Анлайн-часопіс “Ідэя” запрашае на панэльную дыскусію “Як Беларусі стаць сусветным цэнтрам па распрацоўцы штучнага інтэлекту”.
Дыскусія адбудзецца ў чацвер, 19 студзеня, а 19:00 у бізнес-клубе Imaguru. Рэгістрацыя на падзею (колькасць месцаў абмежаваная!) – тут.
Цягам апошніх гадоў мы пабачылі адразу некалькі гісторый поспеху ў сферы AI і machine learning. MSQRD – піянер відэа-фільтраў для сацыяльных сетак – быў набыты Facebook. Прылада Prisma, якая выкарыстоўвае нейрасеткі для апрацоўкі фотаздымкаў, стала хітом App Store. Беларускія IT-бізнесоўцы заснавалі адмысловы венчурны фонд Haxus з фокусам на падтрымцы стартапаў, якія працуюць з тэмай штучнага інтэлекту. У снежні 2016 прайшоў першы ў краіне AI Hackathon, на якім 45 каманд прадставілі сваё бачанне будучыні машыннага інтэлекту.
Што (не) рабіць дзяржаве, каб дапамагчы фармаванню кластара ў сферы AI ў Беларусі? Якія перспектывы адкрывае АІ перад інвестарамі ды бізнесоўцамі? Як штучны інтэлект зменіць штодзённае жыццё? І калі гэтага чакаць? Ці можа Беларусь стаць сусветным цэнтрам machine learning?
І нарэшце, куды ісці і што вывучаць распрацоўшчыку, каб стварыць беларускага Тэрмінатара?
Выступоўцы падзеляцца ўласным досведам і адкажуць на пытанні аўдыторыі ў нефармальнай атмасферы.
Юрый Мельнічак, сузаснавальнік і былы CEO maps.me, заснавальнік AIMatter, распрацоўшчык у сферы штучнага інтэлекту/machine learning. Місія AIMatter – зрабіць ў Беларусі даследчы цэнтр па нейрасетках, камп’ютарным зроку і распазнаванню гуку.
Дзмітры Гурскі, партнёр венчурнага фонду Haxus, які інвестуе ў стартапы, звязаныя з даследаваннямі штучнага інтэлекту. CEO Ideanomix Digital, кампаніі-распрацоўшчыка мабільных прыладаў, а таксама сузаснавальнік выдавецтва адукацыйнай літаратуры Ideanomix.
Дзяніс Пірштук, галоўны распрацоўшчык аддзела аналізу дадзеных (Chief Data Scientist) у кампаніі InData Labs – адным з лідараў у сферах maching learning ды BigData ў Беларусі. InData Labs увайшла ў спіс 100 найбольш перспектыўных кампаній у сферы вялікіх дадзеных паводле версіі часопіса CIOReview.
За апошнімі навінамі мерапрыемства сачыце ў адмысловых групах у Facebook і ва “УКантакце”.