падтрымаць нас

Артыкулы

Шэлтары замест вектараў: што новая тэорыя кажа пра беларускую знешнюю палітыку

Шэлтары замест вектараў: што новая тэорыя кажа пра беларускую знешнюю палітыку

Размовы пра знешюю палітыку Беларусі зазвычай трапляюць ў пастку геапалітычнага выбару паміж Захадам і Расіяй. Тэорыя шэлтараў дазваляе паглядзець на выклік інакш — не як на задачу выбару боку, а як на дыверсіфікацыю сувязяў для развіцця аўтаноміі і суверэнітэту. Піша Антон Раднянкоў.

З моманту свайго прыходу да ўлады Аляксандр Лукашэнка зрабіў стаўку на шчыльную супрацу з Расіяй. На ягоны погляд — цалкам рацыянальны і прагматычны выбар, але ў ім хаваецца самая вялікая пагроза для незалежнасці краіны. 

Дэмакратычная супольнасць, наадварот, глядзіць на Еўропу і абірае далучэнне да ЕС. Годны выбар, але ў сённяшніх і нават заўтрашніх умовах выглядае цалкам нерэалістычна. 

Большасць беларускага народу хацела б мець аднолькава добрыя стасункі і з Расіяй, і з Захадам (і іншымі краінамі свету), не ўцягвацца ў знешнія канфлікты, заставацца нейтральнымі. Толькі цяпер мы жывем у палярызаваным свеце, дзе месца для нейтралітэту ўсё менш.   

У выніку: тое, што ёсць цяпер — цалкам не задавальняе нікога; тое, што хацелася б — выглядае нерэалістычным.

Шэлтары замест вектараў: што новая тэорыя кажа пра беларускую знешнюю палітыку
Фота: picture-alliance/dpa

Што рабіць малым краінам

Адносна новая «Тэорыя шэлтару» (Shelter Theory), распрацаваная ісландцам Балдурам Торхалсанам, добра тлумачыць паводзіны невялікіх краін у такіх умовах. Малым краінам для выжывання і развіцця недастаткова быць «інавацыйнымі, гнуткімі ды ўстойлівымі». Усё адно застаецца вялікая ўразлівасць да знешніх ці ўнутраных крызісаў, залежнасць ад падзеяў у глабальнай эканоміцы ці палітыцы.

Для пераадолення такіх шокаў, малыя краіны мусяць мець палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя шэлтары, якія будуць кампенсаваць недахоп рэсурсаў для абароны тэрыторыі ці палітычнай сістэмы, нацыянальнай эканомікі і фінансавага сектару.

Такімі шэлтарамі могуць быць міжнародныя арганізацыі — напрыклад, ЕС ці НАТА для краін Балтыі — ці асобныя краіны, як ЗША для Паўднёвай Карэі. Часта ў краіны можа быць некалькі шэлтараў, каб закрываць розныя патрэбы. 

Без шэлтару — моцнага знешняга партнёра — малыя краіны застаюцца сам-насам з глабальнымі або рэгіянальнымі крызісамі. Сама тэорыя нарадзілася ў Ісландыі, якая ў 2008-ым на фоне сусветнага эканамічнага крызісу перажыла калапс уласнага фінансавага сектару і не знайшлося знешніх гульцоў, гатовых яе ратаваць. Згубіўшы падтрымку Расіі, Арменія атрымала вайсковую паразу ў 2020-ым ад Азербайджану, які, наадварот, абраў Турцыю ў якасці палітычнага шэлтару.

Расійская вайна супраць Украіны з’яўляецца прыкладам рызыкі, звязанай са зменай шэлтара: стары шэлтар страчаны, а новы не быў гатовы да такіх рызыкаў, таму краіна засталася без неабходнай знешняй абароны.

Ці была беларуская шматвектарнасць сапраўднай?

Тэорыя шэлтару дазваляе інакш паглядзець на перыяд з 2014 па 2020. Тады Беларусь дыстанцыянавалася ад дзеянняў Расіі ў Крыму і Данбасе. Гэтыя гады прынята лічыць росквітам беларускай шматвектарнасці. 

Пры блізкім разглядзе гэтая з’ява хутчэй падобна на паспяхова выбудаваную ілюзію, чым глыбінныя змены. Расія заставалася асноўным палітычным, вайсковым і эканамічным партнерам увесь гэты час, а шматвектарнасць хутчэй была памкненнем, чым рэчаіснасцю.

Гэты перыяд паказаў, што нават маючы палітычную волю, замена эканамічнага і вайсковага шэлтара куды больш доўгі і складаны працэс. Маючы добрыя палітычныя стасункі з ЕС, доля экспарту ў Расію прыблізна зменшылася з 45% да 40%, а ў ЕС адпаведна вырасла з 25% да 30%. У сферы бяспекі, хоць Беларусь і адмовілася ад вайсковай базы ў 2017, але і змяншэння вайсковай супрацы не адбылося.

Параўнанне «шэлтараў» Беларусі: да і пасля 2020

Табліца з вонкавымі межамі
Тып шэлтаруПерыяд 2014-2020Пасля 2020
ПалітычныРасія, ЕС, КітайРасія, Кітай
ЭканамічныРасія, ЕСРасія
СацыяльныЕС, РасіяРасія

Перыяд пасля 2020 пахаваў магчымасці Мінска хоць неяк балансаваць у знешняй палітыцы паміж Расіяй і Захадам, пакінуўшы яго ў амаль поўнай залежнасці ад Масквы. І хаця палітычна (і медыйна) улады спрабуюць пазіцыянаваць Кітай, як другога галоўнага партнера, інвестыцыі і крэдытная падтрымка з боку Кітая не дасягнулі ўзроўня да 2020-га.

Новы свет навокал

Тым часам навокал адбываецца трансфармацыя сусветнага парадку. «Калектыўны Захад» цяпер усё менш калектыўны: існуе відавочны падзел паміж ЗША і Еўрапейскім саюзам, усё часцей дэмакратычныя краіны пачынаюць дзейнічаць індывідуальна на падставе сваіх нацыянальных інтарэсаў.

Кітай, які ўсё часцей разглядаецца як альтэрнатыўны цэнтр глабальнай сілы, сутыкаецца з уласнымі эканамічнымі і дэмаграфічнымі выклікамі, шляхі вырашэння якіх пакуль застаюцца няпэўнымі.

Ніхто з вялікіх ці сярэдніх дзяржаваў не хоча дамінавання Кітая ці ЗША. Наадварот, усе асноўныя гульцы ставяць у прыярытэт развіццё ўласнай стратэгічнай аўтаноміі і змяншэнне залежнасцей ад іншых краінаў.

Шэлтары замест вектараў: што новая тэорыя кажа пра беларускую знешнюю палітыку
Фота: Валерый Шарыфулін/ТАСС

Тры высновы для Беларусі

Тэорыя шэлтару не дае адказаў на ўсе пытанні, але паказвае магчымыя спосабы да пашырэння ўласнай аўтаноміі, а таксама лепш падкрэслівае абмежаванні малых дзяржаваў на гэтым шляху.

Першая выснова: малыя краіны для выжывання і развіцця вымушаны шукаць краіну ці арганізацыю-шэлтар. Нейтралітэт, стратэгіі балансавання і хэджыравання могуць праводзіць сярэднія краіны, якія менш уразлівыя да знешніх і ўнутраных шокаў. Асабліва гэта тычыцца сферы бяспекі — найбольш слабага месца ўсіх малых дзяржаваў. Апошні прыклад Фінляндыі паказвае, як пры першай рэальнай магчымасці краіна адмовілася ад нейтралітэту і балансавання, абраўшы вайсковы шэлтар НАТА.

У беларускім выпадку Расія амаль увесь перыяд незалежнасці заставалася нашым асноўным шэлтарам. Але тое, што раней выглядала як «гарантыі», цяпер пераўтвараецца ў амаль поўную залежнасць і стварае экзістэнцыйную пагрозу для беларускай дзяржаўнасці. 

Другая выснова: поўная замена Расіі як асноўнага шэлтара на іншую краіну або арганізацыю выглядае маладасягальнай мэтай. Па-першае, Еўрасаюз і іншыя заходнія гульцы пакуль не гатовыя прапанаваць Беларусі такі ўзровень падтрымкі, які змог бы канкурыраваць з расійскім уплывам. Па-другое, рэзкае пераарыентаванне магло б справакаваць востры палітычны і эканамічны канфлікт з Масквой — без гарантыі, што заходні шэлтар спрацуе.

Прыхільнікі дэмакратычных перамен мусяць прыняць, што замест мрояў пра еўрапейскую будучыню варта думаць пра змяншэнне залежнасці і новую абачлівую палітыку ў дачыненні Расіі.

Але відавочна, што партфоліа краін і арганізацый-шэлтараў трэба павялічваць. У суверэнітэце Беларусі ў першую чаргу зацікаўлены нашы суседзі па рэгіёне: ім традыцыйна патрэбны буфер ад Расіі, ролю якога Беларусь пэўны час выконвала. 

Неабходна пачаць будаваць «пояс суседства» — аднаўляць адкрытыя і прагматычныя стасункі з краінамі-суседзямі па рэгіёне: Польшчай, Літвой, Германіяй, Швецыяй. Гэта павысіць і нацыянальную бяспеку, і будзе адпавядаць іх стратэгічным інтарэсам у дачыненні да рэгіёна. Такую сетку шэлтараў і мікрасаюзаў можна пашыраць і на іншыя постсавецкія краіны, якія таксама пераадольваюць залежнасці ад Расіі.

Трэцяя выснова: без нармалізацыі стасункаў з суседзямі і Еўрапейскім саюзам агулам выправіць сітуацыю са знешняй палітыкай не атрымаецца. І як бы сённяшнія ўлады не асвятлялі поспехі ў стасунках з «дальняй дугою», Кітаям, краінамі Афрыкі — яны мусяць разумець, што залежнасць ад Расіі зараз перайшла з узроўню «карысная» да «небяспечная».  

Аднак, калі палітычна разварот да больш збалансавай знешняй палітыцы магчыма правесці цягам пары гадоў, то змяншэнне эканамічнай ды вайсковай залежнасці можа заняць дзесяцігоддзі.   

Змяншэнне эканамічнай ізаляцыі здольнае прывесці не толькі да вяртання ЕС як другога асноўнага экспартнага накірунку, але і ўзмацніць інтарэс Кітая да Беларусі. Разам з гэтым у краіну вернуцца і міжнародныя фінансавыя інстытуты.

Пашырэнне сацыяльных шэлтараў не менш важна для малых краін. Гэта дае грамадству прыток новых практык, ідэй і інавацый, дазваляе яму развівацца, а не стагнаваць. Сувязі з заходняй навуковай і адукацыйнай супольнасцю ў рэшце дадуць штуршок і эканоміцы. Развітая дыяспара зможа стаць паскаральнікам гэтых працэсаў і паспрыяць развіццю бізнес-кантактаў.   

У рэшце рэшт, новая знешняя палітыка мусіць стаць паступовай стратэгіяй павышэння аўтаноміі, пабудаванай на прагматызме і палітычнай нейтральнасці. Гэта не пра выбар паміж Усходам і Захадам, а пра павелічэнне ўласнай прасторы для дзеяння і манеўру.

Фота вокладкі: Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі