Сёлетняя восень выдалася асабліва багатай на падзеі, што змянялі сітуацыю на межах Беларусі і краін Еўрапейскага саюза.
Усё пачалося з чарговых беларуска-расейскіх вучэнняў у верасні 2025 года. Потым адбываліся розныя перамовы з перспектывай адкрыцця памежных пераходаў з Беларуссю. Пасля актывізаваліся метэазонды, а 27 кастрычніка Литва закрыла свяю мяжу з Беларуссю. І ўсё гэта адбілася на нашых магчымасцях трапляць у Беларусь і выязджаць з яе.

Аднак цяпер, падаецца, мы ўсё ж набліжаемся да варыянту хаця б прамежкавага вырашэння вострай фазы канфлікту на межах з Літвой і Польшчай. Польшча 17 лістапада нарэшце адкрыла памежныя пераходы “Кузніца–Брузгі” і “Баброўнікі–Бераставіца”. У той жа дзень прыйшла інфармацыя аб тым, што Літва разглядае магчымасць адкрыць свае межы з Беларуссю раней за канец лістапада. І сапраўды, было прынята рашэнне адкрыць памежныя пераходы ўжо 20 лістапада.
А што ў гэты час адбывалася абапал пераходаў, то бок непасрэдна на саміх межах Беларусі з краінамі ЕС?
Чым адзначылася гэтая восень
Калі глядзець на восеньскія тыдні агулам, то адразу можна пабачыць, што ў першай палове восені атакі на межы ЕС ішлі трох- ці чатырохтыднёвымі цыкламі. А вось апошнімі тыднямі гэтыя цыклы сціснуліся да двухтактавага фармату: адзін тыдзень – зніжэнне колькасці атак, наступны – рост.
| Латвія | Літва | Польшча | |
|---|---|---|---|
| 01.09-07.09 | 310 | 93 | 553 |
| 08.09-14.09 | 393 | 57 | 687 |
| 15.09-21.09 | 210 | 34 | 697 |
| 22.09-28.09 | 110 | 13 | 545 |
| 29.09-05.10 | 148 | 11 | 602 |
| 06.10-12.10 | 236 | 42 | 706 |
| 13.10-19.10 | 307 | 53 | 431 |
| 20.10-27.10 | 140 | 39 | 237 |
| 27.10-02.11 | 179 | 116 | 230 |
| 03.11-09.11 | 191 | 0 | 120 |
| 10.11-16.11 | 255 | 0 | 111 |
Пры гэтым на розных кірунках заўважныя свае асаблівасці. Найбольш выразную спецыфіку мы маем на беларуска-літоўскай мяжы. Цягам тыдня, які прыпаў на канец кастрычніка і пачатак лістапада (27.10–02.11), тут адбыўся выбух актыўнасці нелегальных мігрантаў – якраз пасля таго, як літоўскі ўрад закрыў свае пераходы. Тады адзначаўся максімум як па колькасці атак на мяжу цягам аднаго дня (63 спробы), так і цягам тыдня (116 спробаў).
Але гэты “выбух” быў непрацяглым. Ужо на наступны дзень на беларуска-літоўскай мяжы ўсталяваўся абсалютны штыль. Нулявая колькасць спробаў нелегальнага перасячэння беларуска-літоўскай мяжы трывае і дагэтуль.
На беларуска-польскай мяжы было крыху інакш. Ніякіх экстрэмальных зменаў тут не назіралася – хутчэй наадварот. Цягам 5 тыдняў запар ідзе паступовае зніжэнне колькасці спробаў нелегальна перайсці мяжу: з 706 (06.10–12.10) да 11 на мінулым тыдні (10.11–16.11).
На латвійскім кірунку сітуацыя таксама застаецца больш-менш стабільнай, але тая стабільнасць іншага кшталту. Там цягам апошніх трох тыдняў назіраецца паступовы рост колькасці атак на мяжу.
Можа ўзнікнуць пытанне: ці не з’яўляецца выпадковасцю такая дынаміка? Каб адказаць, давайце паглядзім на тое, што адбывалася прыкладна ў той жа час у мінулыя гады міграцыйнага крызісу.
Што было ў мінулыя гады
Латвія: цягам апошніх чатырох тыдняў на беларуска-латвійскай мяжы было зафіксавана больш за 760 спробаў нелегальна перакрочыць мяжу. За ўвесь час міграцыйнага крызісу гэта другі колькасны паказнік, больш было толькі ў 2023 годзе – каля 1950. У іншыя гады такіх спробаў было менш у 1,5–2 разы.
| 2021 | 2022 | 2023 | 2024 | 2025 | |
|---|---|---|---|---|---|
| 3 тыдзень кастрычніка | 133 | 73 | 722 | 122 | 140 |
| 4 тыдзень кастрычніка | 118 | 102 | 526 | 116 | 179 |
| 1 тыдзень лістапада | 125 | 73 | 382 | 88 | 191 |
| 2 тыдзень лістапада | 147 | 57 | 319 | 30 | 255 |
Літва: на літоўскім кірунку сёлета мы маем мінімальны паказнік за апошнія пяць гадоў. Максімум быў у 2021 годзе – больш за 2700 спроб, у 2022 – больш за 1000, яшчэ раней – усяго каля 200. У гэтым годзе – крыху больш за 155, прычым у апошнія два тыдні мы маем нулі.
| 2021 | 2022 | 2023 | 2024 | 2025 | |
|---|---|---|---|---|---|
| 3 тыдзень кастрычніка | 666 | 261 | 37 | 81 | 39 |
| 4 тыдзень кастрычніка | 692 | 298 | 95 | 54 | 116 |
| 1 тыдзень лістапада | 573 | 307 | 3 | 35 | 0 |
| 2 тыдзень лістапада | 795 | 163 | 131 | 22 | 0 |
Польшча: з дынамікай на беларуска-польскай мяжы прасцей за ўсё. Тут паступовае зніжэнне колькасці нелегальных спробаў перакрочыць мяжу адбывалася як цягам апошніх чатырох тыдняў, так і цягам апошніх пяці гадоў. Калі ў 2021 годзе такіх спробаў было больш за 12000, то ў 2022 – крыху больш за 2350, у 2023 – каля 2000, у 2024 – крыху больш за 880. Ну, а ў гэтым годзе – ужо меней за 700.
| 2021 | 2022 | 2023 | 2024 | 2025 | |
|---|---|---|---|---|---|
| 3 тыдзень кастрычніка | 3607 | 439 | 519 | 196 | 237 |
| 4 тыдзень кастрычніка | 3715 | 626 | 523 | 291 | 230 |
| 1 тыдзень лістапада | 2845 | 755 | 487 | 184 | 120 |
| 2 тыдзень лістапада | 2159 | 549 | 539 | 215 | 111 |
Якія можна зрабіць высновы
Параўнанне сумарных паказнікаў за апошнія пяць гадоў дэманструе, што цяпер мы маем даволі нізкую, але не мінімальную колькасць спробаў нелегальна патрапіць у Еўропу з Беларусі – крыху больш за 1600 выпадкаў. Летась гэтая лічба была яшчэ меншай – не дацягвала да 1450 спробаў. Да таго ж цяперашнія дадзеныя складаюцца з сапраўды мінімальных за пяцігодку паказнікаў на беларуска-польскай і беларуска-літоўскай межах. Аднак ціск на латвійскую мяжу – адзін з самых высокіх за час крызісу – ломіць агульны трэнд.
Гэта дадатковае пацверджанне вядомага тэзіса – міграцыйныя патокі, якія штурмуюць усходнія межы Еўрапейскага саюза, маюць штучную прыроду. Іх дынаміка мала залежыць ад надвор’я, а кірункі плыняў лёгка змяняюць свой вектар з захаду на поўнач і назад. Калі ўладам Беларусі трэба, то ціск з дапамогай мігрантаў на межы змяншаецца, а калі патрэба знікае – мігранты вяртаюцца на межы з ЕС.
Міграцыйны крызіс пэўным чынам кіруецца з Беларусі. І пакуль не зменіцца палітычная сітуацыя ў Беларусі, рызыка інструменталізацыі міграцыйных плыняў будзе заставацца актуальнай.
Фота вокладкі: Максім Маліноўскі
Генадзь Коршунаў