падтрымаць нас

Артыкулы

Салігорск–Вашынгтон: ці стане беларускі паташ часткай “вялікай здзелкі”?

Салігорск–Вашынгтон: ці стане беларускі паташ часткай “вялікай здзелкі”?

Сярод інтэрпрэтацый матываў Вашынгтона ў пацяпленні адносін з Менскам усё часцей згадваецца аналітыкамі “эканамічная” гіпотэза – выкарыстанне беларускага паташу для ціску на Канаду і Літву. Наколькі гэта абгрунтавана і што яшчэ можа быць у эканамічным фокусе Вашынгтона?

Вашынгтон на фоне чарговага абвастрэння адносін Беларусі з Літвой і Польшчай прызначыў Джона Коўла спецпасланнікам ЗША па Беларусі. Упершыню Беларусь успрымаецца як незалежны напрамак амерыканскай палітыкі, што робіць больш рэальнай магчымасць заключэння “вялікай здзелкі”, якую раней узгадваў выключна Менск. 

Аналітычная супольнасць успрымае “вялікую здзелку” як спробу Менска змякчыць амерыканскія санкцыі, а пры магчымасці і еўрапейскія, у абмен на вызваленне палітвязняў. Матывацыя ЗША ўспрымаецца як спроба дээскалаваць рэгіянальную сітуацыю, скараціць залежнасць Менска ад Масквы ці палепшыць камунікацыю з Пуціным. Не выключаецца і эканамічны складнік інтарэсу, які перасякаецца з падыходам Трампа ў іншых рэгіёнах, блізкіх да Расеі і Кітая. У гэтым кантэксце Беларусь можа прапанаваць Амерыцы паташ (калійныя ўгнаенні), на рынку якога яна ключавы гулец.

Стратэгічны паташ для стратэгічнага партнёра

Для любой сельскай гаспадаркі ўгнаенні – крытычны элемент, і ЗША падкрэсліваюць гэта, вызваляючы ўсе іх асноўныя віды ад тарыфаў. Але менавіта паташ атрымаў у ЗША статус крытычнага мінералу, бо ад яго імпарту краіна залежыць амаль на 90%. Штогадовы аб’ём закупак складае 5,4–6,3 млн тон, або $ 2–6 млрд, а асноўным пастаўшчыком традыцыйна выступае Канада (80–90% усяго імпарту), за якой ідзе Расея (5–15%) і Ізраіль (1–5%). У 2015–2022 гадах прыкметны ўклад уносіла Беларусь, забяспечваючы ад 2% да 8% амерыканскага імпарту на суму ў $ 50–300 млн у год.

На фоне тарыфнай вайны з Канадай ЗША могуць разглядаць аднаўленне паставак беларускага паташу як спосаб дыверсіфікацыі забеспячэння і дадатковага ціску на Канаду. Такая ідэя можа падштурхнуць Вашынгтон паўплываць на Вільню, каб літоўскі бок дазволіў транзіт паташу праз Клайпедскі порт, зачынены для “Беларуськалію” з лютага 2022-га года. На першы погляд лагічная, гэтая тэорыя хутчэй адлюстроўвае спадзяванні Менска, чым рэальныя шанцы, бо супярэчыць рэаліям кантэксту і ізаляцыянісцкай палітыцы Трампа.

Салігорск–Вашынгтон: ці стане беларускі паташ часткай “вялікай здзелкі”?
Фота: Прэс-цэнтр ААТ “Беларуськалій”

Па-першае, крытычная важнасць паташу для ЗША дыктуе асцярожнасць з боку ўрада. Нават падчас увядзення пошлін на Канаду паташ вызваляўся ад 35% стаўкі, часткова трапляючы пад 10%. Пазней тарыфная стаўка была цалкам адмененая для імпарту паташу з усіх краін. Улічваючы, што краіна ўсё яшчэ аднаўляецца пасля тарыфнай сваркі з Кітаем, якая пазбавіла амерыканскую сою кітайскага рынку і абваліла цэны, любая новая “сельскагаспадарчая перашкода” непазбежна ўдарыць па супольнасцях і індустрыях, што традыцыйна падтрымліваюць Трампа. 

Па-другое, крытычны статус паташу разам з загадам Трампа аб развіцці прадукцыі мінеральных рэсурсаў сведчыць пра ўзмоцненую ўвагу ўрада да айчыннай індустрыі. Праз прывілеяваны доступ кампаній да дзяржаўных праграм, капіталу і інфраструктуры рэалізуецца ізаляцыянісцкі заклік зрабіць “амерыканскую індустрыю вялікай зноў”. Пры гэтым высокі ўзровень амерыканска-канадскай кааперацыі ў сферы паташу (асноўны пастаўшчык якога – Canpotex, сумеснае канадска-амерыканскае прадпрыемства) уплывае на тое, што стварэнне разрываў у ёй супярэчыць эканамічнай стратэгіі адміністрацыі.

Салігорск–Вашынгтон: ці стане беларускі паташ часткай “вялікай здзелкі”?
Фота: Reuters

Безумоўна, крытычны статус паташу не выключае пошуку новых замежных паставак або пераарыентацыі існых. У гэтым плане Беларусь – падсанкцыйны і неактыўны напрамак імпарту – выглядае неперспектыўна, асабліва на фоне Расеі ці Ізраіля. Ланцужкі гэтых краінаў ужо выкарыстоўваюцца, не патрабуюць дадатковых высілкаў для актывацыі і могуць прапанаваць лепшыя кантрактныя цэны ды гатовую інфраструктуру – у адрозненне ад Беларусі, якая цалкам  залежыць ад расейскіх партоў.

Дзе існуюць калійныя кропкі перасячэння

Пералічаныя фактары не выключаюць, што ЗША ў дыялогу з Менскам могуць выкарыстоўваць тэму паташу для сваёй выгады, не закупляючы яго непасрэдна. Пасля таго, як ЗША ўвялі эмбарга і ўскосныя санкцыі на беларускі паташ у 2022-ім, Індыя – ранейшы ключавы пакупнік – цалкам пераарыентавалася на іншых пастаўшчыкоў. Зняцце ўскосных санкцый або адпаведныя гарантыі маглі б аднавіць цікавасць Індыі да закупак у Беларусі, якія яшчэ ў 2021-ым годзе складалі $ 307 млн. Падобна і з Бразіліяй, якая закупляла беларускі паташ на $ 578–595 млн у 2020–2021 і знізіла аб’ёмы больш чым удвая ў 2023–2024.

Актыўна закупляюць беларускі паташ і краіны Паўднёва-Усходняй Азіі, попыт якіх вырас да 1,2 млн тон у першай палове 2025-га года (+35% да 2024-га). Зняцце ўскосных санкцый дало б ім магчымасць купляць больш. Гэта прынесла б карысць як Беларусі, так і ЗША, якія маглі б пераарыентаваць частку канадскага паташу, цяпер выціснутага беларускім з азіяцкага рынку, на ўласныя патрэбы і нарошчванне запасаў.

Не паташам адзіным

Эканамічная цікавасць Вашынгтона да Менска не мусіць абмяжоўвацца паташам і можа ўключаць шырэйшы гандаль таварамі. Санкцыі моцна ўдарылі па беларуска-амерыканскім гандлі, скараціўшы абарот з $ 505 млн у 2018-ым да $ 30 млн у 2024-ым і цалкам змяніўшы яго структуру. Без уліку паташу і нафтапрадуктаў патэнцыял магчымых гандлёвых паслабленняў па ключавых у ранейшы перыяд таварах (жалеза, сталь, аптычныя прыборы, фота- і медычнае абсталяванне, драўніна) можа дасягаць $ 70 млн экспарту штогод.

Салігорск–Вашынгтон: ці стане беларускі паташ часткай “вялікай здзелкі”?
Фота: x.com/generalkellogg

Немалую ролю магло б адыграць пытанне знешняга фінансавання, дзе Беларусь цяпер абмежаваная ўсходнім рынкам. Да 2020-га года амерыканскія інвестары трымалі значную частку беларускіх еўрабондаў, і нават цяпер блізу $ 714 млн іхных інвестыцый замарожаныя ў бондах Belarus-2027 і Belarus-2030. 

Частковае скасаванне абмежаванняў беларускіх даўгавых абавязацельстваў магло б знізіць напружанне для амерыканскіх інвестараў і стварыць новыя інвестыцыйныя “вокны” для Менска, патэнцыйна адкрываючы шлях да шырэйшых пагадненняў аб эканамічнай супрацы. Хаця падобныя крокі можна было б пачаць і без папярэдняга скасавання.

Фота вокладкі: A. Messerschmidt/Getty Images