Бюракраты затыкаюць дзіры
У ліпені 2025-га года ў польскі Сойм трапіў законапраект аб дапамозе ўкраінскім уцекачам. Паміж іншага гэты акт прадугледжвае адмяніць абмежаванне па тэрмінах падчас разгляду запытаў на атрыманне міжнароднай абароны. Асноўная прычына такіх зменаў – колькасць ахвотных атрымаць дакументы, хоць польскія ўлады і намагаюцца наймаць як мага больш дадатковага персаналу. У Сілезскім і Лодзінскім ваяводствах, напрыклад, рост колькасці працаўнікоў, якія займаюцца справамі іншаземцаў, склаў 145,4% і 151,8% адпаведна.
Недахоп персаналу не з’яўляецца чымсьці ўнікальным для Польшчы альбо для сістэмы кіравання міграцыяй. Так, у Вялікабрытаніі ў 2024-ым годзе назіраўся моцны адток кадраў з урада (-23,7% працаўнікоў) і казначэйства (-26,2% працаўнікоў) праз нізкія заробкі і незразумелыя кар’ерныя перспектывы. А нямецкія прафсаюзы папярэджваюць пра недахоп 360 тысяч працаўнікоў у публічным сектары.
Прэтэнзіі прафесійных бюракратаў да сістэмы працаўладкавання вынікаюць з нізкіх заробкаў, вельмі складанага падыходу да найму, адсутнасці кар’ерных перспектыў, слабога ўзроўню кіравання кадрамі. Дзеля вырашэння гэтай праблемы ўрады могуць укласці дадатковыя грошы, каб павысіць заробкі чыноўнікам. Аднак падатковая нагрузка ў развітых краінах сёння і так надзвычайна высокая, таму павелічэнне дзяржаўных выдаткаў выглядае немагчымым.
Іншы варыянт – укласціся ў сучасныя тэхналогіі і замяніць дарагіх працаўнікоў адносна таннымі нейрасеткамі.
Сучасныя праблемы патрабуюць сучасных рашэнняў
Сама ідэя замены бюракратаў на робатаў можа паказацца дзіўнай. Чыноўнікі прымаюць рашэнні, якія непасрэдна ўплываюць на жыцці людзей – кошт памылкі ў гэтай сферы вельмі высокі, і давяраць такія пастановы камп’ютару можа падацца неразумным. Тым не менш у частцы традыцыйных для бюракратыі заняткаў – такіх як аналіз, сістэматызацыя і сартаванне дадзеных – штучны інтэлект ужо паказвае лепшыя вынікі за чалавека.
Да таго ж ШІ часам значна больш выгадны. У працы з буйнымі аб’ёмамі тэксту ён таннейшы за чалавека ў 20 разоў, ацэнка юрыдычных дакументаў з яго дапамогай адбываецца на 90% хутчэй і каштуе на 80% менш, а ачыстка дадзеных займае ў 6 разоў менш часу і з’яўляецца ў 6,5 раза больш дакладнай.
Вядома, вялікая частка гэтых параўнальных даследаванняў праводзіліся ў лабараторных умовах. Тым не менш у пэўных сектарах ШІ ўжо актыўна ўжываецца. Напрыклад, вынікі тэндараў на дзяржаўныя закупкі ў Аўстрыі і Партугаліі сёння часткова ацэньваюцца з дапамогай нейрасеткавых мадэляў.
Партугальская мадэль была распрацаваная навукоўцамі Лісабонскага ўніверсітэта для Суда аўдытараў, органа фінансавага кантролю, і паспяхова выяўляе анамаліі ў лічбах. А вось аўстрыйскі ўрад стварыў нават цэлую праграму па імплементацыі штучнага інтэлекту ў свае сістэмы ацэнкі рызыкаў, у тым ліку ў фінансавай сферы.
Зразумела, да поўнай інтэграцыі ШІ ў сістэму дзяржаўнага кіравання і замены працаўнікоў яшчэ няблізка. Па-першае, для эфектыўнай работы нейрасеткі трэба вучыць на падставе вялікіх аб’ёмаў падрыхтаваных дадзеных, а сучаснае бюракратычнае справаводства вельмі дыверсіфікаванае паводле вынікаў і метадаў афармлення інфармацыі.
Па-другое, патрэбныя буйныя інвестыцыі ў інфраструктуру, навучанне і перападрыхтоўку персаналу, распрацоўку нарматыўнай базы і архітэктуры прыняцця рашэнняў з удзелам ШІ. Ну, і галоўнае – любая краіна, якая паспрабуе замяніць бюракратаў нейрасеткамі сутыкнецца з інстытуцыянальным супрацівам саміх чыноўнікаў. Патрэбная неймаверная палітычная воля і грамадскі кансэнсус, каб пераадолець прафесійную бюракратыю.
Кіберчарга ў кібервыканкам
Чыноўнікі ў Беларусі любяць хваліцца дасягненнямі ў лічбавізацыі краіны. Так, указ № 381 ад 2023-га года прадугледжвае перавод 75% адміністрацыйных працэдур у электронны выгляд, стварэнне лічбавых платформаў для грамадзян і арганізацыю “Вітрыны лічбавых праектаў” – рэгістра інавацыйных распрацовак. Беларусь таксама хваліцца высокім узроўнем развіцця тэлекамунікацый, распаўсюдам мабільнага інтэрнэту і высокім узроўнем адукацыі ў галіне IT.
Аднак у параўнанні з суседзямі Беларусь выглядае не так прыгожа. У краіне дагэтуль не існуе адзінай платформы для лічбавай дакументацыі, адпаведніка расейскіх Госуслуг, украінскай Дії ці польскага M-Obywatel. Пры гэтым ААН пазначае беларускі ўзровень лічбавізацыі як высокі, што выглядае файна, калі не звяртаць увагі, што еўрапейскія краіны і іншыя суседзі Беларусі знаходзяцца на ўзроўні “вельмі высокім”.
Апроч таго, Оксфардскі ўніверсітэт складае Government Al Readiness Index, у якім навукоўцы ацэньваюць гатоўнасць краіны да імплементацыі штучнага інтэлекту ва ўласную сістэму дзяржаўнага кіравання. Асноўныя крытэры індэкса – гатоўнасць урада да зменаў, стан тэхнічнага сектара, а таксама наяўнасць адпаведных базаў дадзеных і інфраструктуры для іх апрацоўкі.
Беларусь у гэтым рэйтынгу займае “ганаровае” другое месца з канца сярод краінаў Усходняй Еўропы, трохі апераджаючы Боснію і Герцагавіну. Складальнікі індэкса пазначаюць, што ў Беларусі адносна высокі ўзровень збору і захоўвання звестак, адносна слабы тэхналагічны сектар і вельмі кепскі ўзровень падрыхтоўкі непасрэдна ўрада да пачатку працы з ШІ.
Уладам Беларусі варта пераглядзець свае прыярытэты адносна высокіх тэхналогій, каб паспець за светам, які імкліва развіваецца. Трэба прыняць праграмны закон пра імплементацыю ШІ ў працу дзяржаўных органаў, фарсаваць лічбавізацыю архіваў і нарматыўнай базы мясцовых выканкамаў і арганізацый, каб назбіраць вялікі масіў дадзеных. Неабходна таксама ўкласці грошы ў інфраструктуру і перакваліфікацыю кадраў. У краіне хапае таленавітых інжынераў, чынавенства паслухмянае, а энергетычныя магутнасці папросту прагнуць новых супер дата-цэнтраў.
Не стае толькі палітычнай волі і стратэгічнага бачання. І гэта не дзіўна. Ці варта чакаць высокіх дасягненняў у развіцці нейрасетак, калі кіраўніцтва краіны выказвае няўпэўненасць у будучыні гэтай тэхналогіі?
Фота вокладкі: DALE CROSBY-CLOSE