падтрымаць нас

Артыкулы

Навошта прагматыкам Беларусь?

Навошта прагматыкам Беларусь?

У нядаўнім выпуску праграмы “Часики тикают” Арцём Шрайбман задаў пытанне пра маладое пакаленне беларускіх чыноўнікаў: “Навошта ім патрэбная незалежная краіна? Ці не можа кагосьці з іх іхняя прарынкавасць, іхні тэхнакратызм штурхнуць у бок рынкавай Расеі? Калі для іх прыярытэт, каб эканоміка нармальна працавала, у гэтага ёсць простае рашэнне. Як раней казалі, 31-ая дарожная мапа! Наперад, падпісвай! Калі ты не маньяк улады, як Лукашэнка, калі ты не ўмоўны беларускі патрыёт, то навошта табе абавязкова старанні, працы, нейкія балансаванні, манеўраванні, калі можна пытанне вырашыць проста?”

Вельмі добрае пытанне. Сам Арцём сфармуляваў магчымыя адказы, падкрэсліваючы іх нерэлевантнасць: маўляў, гавораць, што Аляксандр Турчын і Наталля Пяткевіч нарадзіліся на захадзе краіны, ходзяць чуткі, што новы прэм’ер не цураецца беларускасці.

Праблема нават не ў тым, ці праўдзівыя гэтыя чуткі, а ў тым, наколькі згаданыя фактары (калі нават маюць месца) абумоўліваюць гатоўнасць адстойваць незалежнасць краіны ў сітуацыі, калі яе захаванне будзе падпарадкавана волі гэтых людзей.

Складана сказаць, наколькі важкія аргументы на карысць незалежнасці знаходзяцца ў рамках самой эканамічнай прагматыкі, асабліва цяпер, калі беларуская эканоміка прывязана да расейскай ці не гэтак жа шчыльна, як адразу пасля 1991-га года. Зрэшты ў 1991-ым годзе тагачасныя палітычныя і эканамічныя эліты Беларусі не тое, каб касцямі клаліся за захаванне СССР. Версія аб тым, што незалежнасць тады накінуў БНФ, не ўяўляецца адэкватнай. Прагматычны інтарэс у здабыцці незалежнасці быў і ў рэспубліканскай партыйнай наменклатуры, як гэта было ва ўсіх рэспубліках СССР.

Зрэшты можна дапусціць, што і тады, як і цяпер, выбар на карысць незалежнасці грунтаваўся прынамсі не толькі на эканамічнай прагматыцы, але і на нейкай сваёй ідэнтычнасці, асобнай і ад агульнасавецкай, і ад расейскай.

І пытанне Шрайбмана – насамрэч аб прыродзе і моцы гэтай ідэнтычнасці.

Навошта прагматыкам Беларусь?
Арцём Шрайбман у праграме “Часики тикают”

Варыянты беларускай ідэнтычнасці

Усведамленне беларусамі сваёй асобнай ідэнтычнасці, асобнага беларускага лёсу, часта праяўляецца толькі ўскосна і толькі ў масавых паводзінах.

Кансэнсус у дачыненні да няўдзелу беларускай арміі ў вайне Расеі супраць Украіны – яскравы паказнік. Гэта амаль поўная аднадушнасць асабліва ўражвае ў спалучэнні з фактычным расколам у адносінах да самой вайны і ролі ў ёй Расеі. У многіх беларусаў, у тым ліку і аматараў Расеі, прыналежнасць да антываеннага кансэнсусу – сінонім пазіцыі “гэта не нашая вайна, а значыць, мы – не яны, ні ўкраінцы, ні расейцы”.

Змястоўную сацыялагічную рамку для пошукаў адказу на пытанне Шрайбмана дае цыкл даследаванняў ідэнтычнасці, выкананы групай сацыёлагаў на чале з Філіпам Біканавым. У даследаваннях гэтай каманды прыводзіцца сегментацыя апытаных на 5 групаў: “свядомыя” (доля ў выбарцы апытання ў снежні 2024-га – 11%); “тыя, якія фармуюцца” (25%); “абыякавыя” (32%); “савецкія” (24%) і “русіфікаваныя” (7%).

Вартасць гэтага цыклу даследаванняў – ва ўсталяванні таго, што выяўленая беларуская ідэнтычнасць уласцівая не толькі групе “свядомых”, якая характарызуецца традыцыйнымі нацыянальнымі ідэнтыфікатарамі: прыхільнасцю да беларускай мовы і праеўрапейскімі арыентацыямі. Па словах сацыёлагаў, гэтыя традыцыйныя ідэнтыфікатары “звязаныя з нацыянальна-рамантычным праектам беларускай нацыі”. Акрамя групы “свядомых”, своеасаблівая беларуская ідэнтычнасць уласцівая, як ні дзіўна, у найбольшай ступені “савецкім”. Сімвалы гэтай групы – “Песняры”, БелАЗ, самы пацярпелы ад нацызму народ ды іншыя беларускія элементы савецкага наратыву.

У пытаннях унутранай палітыкі “свядомыя” і “савецкія” – антыподы. У пытанні незалежнасці – саюзнікі па змаўчанні.

Варыянт нацыянальнай ідэнтычнасці, які базуецца на агульнаімперскай спадчыне, – феномен вельмі парадаксальны. Аднак менавіта яго падзяляў і на яго абапіраўся Аляксандр Лукашэнка ўсе гады свайго праўлення.

Тое, што незалежнасць цягам гэтых гадоў не была страчаная, можна тлумачыць толькі ягонай асабістай воляй да ўлады. Аднак прыгаданыя даследаванні каманды Біканава паказваюць, што гэтая воля ў пытанні незалежнасці адлюстроўвала настроі і каштоўнасці немалой часткі грамадства, у тым ліку і той, якая была апанентам уладаў.

Навошта прагматыкам Беларусь?

“Маладыя ваўкі” Лукашэнкі – “савецкія” ці “абыякавыя”?

Зрэшты варта згадаць і два іншыя сегменты, вызначаныя сацыёлагамі, гэта значыць “абыякавых” і “русіфікаваных”. Сацыёлагі характарызуюць іх наступным чынам: 1) “абыякавыя” – “для гэтага сегмента найбольш характэрная нацыянальная індыферэнтнасць; “абыякавыя” часцей за іншых лічаць, што нацыянальная культура і мова не важныя ў сучасным свеце і ствараюць лішнія барʼеры паміж людзьмі”; 2) “русіфікаваныя” – “носьбіты расейскай ідэнтычнасці; паводле асаблівасцяў нацыянальнай ідэнтычнасці яны падобныя да “абыякавых”, аднак лічаць сябе расейцамі, а не беларусамі”.

Толькі для “русіфікаваных”, па сутнасці, “Белоруссия – это Россия”. Для іх беларускасць – не каштоўнасць у любым яе выглядзе. З “абыякавымі” сітуацыя менш адназначная: яны ўсведамляюць сябе беларусамі, аднак нацыянальная ідэнтычнасць у іх вельмі слаба выяўленая, прычым любая.

Менавіта таму ў “абыякавых” няма моцнага, каштоўнаснага імкнення да растварэння Беларусі ў Расеі. У духоўным, ідэйным плане РФ для іх – не магніт. Але ў прагматычным, пры пэўных абставінах – чаму б і не? Менш будзе “лішніх барʼераў”.


Всего

Сознательные

Формирующиеся

Равнодушные

Советские

Русифицированные

Пол

Мужской

47%

63%

47%

42%

45%

52%

Женский

53%

37%

53%

58%

55%

48%

Возраст

18-25

12%

3%

20%

12%

9%

6%

26-35

20%

24%

27%

19%

12%

24%

36-45

27%

20%

23%

34%

26%

29%

46-55

21%

22%

17%

20%

26%

20%

56-65

20%

32%

13%

16%

26%

21%

Як вынікае з табліцы, “савецкія” складаюцца не толькі са старых – больш за палову гэтага сегмента складаюць рэспандэнты ва ўзросце 36-55 гадоў.

Складанае пытанне, да якога менавіта сегмента належаць беларускія чыноўнікі і ў прыватнасці іх маладое пакаленне. Падаецца малаверагодным, што яны заканспіраваныя “свядомыя”, што яны насамрэч у глыбіні душы падзяляюць нацыянальна-рамантычны праект беларускай нацыі.

Таму і “тэставаць” іхнюю ідэнтычнасць паводле індыкатараў прыналежнасці да гэтага праекта – марная праца. Яны сапраўды гэты тэст не праходзяць.

Але калі меркаваць на падставе іхніх паводзінаў і прамоваў, у сваёй большасці яны не належаць і да сегмента “русіфікаваных”. Прадстаўнікі гэтага сегмента ва ўладзе ёсць, у прыватнасці ў сілавых структурах. Але не ў вельмі вялікай колькасці і не на самым высокім узроўні.

Таму іхняя лакалізацыя ў прапанаванай сегментацыі – “савецкія” і “абыякавыя”. Калі новая генерацыя беларусаў ва ўладзе – гэта, хутчэй, “савецкія”, то нейкая дастаткова моцная нацыянальная ідэнтычнасць у іх ёсць, няхай і вельмі своеасаблівая, падобная да той, якая ёсць у Аляксандра Лукашэнкі. Калі ж “маладыя ваўкі” – гэта, хутчэй, “абыякавыя”, тады асцярогі, выказаныя Шрайбманам у “Часики тикают”, апраўданыя. Калі над імі ўжо не будзе Лукашэнкі, калі вышэйшай уладай стануць яны, то іхняя матывацыя супрацьстаяць ціску абставінаў і Крамля можа аказацца вельмі слабой. Таму што яна ў іх слабая сёння, цяпер, калі яны на першы погляд усяго толькі пакорлівыя выканаўцы вярхоўнай волі.

Усе беларускія чыноўнікі, у тым ліку і новага пакалення, прамаўляюць дзяжурны набор хваласпеваў у адрас Расеі, усе так ці інакш узаемадзейнічаюць з расейскімі калегамі. Але што з гэтага гаворыцца і робіцца шчыра, а што толькі з прычыны службы, наколькі моцная ў іх нацыянальная ідэнтычнасць, няхай і вельмі экзатычная, – гэта, па сутнасці, не толькі невядома, але нават і незразумела, як гэта можна высветліць.

Калі менавіта гэтыя людзі прыйдуць да ўлады пасля сыходу Лукашэнкі, дык тады і высветліцца.

Як улада мяняе людзей

Зрэшты абставіны мяняюць людзей па-рознаму, часам моцны выклік нечакана спараджае адэкватны яму адказ. Можна ўзгадаць, як расейскамоўны ўкраінец, які іранізаваў наконт сваёй краіны, Уладзімір Зяленскі тлумачыў у 2019-ым годзе, што ўзаемаразумення з Расеяй дасягнуць вельмі проста – трэба проста дамовіцца. Спробы зрабіць гэта змянілі яго кардынальна.

Але можна прыгадаць і тое, як Лукашэнка ў 1993-ім годзе прамым тэкстам заклікаў да аднаўлення СССР. Ці хітраваў ён тады, а на самой справе яшчэ тады быў апанаваны прагай улады? Магчыма, і не. Аднак абставіны і сам па сабе статус кіраўніка незалежнай дзяржавы рабілі Лукашэнку абаронцам незалежнасці сваёй краіны.

Навошта прагматыкам Беларусь?
Прысяга Аляксандра Лукашэнкі, 1994 год. Фота: РИА Новости/Ю. Іваноў.

Беларуская мова як сродак штодзённай камунікацыі з’яўляецца асновай нацыянальнай ідэнтычнасці толькі для нешматлікіх беларусаў. А што? Для многіх, для большасці? У этнічным сэнсе Беларусь вельмі гамагенная, тытульны этнас складае пераважную большасць. Этнічныя меншасці, у тым ліку і расейская, параўнальна малалікія і дастаткова раўнамерна размеркаваныя на тэрыторыі краіны.

Да таго ж, як паказваюць даследаванні, устаноўкі гэтых меншасцяў (у тым ліку і ў далікатных нацыянальна-культурных пытаннях) не надта адрозніваюцца ад установак тытульнага этнасу.

Наяўнасць некалькіх варыянтаў ідэнтычнасці не супярэчыць таксама зафіксаванай у даследаваннях вострай палітычнай палярызацыі. У адносінах да ўнутранага ладу грамадства, у дачыненні да Лукашэнкі, у выбары геапалітычных саюзаў – у гэтых пытаннях нібыта на адной зямлі жывуць дзве краіны. А ў адносінах да незалежнасці – хутчэй, кансэнсус па змаўчанні, які абʼядноўвае зацятых апанентаў. Як, скажам, у пытанні пра ўдзел беларускага войска ў цяперашняй вайне Расеі з Украінай.

Зразумела, усе гэтыя меркаванні – не строгі доказ нейкай палітычнай “тэарэмы Піфагора”. Да таго ж невядома, як гэтае адзінства вытрымае выклік змены ўлады, якая ўжо здаецца вечнай, і спакусу з боку Масквы выкарыстаць гэтае акно магчымасцяў.

Фота вокладкі: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі. На ім удзельнікі шостага Усебеларускага народнага сходу, люты 2021 года.