падтрымаць нас

Артыкулы

Ад ЕС да Расіі: санкцыі адштурхоўваюць беларусаў ад еўрапейскага выбару?

Ад ЕС да Расіі: санкцыі адштурхоўваюць беларусаў ад еўрапейскага выбару?

Новае даследаванне пра геапалітычны выбар беларусаў на фоне навін пра памежны крызіс і візавыя абмежаванні паказвае неадназначныя вынікі.

Чэргі на мяжы Беларусі і краін ЕС, санкцыі і складанасці ў атрыманні візаў – як гэта можа паўплываць на меркаванне аб асноўным знешнепалітычным кірунку Беларусі? Ці гэта адштурхоўвае ад Еўрасаюза і ці становіцца Расія больш прывабнай для падарожжаў і працы? 

Анлайн-праект “Народнае апытанне” паспрабаваў знайсці адказы. У такіх сітуацыях сацыёлагі часта выкарыстоўваюць апытальныя эксперыменты – яны дазваляюць зразумець, як мяняюцца пазіцыі рэспандэнтаў пасля таго ці іншага ўздзеяння, напрыклад пасля “напамінаў” пра якія-небудзь падзеі. 

У канкрэтна гэтым даследаванні рэспандэнты былі выпадкова падзеленыя на тры прыблізна аднолькавыя часткі. У кантрольнай групы падчас апытання, апроч іншага, спыталі, які знешнепалітычны кірунак Беларусі ім бліжэй. Другой групе перад гэтым быў прадстаўлены – як напамін – блок апошніх негатыўных навін пра ЕС: абмежаванні на мяжы, складанасці з атрыманнем візаў. А трэцяй групе была паказаная інфармацыя пра “інтэграцыйныя” захады Расіі: увядзенне квотных месцаў для беларусаў у мясцовых ВНУ, адукацыйныя гранты (але нічога не гаварылася пра ЕС). 

Пасля паказання гэтых навін рэспандэнтаў з другой і трэцяй груп пыталі пра тое, ці чулі яны ўвогуле пра згаданыя падзеі, а ўжо толькі потым – пра геапалітычны выбар. Такім чынам, галоўнае пытанне не ставілася наўпрост “у лоб”, а было пададзена ў “кантэксце”, каб уздзеянне не было заўважана ўдзельнікамі апытання. 

У анлайн-апытанцы прынялі ўдзел 263 чалавекі, якія на сталай аснове жывуць у Беларусі – гэта малая лічба, але адносна дастатковая для сацыялагічных эксперыментаў. Гэта беларускі і беларусы з дэмакратычнай скіраванасцю – аўдыторыя “Народнага апытання”. Каб зрабіць больш адназначныя высновы, безумоўна, патрэбная большая выбарка, але і сабраныя звесткі паказваюць цікавыя тэндэнцыі. 

Што думаюць беларусы пра ЕС і Расію

З графіка бачна, што “пазітыўныя” навіны пра Расію амаль не ўплываюць на вобраз і жаданне будучай супрацы з ЕС.

А вось пасля “негатыўнай” інфармацыі пра ЕС (цяжкасці з атрыманнем візаў, абмежаванні на мяжы) рэспандэнты  пачынаюць больш арыентавацца на саміх сябе, але не глядзець у бок Расіі.

Варта адзначыць і іншае – пераважная большасць (70-80%) пры любым сцэнарыі абірае ЕС.  

Размеркаванне адказаў пра геапалітычны выбар паказала нам агульную тэндэнцыю ў гэтым пытанні. Але якую матывацыю наведвання кожны абраў асабіста для сябе? У дадатак да асноўнага пытання пра геапалітычную прыхільнасць рэспандэнты таксама пазначалі галоўныя прычыны, паводле якіх ім трэба было б паехаць у ЕС. Гэта дазволіла глыбей зразумець, якія мэты і магчымасці простыя беларусы бачаць у будучай знешнепалітычнай супрацы з Еўрасаюзам. 

Амаль 86% рэспадэнта_ў/к хацелі б наведаць ЕС з турыстычнымі мэтамі, каля 41% – для сустрэчы з роднымі і сябр_амі/оўкамі. Працаваць у ЕС хочуць каля 29% рэспандэнтаў, а закупацца (шопінг) – амаль столькі ж.

Варта заўважыць, што ніводны чалавек не пазначыў, што не хацеў бы наведаць ЕС. Сярод іншых прычын прыехаць у Еўропу рэспандэнт_ы/кі ўказвалі патрэбу ў бяспецы, ратаванне ад рэпрэсій, пошук родзічаў і адкрыццё бізнесу.

У ліпені–жніўні 2024-га года Цэнтр новых ідэй ладзіў сваю першую “Лабараторыю даследаванняў”. Удзельніцы і ўдзельнікі вывучалі асновы статыстыкі, мову праграмавання R, вучыліся рабіць сацыялагічныя апытанні. Пераможцы атрымалі магчымасць правесці сваё даследаванне з дапамогай анлайн-праекта “Народнае апытанне” – яго вынікі змешчаныя ў гэтым артыкуле.

Фота: Marco Fieber (Flickr)