падтрымаць нас

Артыкулы

Абрысы паспяховай Беларусі

Абрысы паспяховай Беларусі

Канспект уступнай лекцыі Школы маладых рэфарматараў-2024.

У ліпені я выступаў на адкрыцці Школы маладых рэфарматараў. Гэта флагманская адукацыйная праграма Цэнтра новых ідэй, якую штогод праходзяць дзясяткі таленавітых людзей у сярэднім узросце 22-23 гады. Сёлета Дар’я Рублеўская, наша каардынатарка адукацыйных праграм, пастанавіла абвесціць візіянерскі набор і размаўляць падчас школы замест рэформаў пра візіі. Маўляў, да рэформаў яшчэ далёка, а цяпер патрэбнае бачанне – натхняльнае вызначэнне таго, чаго мы хочам дасягнуць. 

Гэты тэкст – канспект часткі маёй лекцыі без бачання (бо ўдзельнікі будуць выпрацоўваць уласныя візіі паспяховай Беларусі), але з пэўнымі абрысамі таго, якой уяўляецца паспяховая Беларусь мне і маім калегам. 

Уступ

У тэорыі гульняў існуе падзел на два тыпы. Першыя гульні – канчатковыя (finite) – маюць выразныя правілы і гульцоў, прадказальную працягласць і зразумелыя вынікі. Другія – бясконцыя (infinite) – у якіх наадварот правілы і склад гульцоў могуць змяняцца і да таго ў іх, як і вынікае з назвы, няма канца. Таму калі мы кажам пра паспяховую Беларусь, мы не маем на ўвазе, як здабыць поспех у нейкім моманце, але як яго дасягнуць і ўтрымліваць бясконца. 

Паняцце паспяховасці краіны – гэта справа суб’ектыўная, але, напэўна, амаль усе вызначэнні будуць уключаць у сябе бяспеку і палітычную ўстойлівасць, эканамічны рост і якасны ўзровень сацыяльных паслуг. 

Існуе нямала літаратуры пра тое, чаму тыя ці іншыя краіны становяцца паспяховымі. Аўтары гэтых кніг, дакладаў ці артыкулаў часта імкнуцца да адначыннікавага тлумачэння поспеху, бо гэтыя аўтары хочуць выглядаць унікальнымі. Маўляў, нейкая краіна паспяховая, бо ў яе добрая геаграфія. Але калі адкінуць тэорыі, якія не працуюць, то трэба сцвердзіць: многія з чыннікаў поспеху ўзаемазвязаныя, бо развіццё дзяржавы ідзе шырокім фронтам. Правільныя рэформы ў адной сферы могуць не мець сэнсу, калі ў іншых сферах адсутнасць зменаў будзе тармазіць гэтыя рэформы. 

Абрысы паспяховай Беларусі
Фота: Vasily Fedosenko, Reuters

Таму пра абрысы паспяховай Беларусі мы будзем размаўляць досыць шырока: пра якасны чалавечы капітал, устойлівасць інстытутаў і ўласны эканамічны шлях.  

Якасны чалавечы капітал

Энергія людзей з’яўляецца самым каштоўным актывам для многіх краін. У выпадку Беларусі – недэмакратычнай, эканамічна слабой, без развітых інстытутаў, з жахлівай дэмаграфіяй і, мякка кажучы, неспрыяльнай геапалітычнай сітуацыяй – для такой краіны чалавечы капітал з’яўляецца ледзь не адзіным фактарам, які можа дазволіць зрабіць рывок у развіцці. 

У многіх людзей – магчыма, нават ва ўсіх – ёсць таленты, але яны могуць развівацца, калі для гэтага створаныя адпаведныя ўмовы. Найлепшыя здольнасці ў стварэнні ўмоваў для развіцця талентаў нават пры самых ліберальных эканоміках ёсць у дзяржаваў, бо ў іх больш рэсурсаў і магчымасцяў для маштабавання. Інавацыі часта абапіраюцца на развіццё фундаментальнай навукі ды і банальнага школьнага навучання, фінансаванне чаго звычайна кладзецца на дзяржаву. 

Абрысы паспяховай Беларусі
Фота: Polina Kuzovkova, Unsplash

У выпадку Беларусі якаснае выкарыстанне чалавечага капіталу азначае неабходнасць змены палітэканамічнай мадэлі, у якой многія таленты добра калі проста марнуюцца, а не рэпрэсуюцца. Гэтаксама патрэбная трансфармацыя сістэмы адукацыі, якая не разумее, да якой будучыні рыхтаваць школьнікаў і студэнтаў. Ужо відавочна, што той жа штучны інтэлект істотна зменіць свет, на фоне чаго беларуская адукацыя выглядае спозненай прынамсі на некалькі дзесяцігоддзяў. 

Апроч таго, неабходная змена дэмаграфічнай палітыкі, якая мае пашыраць пул даступных талентаў праз павелічэнне нараджальнасці і прыцягненне мігрантаў. 

У тых жа ўмовах, у якіх існуюць беларускія таленты сёння, нешматлікія маюць магчымасці напоўніцу рэалізавацца. Гэта адпаведна ўзмацняе каштоўнасць тых, хто развіваецца насуперак. І калі ўявіць сабе трансфармацыю Беларусі, то ў нас лідаркі ды лідары будуць абавязаныя весці гэтую трансфармацыю без магчымасці абапірацца на ўстойлівыя інстытуты, якія існуюць у развітых краінах. 

Устойлівасць інстытутаў

Кніга “Why nations fail” Дарана Аджэмоглу і Джэймса Робінсана мае статус “рэфарматарскай Бібліі”, і асноўная думка гэтай кнігі палягае ў тым, што інклюзіўныя дэмакратычныя інстытуты спрыяюць эканамічнаму росту. Пазней аўтары напісалі яшчэ кнігу “The Narrow Corridor”, у якой даводзілі неабходнасць развітай грамадзянскай супольнасці для поспеху ў краіне. Гэта значыць, пад устойлівасцю інстытутаў маецца на ўвазе не толькі ўстойлівасць дзяржаўных органаў ці НДА, але таксама і незалежных медыяў, бізнес-супольнасці і гэтак далей, а таксама іх здольнасць да ўзаемадзеяння і ўраўнаважвання адно аднаго. 

Устойлівасць гэтых інстытутаў вымагае перабудовы арганізацыйнай структуры, стварэння адэкватнага заканадаўства. Але тут важна разумець, што ў свеце няма аптымальных рашэнняў, як і няма прыдуманых аптымальных рэформаў для Беларусі. Патрэбная крытычная рэфлексія аб тым, якія рэцэпты пасуюць нам. Напрыклад, нібыта правільныя палітычныя мадэлі (як парламенцкая рэспубліка) магчымыя ў адных краінах – у выпадку Беларусі гэтая мадэль скончылася Лукашэнкам, а пастаянныя скандалы вакол Каардынацыйнай рады, апазіцыйнага “протапарламента”, сведчаць, што, магчыма, наданне парламенту вялікіх паўнамоцтваў не будзе лекам для Беларусі. 

Абрысы паспяховай Беларусі
Фота: Polina Kuzovkova, Unsplash

Таму не менш важная за арганізацыйную трансфармацыю змена каштоўнаснай сістэмы. Наша краіна, як і многія іншыя сацыяльныя арганізмы, занадта вялікая, каб яе можна было асэнсаваць і прыняць рашэнне, якое задавальняла б усіх. Але важна, каб людзі, якія кіруюць гэтай сістэмай, хацелі шукаць найлепшыя рашэнні, абапіраючыся на ідэі служэння грамадству. 

Адна з асаблівасцяў, якую варта прывіваць, – гэта важнасць кансалідаванасці палітычнай сістэмы ва ўмовах невялікага памеру дзяржавы. З увагі на памкненні вонкавых актараў выкарыстоўваць беларускіх палітыкаў як праваднікоў уласных інтарэсаў, важным ёсць узмацненне здольнасці палітычных эліт дамаўляцца паміж сабой. Умацавацца мусіць і нацыянальная ідэнтычнасць, якая б мела служыць аб’яднальным чыннікам.

Уласны эканамічны шлях

Беларускі эканаміст Павел Данэйка часта кажа, што не трэба глядзець на сённяшнюю Беларусь праз прызму трансфармацыі, якая адбывалася ва Усходняй Еўропе ў 1990-ых. Беларусь ужо далёка не такая сацыялістычная, беларусы ўжо даўно не такія і патэрналісты, палова эканомікі ўжо прыватная. Прынцып працы ўсёй эканомікі пераважна рынкавы, хоць і са значнымі хібамі. 

Даканчэнне гэтых рэформаў з пункту гледжання эканомікі не ўяўляецца тэхнічна складаным. Ды і нават унутры рэжыму Лукашэнкі ёсць людзі, якія здольныя на правядзенне ліберальных рэформаў у эканоміцы.

Пытанне, хутчэй, у тым, каб знайсці беларускі шлях развіцця эканомікі, які б абапіраўся на грамадскае ўяўленне, чаго хочуць беларусы, і ўяўленне эканамічных эліт, што яны могуць. 

Абрысы паспяховай Беларусі
Фота: UNDP in Belarus

З гледзішча публічнага запыту грамадства бачыць далейшы рух у напрамку рынку як пажаданы. Гэта не значыць, што беларусы прагнуць пазбавіцца сацыяльных паслуг, але адлюстроўвае, імаверна, грамадскае ўяўленне, што праца на прыватным прадпрыемстве лепш аплочваецца і/ці больш эфектыўная, чым на дзяржаўным заводзе. Улічваць грамадскі запыт неабходна для таго, каб пазбегнуць дэлегітымізацыі рэформаў, тым больш што наперадзе будуць непазбежныя балючыя змены, напрыклад як пенсійная рэформа. Камунікацыя – адна з найважнейшых рэчаў, якую мусяць мець візіянеры.  

Гэтаксама варта абапірацца на дагэтуль не сфармаванае ўяўленне аб вобразе той эканомікі, якую Беларусь хоча пабудаваць. Напэўна, гэты вобраз грунтуецца на беларускім нацыянальным бізнесе і беларускім чалавечым капітале. Айчынны вобраз ІТ-краіны яшчэ можа працягнуць існаванне, але беларускаму грамадству можа аказацца бліжэйшым поспех гаспадарлівых “схаваных чэмпіёнаў” – небуйных вельмі паспяховых кампаній, якія малавядомыя публіцы. Сёння ў Беларусі дзясяткі такіх кампаній і нішавасць – паспяховасць у вузкіх галінах – магла б стаць адной з рысаў Беларусі. 

“Схаваныя чэмпіёны” будуць патрабаваць доступу да рынкаў, таму адкрыццё заходніх рынкаў пры захаванні расейскага будзе адным з выклікаў для будучай Беларусі. У прынцыпе гэта шмат у чым будзе залежаць ад перафармавання ўсяго рэгіёна па выніках расейска-ўкраінскай вайны.   

Пасляслоўе пра адаптыўнасць

На фоне расейскай вайны супраць Украіны стала папулярна быць алармістам і думаць, што нас чакае штосьці незвычайнае. І сапраўды, мы жывём у свеце, дзе напад Кітая на Тайвань ужо не падаецца неверагодным, а больш шырокая араба-ізраільская вайна здаецца ледзь не непазбежнай, лідарства Захаду аспрэчваецца, а Расея цяпер перамагае ў вайне. Магчыма, што ў такіх умовах паспяховая Беларусь проста немагчымая, якое б цудоўнае бачанне мы не мелі.

Абрысы паспяховай Беларусі
Фота: Petras Malukas, AFP

Гэта змушае нас да адаптыўнасці і здольнасці ставіць рэалістычныя мэты ў сітуацыях, калі поспех нашай краіны становіцца ўсё менш імаверным. У нашай бясконцай гульні важна бачыць, чаго мы хочам дасягнуць, але таксама і этапы, рэалізацыя якіх умацоўвае нашу ўпэўненасць і дазваляе ставіць больш амбітныя задачы. На шляху да паспяховай Беларусі нам патрэбныя кароткатэрміновыя малыя перамогі, каб вярнуць сабе пачуццё, што светлая будучыня наагул магчымая.

Першае фота: Vasily Fedosenko, Reuters