Аналітычныя паперы ўдзельнікаў і ўдзельніц Кейс-клуба ЦНІ
- Як палепшыць вонкавы вобраз Беларусі (pdf)
- Ці атрымаецца з попелу фенікс? Што рабіць з Беларуссю пасля вайны (pdf)
Цягам трох дзён маладыя рэфарматары паўдзельнічалі ў дэбатах і некалькіх майстар-класах, а таксама прэзентавалі падрыхтаваныя ў групах policy papers. Расказваем, як гэта было.
Пасля пятнічнага знаёмства і абмеркавання плана працы ў суботу раніцай пачаліся майстар-класы. Спачатку Леся Руднік расказала пра метады аналізу і фармулявання сваіх ідэй з дапамогай пэўнага спісу пытанняў, а ўдзельнікі і ўдзельніцы папрактыкаваліся ў групах ў прэзентацыі сваіх думак.
Наступным крокам былі дэбаты, да якіх маладзёны рыхтаваліся загадзя. Тры групы дыскутавалі пра тое, што рабіць дэмакратычным сілам ва ўмовах геапалітычнага падзелу беларускага грамадства. Кожная каманда мела зараней акрэсленую пазіцыю: змякчыць рыторыку ў бок Крамля, актыўней падтрымліваць расійскую ліберальную апазіцыю або захаваць празаходнюю скіраванасць.
Пакуль удзельнікі і ўдзельніцы пераключаліся на свае policy papers, над якімі працавалі апошнія тыдні перад мерапрыемствам, іх чакалі майстар-класы па тэме. Так, Леся Руднік прэзентавала сваё даследаванне пра вонкавы вобраз Беларусі, а пазней дэталёва распавяла пра фармуляванне праблематыкі і метадаў яе даследавання, а Рыгор Астапеня даў парады наконт прасоўвання праектаў і пракаментаваў распаўсюджаныя памылкі ў policy papers.
“Шмат хто ў экспертнай супольнасці лічыць, што моладзь дэпалітызуецца, ёй не цікавая палітычная аналітыка ці даследаванні. “Кейс-клуб” паказаў, што ў нас не проста ёсць “кадравы рэзерв” разумных і актыўных беларусаў, але і жаданне сур’ёзна і на высокім узроўні развіваць свае кампетэнцыі, якія могуць стаць апірышчам для новых ініцыятываў і праектаў”, – падзялілася ўражаннямі менеджарка “Кейс-клуба” Леся Руднік.
Пазней адбыліся 10-хвілінныя пітчынгі праектаў і быў выслуханы фідбэк ад экспертаў, а ўвечары каманды дапрацоўвалі свае аналітычныя дакументы.
Нядзельнай раніцай іх чакаў Антон Раднянкоў з майстар-класам па публічных выступах і прэзентацыях праектаў. На прыкладзе ў тым ліку і сучасных беларускіх спікераў і спікерак Антон разабраў, якія аратарскія здольнасці хацелася б назіраць у выступоўцаў у беларускіх медыях.
Другая палова дня была прысвечаная прэзентацыям policy papers, на што ўдзельнікі і ўдзельніцы мелі па 20 хвілін. У трох групаў былі наступныя тэмы аналітычных дакументаў: “Вонкавы вобраз Беларусі”, “Пераадоленне палітычнага крызісу ў Беларусі”, “Наступствы вайны ва Украіне для беларускага грамадства: што рабіць і як выжыць”. Прэзентацыі складаліся з трох асноўных частак: 1) праблематыка, то бок кантэкст вызначай тэмы, 2) метадалогія даследавання, 3) яго вынікі і рэкамендацыі для пэўнага стэйкхолдара. Напрыклад, каманда з тэмай пра наступствы вайны ва Украіне рыхтавала дакумент для Еўракамісіі, а група пра вонкавы вобраз Беларусі – для розных арганізацый грамадзянскай супольнасці.
У выніку журы вызначыла пераможцаў – каманду, якая мела тэму “Вонкавы вобраз Беларусі”, – і падарыла ім бокс з кнігамі, рэкамендаванымі камандай ЦНІ для рэфарматарскай бібліятэкі. Усе ўдзельнікі і ўдзельніцы атрымалі цішоткі.
Удзельніца “Кейс-клуба” Аля Рагоцкая падкрэсліла: “Кожная афлайн-падзея цяпер – каштоўнасць. А тым больш неацэнна папрацаваць і пагутарыць з адукаваным спадарствам. Шмат палітычных тэмаў, якія мы абмяркоўвалі, здавалася б, прыеліся і сталі паўсядзённымі, але атрымалася паглядзець на іх з іншай перспектывы. Больш за ўсё мяне зацікавіла тэма публічных выступаў – на жаль, часта чую ад беларусаў пра праблемы з гэтым ды і сама маю цяжкасці”.