“Непал пал”
Антыўрадавыя пратэсты распачаліся ў сталіцы Непала Катманду на пачатку верасня. Фармальнай нагодай стала блакаванне 26 буйных сацыяльных сетак, у тым ліку Instagram і YouTube. Абгрунтоўвалася ўвядзенне забароны тым, што праз сацсеткі нібыта распаўсюджваліся фэйкавыя навіны, а фармальныя прадстаўніцтвы кампаніяў у краіне адсутнічалі. Аднак рэальнай падставай стала немагчымасць кантраляваць крытычныя выказванні аб карупцыі і непатызме ў межах віральнага трэнду #nepobaby.
Забарона супала з цяжкай эканамічнай сітуацыяй у краіне. Блізу 21% непальскай моладзі – гэта беспрацоўныя, пры тым што моладзь складае 42,6% насельніцтва. У цэлым жа 20,3% насельніцтва знаходзяцца за мяжой галечы.
У верасні манархічныя пратэсты змяніліся “пратэстамі зумераў”. Цягам некалькіх дзён урад быў скінуты моладдзю, якая каардынавалася міжсобку праз мэсэнджары. Кіраўніцай пераходнага ўрада Непала была прызначаная Сушыла Каркі – актывістка Народнага руху, палітзняволеная, юрыстка і колішняя кіраўніца Вярхоўнага суда. Але самае цікавае – гэта працэдура, згодна з якой Каркі ўзначаліла ўрад. Яе літаральна абралі непальскія рэвалюцыянеры праз апытанку ў адным з каналаў мэсэнджара Discord.
Лічбавы ўрад паводле ўсходнеазіяцкага ўзору
Раптоўная перамога паставіла рэвалюцыйную моладзь перад неабходнасцю запоўніць вакуум улады. Выйсцем стаў сервер некамерцыйнай моладзевай арганізацыі Hami Nepal на платформе Discord. Платформа дазваляе перасылаць паведамленні, ладзіць стрымы і абмеркаванні са “свабодным мікрафонам”.
Арганізацыя Hami Nepal узнікла ў 2015-ым годзе на хвалі грамадзянскай салідарнасці дзеля ліквідацыі наступстваў землятрусу, падчас якога загінулі каля 6 тыс. чалавек, а ў непальскай сталіцы Катманду былі пашкоджаныя каля 600 тыс. будынкаў. СМІ паведамляюць, што менавіта прадстаўнікі Hami Nepal каардынавалі пратэсты, рассылаючы рэкамендацыі і ўлёткі праз WhatsUp і Instagram.
Галасаванне за кандыдатуру лідара пераходнага ўрада распачалося неўзабаве пасля пачатку пратэстаў. Пры гэтым прапанова абраць часовага лідара сыходзіла ад вайсковага кіраўніцтва краіны. Пратэстоўцы і вайскоўцы кіраваліся нормай Канстытуцыі, якая акрэслівае прызначэнне часовага лідара пры надзвычайным становішчы.
Галасаванне адбывалася з дапамогай некалькіх апытанак у асноўным канале Hami Nepal. Падчас пратэстаў да канала далучыліся блізу 145 тыс. удзельнікаў. Аднак у апытанцы наконт прызначэння часовага кіраўніка ўзялі ўдзел толькі 7713 удзельнікаў. Цікава, што не нашмат больш актыўных беларусаў галасавала на апошніх выбарах у Каардынацыйную Раду. Улічваючы, што насельніцтва Непала ўтрая перавышае колькасць жыхароў Беларусі, скепсіс з нагоды малой групы зацікаўленых апазіцыйнай палітыкай пачынае граць іншымі фарбамі.
Вядома, сярод непальцаў, якія галасавалі, былі інтэрнэт-тролі і замежнікі, таму абсалютнага кансэнсусу наконт легітымнасці асобы Сушылы Каркі ў якасці кіраўніка ўрада няма дагэтуль. Сама яна заявіла, што будзе выконваць функцыі прэм’ер-міністра толькі да сакавіка 2026-га года, калі ў краіне маюць адбыцца “традыцыйныя” выбары.
Якія выклікі чакаюць новы ўрад?
Згодна з адной папулярнай тыпалогіяй, можна вылучыць чатыры віды пераходных урадаў: 1) рэвалюцыйны пераходны ўрад; 2) пераходны ўрад з удзелам папярэдніх элітаў і рэвалюцыйных сілаў; 3) элітны пераходны ўрад; 4) пераходны ўрад пад кіраўніцтвам міжнароднай супольнасці.
Сітуацыя Непала – паміж першым і другім варыянтамі. Хоць папярэдні ўрад і быў скінуты рэвалюцыйным шляхам, а яго прадстаўнікі падвергліся гвалту, вайскоўцы падтрымалі пратэстоўцаў і зацвердзілі перамены. Самі пратэстоўцы не заяўляюць аб змене канстытуцыйнага ладу і плануюць правесці выбары згодна з існай працэдурай.
Таму найбольш імавернымі выпрабаваннямі, якія паўстануць перад непальскімі рэвалюцыйнымі ўладамі, будуць абвінавачванні ў адсутнасці дэмакратычнай легітымнасці. У той жа час новыя кіраўнікі рызыкуюць сутыкнуцца з супрацівам старога чынавенства і палітычных элітаў.
Але, магчыма, Непал зможа пазбегнуць гэтых наступстваў – зноў дзякуючы сацыяльным сеткам. Ужо сёння ў каналах Discord існуюць спецыялізаваныя “камітэты” дзеля выпрацоўкі эканамічнай і сацыяльнай палітыкі. Паколькі легітымнасць новага ўрада часткова базуецца на “лічбавым мандаце”, гэтыя парады, хутчэй за ўсё, будуць хаця б часткова рэалізаваныя.
Пакуль што найбольш выразнымі патрабаваннямі пратэстоўцаў з’яўляюцца падвышэнне падаткаабкладання для прыватных школаў, пашырэнне бясплатнай адукацыі і ўзмацненне антыкарупцыйнай кампаніі. Аднак недавер пачынае падрываць легітымнасць, нададзеную платформай, да якой можа далучыцца хто заўгодна. Некаторыя пратэстоўцы сцвярджаюць, што шматлікія ўліковыя запісы “пратэсту GenZ” раней вяліся на хіндзі і маюць індыйскі след.
Кібергуркхі vs Кіберпартызаны
Зрынуты непальскі рэжым лічыўся электаральнай дэмакратыяй, таму крохкасць яго інстытутаў не дазваляе рабіць прамых параўнанняў з цалкам аўтарытарнай сітуацыяй у Беларусі. Разам з тым сам фармат рэвалюцыі праз мэсэнджары беларусам знаёмы. Наяўнасць мабільнай сувязі, буйныя чаты і каналы, абмен інфармацыяй з месцаў і дэцэнтралізацыя збліжаюць беларускі і непальскі сцэнары. У выпадку перамогі Рэвалюцыі 2020-га года беларусаў маглі чакаць тыя ж выпрабаванні, якія цяпер стаяць перад урадам Сушылы Каркі.
Нечакана, але на першы погляд несур’ёзныя намаганні беларускай апазіцыі ў выгнанні пабудаваць сталыя інстытуты даюць нам пэўную перавагу перад непальцамі. Падчас выбараў у Каардынацыйную Раду ІІ-га склікання быў створаны механізм верыфікацыі патэнцыйных выбарцаў праз лічбавыя платформы. У выпадку рэзкай рэжымнай трансфармацыі і пераходнага перыяду новы ўрад зможа легітымізаваць сябе дзякуючы падобнай тэхналогіі.
У адрозненне ад Непала, у беларусаў будзе магчымасць зверыфікаваць усіх патэнцыйных галасавальнікаў. Да таго ж платформа бяспечная і дазволіць захаваць ананімнасць актывістаў у выпадку рэакцыі. У той жа час без яўнай падтрымкі з боку арміі ці праваахоўных органаў любыя намаганні, нават самыя тэхнічна бездакорныя, рызыкуюць быць задушанымі.
Рэжым таксама мусіць зрабіць высновы для сябе з новай азіяцкай рэвалюцыі. Бо як непальскія падзеі, так і бойкі першых паслявыбарчых дзён жніўня 2020-га года даводзяць, што адключэнне інтэрнэту негатыўна ўплывае на палітычны клімат у краіне.
Фота вокладкі: Niranjan Shrestha/AP