падтрымаць нас

Артыкулы

Палітычна-рэпрэсіўная адліга: ці варта пра яе думаць і на яе разлічваць?

Палітычна-рэпрэсіўная адліга: ці варта пра яе думаць і на яе разлічваць?

Апошнім часам з падачы Арцёма Шрайбмана ў чарговым выпуску “Жыцця-маліны” ў беларускай медыяпрасторы ўзнікла дыскусія адносна таго, ці варта чакаць “адлігі” пасля так званых выбараў 2025-га года. Генадзь Коршунаў прапануе сваё бачанне будучых перспектываў.

Беларускі палітолаг Арцём Шрайбман мяркуе, што пры жывым Лукашэнку разлічваць на палітычную адлігу не варта. Гэтаму будзе замінаць перш за ўсё незагойная рана 2020-га, якая ў свядомасці прадстаўнікоў рэжыму перакрыжавала ўсе гіпатэтычныя магчымасці і перавагі паўтарэння папярэдніх постэлектаральных лібералізацый.

Шрайбману пярэчыць Мікола Бугай, які ў сваім артыкуле развівае думку пра тое, што Лукашэнка можа пайсці, умоўна кажучы, на “адлігу”, калі адчуе, што яна будзе для яго карысная. Падставай для такіх адчуванняў можа стаць патэнцыйная змена геапалітычнай сітуацыі, калі рэжыму стане выгадна зноў шукаць баланс паміж Усходам і Захадам.

Юры Дракахруст у сваю чаргу звяртае ўвагу на тое, што панятак “адліга” сам па сабе вельмі размыты (Арцём Шрайбман таксама казаў пра “спектральны” змест гэтага слова). У пэўнай сістэме каардынат можна казаць, што нават цяпер мы маем тое, што можна палічыць за адзнакі пэўнай адлігі, напрыклад хвалі памілаванняў ці зніжэнне агульнай колькасці палітвязняў.

Мне падаецца, што прычына ўзніклай дыскусіі палягае ў тым, што ў экспертны ўжытак узялі фактычна метафару, мастацкі вобраз ці мем, калі заўгодна. У такім выпадку розначытанне сэнсаў проста прадвызначанае. З непразрыстай тэрміналогіяй заўсёды так адбываецца: калі прадмет размовы размыты, будзе не канструктыўнае абмеркаванне, а пустыя спрэчкі.

Палітычна-рэпрэсіўная адліга: ці варта пра яе думаць і на яе разлічваць?

Дарэчы, калі казаць менавіта пра хрушчоўскую адлігу, адсылкі да якой відавочныя, там таксама ўсё было вельмі спрэчным. З аднаго боку, развянчанне культу асобы Сталіна, расфармаванне ГУЛАГа і вяртанне нямецкіх ды японскіх ваеннапалонных у свае краіны. А з другога боку, задушэнне паўстанняў у Нямеччыне (1953 г.), Польшчы (1956 г.) і Венгрыі (1956 г.), расстрэлы маніфестантаў у Тбілісі (1956 г.) і Новачаркаску (1962 г.). У дадатак станаўленне партыйнай наменклатуры, фактычная рэабілітацыя сілавікоў пасля “Вялікага тэрору” і амаль абяцанне паціснуць руку апошняму святару ў СССР.

І сапраўды пры Хрушчове “Вялікі тэрор” скончыўся, але сістэма як была, так і заставалася чэкісцкай ды наўсцяж рэпрэсіўнай. І яна была такой фактычна да пачатку дэмантажу сістэмы як такой. Гэта важна.

Што можна сцвердзіць аб перспектывах? Калі адмовіцца ад метафарычна-мемнай “адлігі”, а казаць пра ўзровень рэпрэсіяў у краіне, то цяпер фактычна існуе кансэнсус аб тым, што пасля заканчэння электаральнай кампаніі, хутчэй за ўсё, адбудзецца пэўнае зніжэнне агульнага ўзроўню рэпрэсіўнага ціску. Пра гэта нам кажа папярэдняя гісторыя электаральных цыклаў. Можа паменшыцца колькасць хапуноў і арыштаў паводле палітычных матываў, можа яшчэ больш знізіцца колькасць палітвязняў, можа паступова перастаць расці лічба штомесячных папаўненняў спісаў экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Але прырода сістэмы не зменіцца, бо гэта патрабуе высілкаў, і высілкаў значных. Сістэма будзе такой, якой дзесяцігоддзямі яе выбудоўваў Лукашэнка на падмурках старой, чэкісцкай метадалогіі.

Палітычна-рэпрэсіўная адліга: ці варта пра яе думаць і на яе разлічваць?

Фота: Беларускія навіны

Сістэма заўсёды будзе гатовая для новага рэпрэсіўнага выбуху, для якога юрыдычнае афармленне не патрэбнае. Хаця пра што мы тут?.. Цяпер у Беларусі створаныя законныя падставы для любых рэпрэсіяў.

Тэарэтычна можна пагадзіцца са спадаром Бугаём, што ў сучаснай супераўтарытарнай сістэме Аляксандр Лукашэнка можа адным словам “стапануць” рэпрэсіўны канвеер, калі захоча альбо калі яго змусяць пэўныя абставіны. Але ў дадзеным выпадку трэба мець на ўвазе некалькі момантаў.

Першае – гэта інстытуцыянальны чыннік. Любая сістэма, набраўшы пэўных абаротаў, пачынае працаваць сама па сабе і сама на сябе (калі казаць навукова, становіцца самарэферэнтнай). Калі гэтая сістэма становіцца сацыяльным інстытутам, то бок замацоўваецца ў мадэлях паводзінаў і мыслення, у стэрэатыпах і законах, то спыніць яе функцыянаванне становіцца ўжо не самай трывіяльнай задачай. Калі казаць проста: сілавыя структуры будуць супраціўляцца зніжэнню ці спыненню рэпрэсіяў у краіне.

Другое – гэта пытанне стымулаў, то бок таго, што можа падштурхнуць рэжым да больш-менш паўнавартаснай лібералізацыі. Здаецца відавочным, што ўзровень уздзеяння такіх стымулаў мусіць быць значна вышэйшы за ўсё тое, што раней штурхала Лукашэнку да змяншэння ціску на грамадства. Цяпер мы маем выключную геапалітычную сітуацыю ва Усходняй Еўропе, і Беларусь у яе ўшчэмленая па самы верх. І тут цяжка ўявіць, што трэба прапанаваць уладам Беларусі, каб яны пазбавіліся свайго рэпрэсіўнага пачатку.

Трэцяе – гэта псіхалагічны момант. Я пагаджуся з тэзісам Шрайбмана пра тое, што сёння Лукашэнка сам з’яўляецца адной з галоўных “постацяў, якія не перагортваюць старонку” (дарэчы яшчэ адзін мем-метафара, якога ўсё ж лепей пазбягаць).

Рыгіднасць псіхалогіі любога сталага чалавека, памножаная на незабыты экзістэнцыяльны выклік пратэставай Беларусі 2020-га года, дазваляе ўпэўнена сцвярджаць, што страх перад “вуліцай” будзе пераследаваць рэжым увесь час яго існавання.

Замяніць гэты страх можна толькі яшчэ большым страхам, але ці новы страх будзе здольны адмяніць звыклыя рэпрэсіўныя мадэлі развязання праблем?

Скрыншот з prisoners.spring96.org

Адсюль можна зрабіць толькі адну выснову: рэпрэсіўная сітуацыя ў Беларусі будзе трываць як мінімум да той пары, пакуль будзе захоўвацца сам рэжым Лукашэнкі. Гіпатэтычнае змяншэнне рэпрэсіўнага ціску магчымае ў пэўныя моманты, але можа лёгка змяняцца новымі хвалямі рэпрэсіяў супраць грамадства.

Фота вокладкі артыкула: Raymond Depardon / Magnum Photos / East News