Клічко зняцца з выбараў на карысць Парашэнкі канчаткова акрэсліла галоўнае супрацьстаянне прэзідэнцкай кампаніі. У барацьбе за пасаду кіраўніка дзяржавы сыдуцца ключавыя асобы Аранжавай рэвалюцыі – Юлія Цімашэнка і Пётр Парашэнка. Пры тым, што апошні зараз лідзіруе ў апытаннях.

Ідэя сабрала 20 адметных фактаў з жыцця “шакаладнага караля”.

1. Пачаўшы з гандлю какао-бабоў, здолеў пабудаваць кандытарскую карпарацыю сусветнага ўзроўня. «Рашэн» уваходзіць у дваццатку лепшых кандытарскіх кампаній свету.

2. Мае цукарны дыябет, таму амаль не есць салодкага.

3. Па версіі Форбс, з капіталам у $ 1,6 млрд Парашэнка ўваходзіць у лік найбуйнейшых алігархаў Украіны.

4. Бізнэс-структурам Парашэнкі таксама належыць папулярны «5 канал».

5. Прыйшоўшы ў палітыку ў 1998 годзе, не пакідаў яе нi пры Юшчанку, нi пры Януковiчы. За гэты час займаў пасады міністра замежных спраў, міністра эканамічнага развіцця і гандлю, старшыні савета Нацбанка Украіны, сакратара Савета нацыянальнай бяспекі.

6. Быў вымушаны пакінуць Савет нацыянальнай бяспекі з-за абвінавачванняў у лабіяванні ўласных інтарэсаў.

7. Да Аранжавай рэвалюцыі быў чальцом Сацыял-дэмакратычнай партыі Украіны – у той час самай лаяльнай да прэзідэнта Кучмы.

8. Прыклаў сваю руку і да стварэння яшчэ адной пракучменскай структуры – Партыі рэгіёнаў.

9. Падчас Аранжавай рэвалюцыі, як і падчас Еўрамайдану, адкрыта падтрымліваў і фінансаваў апазіцыю.

10. У адным з інтэрв’ю прызнаў, што «спансуе рэвалюцыю ежай, вадой і дровамі», а пасля сутыкненняў на вуліцы Грушэўскага паабяцаў аднавіць стадыён «Дынама» і брук каля яго.

11. Кандыдат юрыдычных навук. Абараніў дысертацыю пад назвай «Прававое рэгуляванне кіравання дзяржаўнымі карпаратыўнымі правамі ва Украіне». Аўтар манаграфій, суаўтар падручніка «Сучасныя міжнародныя эканамічныя адносіны».

12. Мае чацвёра дзяцей.

13. Майстар спорту па дзюдо. У ваенкамаце пабіўся з чатырма прапаршчыкамі, за што быў адпраўлены служыць у Казахстан.

14. Заўсёды прытрымліваўся праеўрапейскага выбару. Кіруючы Міністэрствам замежным спраў выказваўся за далучэнне да НАТА цягам 1-2 год.

15. За праеўрапейскую пазіцыю пачаў расплочвацца першым. Яшчэ ў ліпені 2013 году ягоныя цукеркі былі забаронены ў Расіі.

16. З абвастрэннем сітуацыі ў Крыму, яму прыйшлося развітацца з адзінай фабрыкай у Расеі, што зменшыла яго капітал на $ 200 млн.

17. Сябруе з Юшчанкам, былым прэзідэнтам Украіны.

18. Яны з Юшчанкам не проста блізкі, экс-прэзідэнт Украіны з’яўляецца хросным бацькам дочак Парашэнкі.

19. З-за слабасці партыі Парашэнкі, менавіта струкруты “Удара” Віталія Клічко будуць апірышчам кандыдата ў рэгіёнах.

20. Купіў сабе «Волгу» на пятым курсе. Зараз ездзіць на Bentley.