падтрымаць нас

Артыкулы

Адзін голас на пяцярых: Як Расея ўплывае на галасаванне ў ААН

Адзін голас на пяцярых: Як Расея ўплывае на галасаванне ў ААН

Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік паўдзельнічаў 19-23-га і 26-га верасня на 78-ым паседжанні Генеральнай Асамблеі ў сустрэчы “Групы сяброў у абарону Статута ААН”. Што гэта за група і як найменш дэмакратычныя краіны свету аб’ядноўваюцца на прасторах ААН? 

Дыктатары на “абароне Статута ААН”

У 2021-ым годзе Венесуэла ініцыявала стварэнне “Групы сяброў у абарону Статута ААН”. Галоўная мэта групы, якая складаецца з 19 краін, – супрацьстаянне “аднабаковым механізмам і падвоеным стандартам” ААН. Адметна тое, што ў групу ўваходзяць выключна недэмакратычныя краіны.

Адзін голас на пяцярых: Як Расея ўплывае на галасаванне ў ААН

Найгоршыя з найгоршых (Worst of the worst): краіны з найгоршым вынікам па сукупнай колькасці балаў, якімі ацэньваюць палітычныя правы і грамадзянскія свабоды. Крыніца: Freedom House Index 2023

Сумеснае галасаванне краін супраць рэзалюцый Генеральнай Асамблеі ААН – гэта асноўны спосаб паказаць супольную салідарнасць у барацьбе з заходнімі каштоўнасцямі і “аднабаковай” пазіцыяй ААН. Кожная дзяржава ў той ці іншай ступені знаходзіцца на ўскраіне глабальнай дыпламатыі і міжнародных стасункаў. Таму галасаваць разам – гэта значыць атрымаць маленькі, але гарантаваны шанец быць пачутым і сустрэцца з аднадумцамі на міжнароднай арэне.

Краіны-чальцы “Групы сяброў” звычайна галасуюць супраць так званых празаходніх рэзалюцый.

У 2014-ым супраць рэзалюцыі, якая асуджала анексію Крыма, прагаласавалі 11 краін: Арменія, Беларусь, Балівія, Куба, Нікарагуа, Паўночная Карэя, Расея, Судан, Сірыя, Венесуэла і Зімбабвэ. Таксама супраць усіх пяці рэзалюцый у падтрыманне Украіны (напрыклад за тэрытарыяльнае адзінства Украіны ці пра гуманітарныя наступствы вайны) заўсёды галасавалі наступныя краіны: Расея, Беларусь, Паўночная Карэя, Нікарагуа, Сірыя і Эрытрэя. 

Краіны-ўдзельніцы заўсёды выступаюць на адным баку з Расеяй падчас галасавання ў Генеральнай Асамблеі ААН па пытаннях вайны ва Украіне. Вядома, што знешняя палітыка Беларусі і яе голас знаходзяцца ў руках “старэйшага брата”, але чаму іншыя краіны таксама галасуюць у падтрымку Расеі? 

Савецкія карані Паўночнай Карэі

Пасля падзелу Карэі ў 1945-ым па 38 паралелі Савецкі Саюз фактычна кантраляваў паўночную частку краіны, а ЗША – паўднёвую. На пачатку Карэйскай вайны ў 1950-ым Рада Бяспекі ААН асудзіла ўварванне паўночнакарэйскіх войск у паўднёвую частку па загадзе Сталіна. Савецкі Саюз не змог падтрымаць Паўночную Карэю ў ААН, бо байкатаваў арганізацыю з-за прызнання Тайваня Кітаем. У 1953-ым годзе, пасля Карэйскай вайны, краіна канчаткова была падзеленая, а КНДР выбудавала самую таталітарную і закрытую палітычную сістэму ва ўсім свеце. 

Улады стварылі міф, згодна з якім ЗША намагаецца знішчыць Паўночную Карэю. Гэтым міфам яны тлумачаць сваё актыўнае ядравае ўзбройванне, а расейска-карэйскае сяброўства жывіцца ўзаемнай нянавісцю да ЗША і NATO. Варта прыгадаць нядаўнюю сустрэчу Пуціна і Кім Чэн Ына ў Расеі, дзе апошні падтрымаў не толькі ваенную агрэсію супраць Украіны, а яшчэ і барацьбу супраць заходняга імперыялізму. Калі большасць сусветных лідараў не спрабуе наладжваць дыпламатычныя адносіны з Паўночнай Карэяй, то Расея – амаль адзіная краіна, якая гэтыя стасункі падтрымлівае. 

Збройная падтрымка сірыйскай “восі зла 

Праз складаную шматузроўневую грамадзянскую вайну Сірыя ўжо больш за 10 год разадраная паміж рэжымам Башара аль-Асада, паўстанцамі, якія маюць падтрыманне Захаду і Турцыі, ды ісламскімі фундаменталістамі. У 2002-ым прэзідэнт і намеснік генсека ЗША апісалі рэжымы Паўночнай Карэі і Сірыі як частку “восі зла“. Гэтак яны назвалі краіны, якія фінансуюць тэрарызм і распрацоўваюць зброю масавага знішчэння. У 2005-ым да спісу краін “цытадэляў тыраніі” далучылі і Беларусь. У грамадзянскай вайне Уладзімір Пуцін у адкрытую падтрымаў рэжым Башара аль-Асада, а Асад у сваю чаргу выказаў салідарнасць з Пуціным у барацьбе з “новымі нацыстамі” ва Украіне.  

Універсальны дапаможнік дыктатара з Нікарагуа

Аўтарытарны рэжым у Нікарагуа некаторымі рысамі нагадвае беларускі. Прэзідэнт Даніэль Артэга знаходзіцца ва ўладзе без перапынку ад 2007-га года, а таксама кіраваў краінай ад 1985-га да 1990-га. У 2018-ым краіну ахапіў палітычны крызіс, а падчас агульнанацыянальных пратэстаў былі забітыя больш за 300 чалавек. З 2021-га ЗША працягвае ўводзіць санкцыі супраць Нікарагуа з-за грубых парушэнняў правоў чалавека. Падчас свайго выступу ў Генеральнай Асамблеі прэзідэнт Артэга адзначыў, што Расея змагаецца з “імперыямі і іх неанацысцкай палітыкай”. Яго выказванні ўпісваюцца ў агульную звычку лацінаамерыканскіх дыктатараў: абвінавачваць Захад і ЗША ў сваім унутраным крызісе. Таму чакана, што прэзідэнт Нікарагуа таксама ўпэўнены ў намерах NATO і ЗША захапіць Расею падчас вайны ва Украіне. 

Эрытрэя: няма фальсіфікацыі выбараў без выбараў 

Пасля атрымання незалежнасці ад Вялікабрытаніі ў 1993-ым годзе прэзідэнт Ісаяс Афеворкі застаецца першым і адзіным прэзідэнтам дзяржавы. У краіне ніколі не было выбараў, а адзінай легальнай партыяй з’яўляецца прэзідэнцкая. Адсутнасць незалежных медыяў садзейнічае ізаляванасці краіны ад знешняга свету. Прэзідэнт Эрытрэі, як і іншыя ў гэтым спісе, выступае з антызаходнімі заявамі. Напрыклад, падчас саміту BRICS у жніўні 2023-га ён заявіў, што ЗША і краіны NATO “штурхаюць свет у прорву” і спрабуюць змяніць ход гісторыі. Дыпламатычныя стасункі Эрытрэі і Расеі пачалі паглыбляцца толькі некалькі гадоў таму. Эрытрэя пачала падтрымліваць Расею ў ААН на знак пратэсту супраць працяглых заходніх санкцыяў, накладзеных на Эрытрэю праз ініцыяванне шматлікіх войнаў. Падчас нешматлікіх сустрэч міністраў замежных спраў прадстаўнік Эрытрэі выказваўся ў падтрымку вайны ва Украіне і заявіў, што лічыць Расею станоўчым гульцом на міжнароднай арэне. Без увагі на адлегласці аўтарытарныя дыктатуры непазбежна прыцягваюцца адна да адной. 

Беларусь: калонія няіснай імперыі 

Нягледзячы на далучэнне да праграмы “Усходняга партнёрства” ад ЕС і спробы легітымізаваць сябе ў вачах заходніх палітыкаў, пасля 2020-га года рэжым у Беларусі цалкам сябе дэскрыдытаваў. Калі раней заходнія краіны падтрымлівалі дыпламатычныя стасункі з рэжымам Лукашэнка, то цяпер стан еўрапейска-беларускіх стасункаў далёкі ад партнёрскіх. Глыбокая інтэграцыя з Расеяй не дазваляе зрабіць ані кроку ўбок і абавязвае галасаваць у падтрыманне Расеі. Дадаткова Беларусь у адрозненні ад Эрытрэі ці Нікарагуа ніколі не была еўрапейскай калоніяй. Аднак беларусы адчувалі на сабе каланіяльны ўплыў Расеі ўжо з пачатку XVIII стагоддзя. 

Праз глыбокі палітычны крызіс Беларусь апынулася ў адным хаўрусе з краінамі, якія маюць найгоршы дыпламатычны імідж ў свеце. Але на тэрыторыі Беларусі няма грамадзянскай вайны, краіна тэрытарыяльна не падзеленая, не мае ўласнай ядравай зброі і да нядаўняга часу мела канстытуцыйны нейтралітэт. Усё гэта робіць Беларусь белай варонай у групе краін, якія маюць каланіяльны досвед альбо вопыт грамадзянскай вайны. Расея ніколі не захоплівала Эрытрэю альбо Нікарагуа, а была выключна міжнароднай і фінансавай падтрымкай на фоне краін Захаду. Таму для такіх рэжымаў Расея – гэта таварыш, які дапамагае. Расея для Беларусі – гэта сябар, які паглынае. Таму пасля амаль татальнага разрыву дыпламатычных стасункаў з краінамі Еўропы Беларусь працягвае трымацца статусу сатэліта Расеі падчас галасавання ў Генеральнай Асамблеі ААН. 

Фота: Getty Images