Прывід папулізму ходзіць па Еўропе
Напрыканцы сакавіка 2025-га года Парыжскі суд прыняў пастанову, згодна з якой адна з кіроўных фігур апазіцыйнай партыі “Нацыянальнае аб’яднанне” Марын Ле Пэн атрымала прысуд у 4 гады абмежавання волі. Рашэнне набыло шырокі рэзананс як у Францыі, так і за яе межамі. Глабальны палітыкум раз’юшыла тое, што ў дадатак да фактычнага хатняга арышту палітычнай дзяячцы было забаронена прымаць удзел у выбарах цягам наступных пяці гадоў без права на абскарджанне.
Літаральна за пару дзён да выраку ў справе Ле Пэн Канстытуцыйны суд Францыі прызнаў, што суд можа імгненна забараняць кандыдатам удзел у выбарах у выпадку прысуду. У рашэнні Канстытуцыйнага суда падкрэслена, што такія захады мусяць “умацаваць у выбарцаў давер да выбарных органаў і абараніць грамадскі спакой”. Падобным чынам Канстытуцыйны суд Румыніі аргументаваў пастанову пра адмену першага тура прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2024-га года. Пазней пракуратура распачала працэс у дачыненні кандыдата Кэліна Джарджэску, праз анамаліі ў выбарчай кампаніі якога вынікі выбараў і былі адмененыя.
Геаграфія адміністрацыйнага і судовага ўмяшання ў выбарчыя працэсы не абмяжоўваецца гэтымі выпадкамі. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўвёў санкцыі супраць былога прэзідэнта і лідара парламенцкай апазіцыі Пятра Парашэнкі. У дачыненні актуальнага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа былі распачатыя 4 крымінальныя справы, якія ён інтэрпрэтуе як спробу палітычнага ціску і абяцае крымінальна расследаваць працу сваіх апанентаў з Дэмакратычнай партыі. Нямецкія парламентарыі абмяркоўваюць забарону партыі “Альтэрнатыва для Нямеччыны” (АдН), якая заняла другое месца на парламенцкіх выбарах, не як прававую дылему, а як палітычную тэхналогію.
Падаецца, легалісцкія механізмы палітычнай барацьбы, якія раней лічыліся прэрагатывай дыктатур, усё больш уваходзяць у арсеналы мэйнстрымных палітыкаў у дэмакратыях. Згаданых палітыкаў ёсць за што крытыкаваць. Марын Ле Пэн неаднаразова абвінавачвалася ў расізме; сярод сяброў АдН хапае маргінальных прыхільнікаў нацызму; Джарджэску выступае з прарасейскіх пазіцый падчас вайны ва Украіне. Аднак ці спроба забароны і крымінальны ціск – гэта сумленная рэакцыя адказных палітыкаў на памкненне знішчыць дэмакратычныя інстытуты дэмакратычным шляхам? Альбо гэта паварот да тыраніі пад шыльдай абароны дэмакратыі? Адказы варта пашукаць у тэорыі.
Забараніць нельга дапусціць
У канстытуцыяналізме падыход да кантролю над палітычнай прасторай, якога прытрымліваюцца еўрапейскія суды, атрымаў назву субстантыўнага і быў рэалізаваны ў канцэпцыі “ўзброенай дэмакратыі”. Гэты канцэпт пастулюе неабходнасць абараняць дэмакратыю прававымі сродкамі, уключна з забаронай партыяў і палітычных рухаў. У тэорыі права існуюць крытэры, згодна з якімі партыя ці рух могуць быць забароненыя: наяўнасць адкрытых антыдэмакратычных пазіцый, распальванне нянавісці і дыскрымінацыі, падтрымка гвалту і замахі на канстытуцыйны лад.
Так, у 1998-ым годзе Вярхоўны суд Нідэрландаў забараніў партыю Centre Party’86 за “расісцкую і ксенафобную рыторыку”. У 2002-ім годзе Канстытуцыйны суд Гішпаніі пастанавіў забараніць на падставе апраўдання гвалту партыю Batasuna, якая была палітычным крылом баскскіх сепаратыстаў, якія бралі ўдзел у тэрарыстычных актах. У 2000-ым годзе ў Балгарыі была забароненая партыя “Илинден“ – ПИРИН, якая дамагалася аддзялення рэгіёнаў, населеных македонцамі. Усяго за час пасля Другой сусветнай вайны ў еўрапейскіх краінах, якія вызначаліся навукоўцамі як дэмакратыі, былі забароненыя 58 партый і рухаў.
Іншы падыход, які пануе ў ЗША, клічуць працэдурным, бо ён сыходзіць з таго, што дэмакратыя – гэта толькі прылада, а не мэта. Так, Шумпэтр вызначаў дэмакратыю як “палітычны метад, пэўны тып інстытуцыйнага інструмента для прыняцця палітычна-заканадаўчых і адміністрацыйных рашэнняў, які не можа быць самамэтай – незалежна ад таго, якія рашэнні ён прынясе ў дадзеных гістарычных умовах”. Адпаведна, любая палітычная сіла мае права заяўляць пра свае амбіцыі на атрыманне ўлады, і толькі вольны рынак ідэяў вызначыць, ці будзе грамадскасць і далей прытрымлівацца дэмакратычных поглядаў, ці не.
Непаразуменне гэтых двух падыходаў пачало выклікаць палітычныя наступствы пасля абрання ў 2024-ым годзе прэзідэнтам ЗША Дональда Трампа. Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы ў 2025-ым годзе прэзентаваў прамову, у якой раскрытыкаваў еўрапейскае разуменне свабоды слова і палітычнай канкурэнцыі, прывёўшы прыклад нямецкага “бандмаўэра” – падыходу, пры якім мэйнстрымныя палітычныя сілы адмаўляюцца ад супрацы з апазіцыйнай АдН.
Наш боль, наш доўг?
Субстантыўны падыход абсалютна дамінуе ў легальным полі Беларусі. Адпаведна Закону “Аб палітычных партыях”, дастаткова быць ідэалагічна нелаяльным да нявызначаных дзяржаўных інтарэсаў, каб трапіць пад забарону. Што не менш істотна, удзел у незарэгістраванай афіцыйна палітычнай партыі караецца крымінальна.
Значна больш цяжка вызначыць, які падыход пануе ў сэрцах беларусаў. Часам адныя і тыя ж людзі могуць ухваляць забарону прарасейскіх партыяў у Еўразвязе і абурацца забаронай апазіцыйных рухаў у Беларусі. Аднак ці сапраўды імкненне забараніць тых, каго мы лічым пагрозай, вядзе да пазітыўных наступстваў у доўгатэрміновай перспектыве?
Забарона і палітычны ціск могуць прыводзіць да стварэння вобраза ахвяры і росту папулярнасці недэмакратычных партыяў, а таксама да іх радыкалізацыі. Падобныя сцэнары мы бачылі ў Расейскай імперыі, дзе праз забарону палітычных рухаў шырокі распаўсюд набыў палітычны тэрор. У той жа час легалізацыя і кааптацыя часам вядуць да змяншэння радыкальнасці. Так адбылося з Камуністычнай партыяй Гішпаніі, якая страціла свой радыкалізм і падтрымку пасля таго, як была легалізаваная ў пост-франкісцкі перыяд; партыя “Тавасуль” у Маўрытаніі стала менш радыкальнай пасля таго, як была легалізаваная ў 2007-ым годзе.
Пры актыўным ужыванні практыкі забаронаў становіцца цяжка вызначыць тую тонкую чырвоную лінію, пасля якой забарона перастае быць аховай дэмакратыі і ператвараецца ў абарону ўлады канкрэтнай партыі. Мы бачылі падобныя прыклады ў Расеі, дзе заканадаўства супраць экстрэмізму першапачаткова прымалася як сродак барацьбы з радыкальнымі нацыяналістамі, але пазней стала ўжывацца як метад ціску на ўсіх палітычных апанентаў.
І ў рэшце рэшт, мы можам дапусціць, што грамадства можа змяніцца, і больш не хацець жыць у дэмакратыі, якая мае свае хібы. Яна кансервуе кепскія практыкі і элітны статус, доўга цягне з прыняццем важных рашэнняў, прыводзіць да кароткага гарызонту планавання і папросту не выконвае сваёй функцыі, калі абраныя асобы не спяшаюцца прытрымлівацца сваіх перадвыбарчых праграмаў.
Што ж рабіць беларусам? Перад намі таксама стаяць рызыкі прыходу да ўлады сілаў, якія не абавязкова прыязныя да нашай прагі здабыць волю. Беларусь знаходзіцца пад моцным уплывам Расеі. Каля траціны насельніцтва так ці інакш падтрымлівае дзейную ўладу, якая сама сябе пазначае як дыктатарскую. Эканамічныя выпрабаванні, якія могуць узнікнуць пасля рэформаў, здольныя прывесці да ўзнікнення левых і правых радыкалаў, не задаволеных пагаршэннем свайго становішча.
Мы можам паспрабаваць пакінуць цяперашні падыход і забараняць усіх, хто не падпадае пад нашае разуменне дэмакратычнасці і волі, што зробіць нас дэмакратычнай дыктатурай. Або мы можам пакінуць вольны рынак ідэй, на якім усе падыходы будуць канкураваць адзін з адным. І калі народная воля зноў выцягне наверх недэмакратычнага лідара, то мо беларусам не так і патрэбная дэмакратыя?
На вокладцы — французская палітычная дзяячка Марын Ле Пэн. Фота: Abdul Saboor / Reuters, Abdul Saboor
 / Reuters