У ноч 3-га студзеня 2026 года, амерыканскія войскі атакавалі сталіцу Венесуэлы Каракас. У выніку аперацыі амерыканскі спецназ захапіў прэзідэнта Нікаласа Мадура. Амерыканскія агенты па кантролі за наркотыкамі – DEA – вывезлі экс-кіраўніка краіны і ягоную жонку ў Нью-Ёрк, дзе пракурор выставіў ім абвінавачванні ў арганізацыі наркатрафіка.
Венесуэла ўжо цягам доўгага часу з’яўляецца пунктам напружанасці для абедзвюх Амерык. Рэжым Мадура праводзіць агрэсіўную знешнюю палітыку, спансуючы радыкальна левыя групоўкі FARC і ELN у Калумбіі. У 2023-ім годзе Мадура пагражаў суседняй Гаяне анексіяй пасля таго, як у памежнай правінцыі Эсэкуіба былі знойдзеныя залежы нафты.
Венесуэльскія ўлады знаходзяцца ў працяглым канфлікце са Злучанымі Штатамі, якія пачалі накладаць на краіну санкцыі за наркатрафік і парушэнні правоў чалавека з 2005-га года. Рэжым Мадура паступова сапсаваў адносіны не толькі з ЗША, але і з суседзямі, нават з ідэалагічна блізкімі левымі рэжымамі, якія асудзілі фальсіфікацыі выбараў 2024-га года.
Праз папулісцкую эканамічную палітыку ВУП Венесуэлы змяншаўся цягам апошніх 25 гадоў, што прывяло да гуманітарнай катастрофы. З 2014-га года краіну пакінулі больш за 8 мільёнаў чалавек. Уцекачы пасяліліся па ўсёй Паўднёвай Амерыцы, стаўшы каталізатарам росту крыміналу і сацыяльнай напружанасці і нават паспрыяўшы памежнаму канфлікту паміж Чылі і Перу.
Апроч выклікаў, натуральныя багацці Венесуэлы ствараюць прастору для магчымасцяў. Венесуэла валодае найбуйнейшымі запасамі нафты, якія складаюць каля 20% ад агульнасусветных. Дасяг да нафты мог бы стаць падмуркам для планаў Дональда Трампа ў зніжэнні сусветных коштаў на паліва.
Хутчэй за ўсё, вайсковае ўварванне не вырашыць усіх названых праблемаў, а можа нават і пагоршыць сітуацыю. Амерыканцы прапаноўвалі гуманітарную інтэрвенцыю ў Венесуэлу для вырашэння крызісу ўцекачоў яшчэ ў 2019-ым годзе. Аднак з вялікай імавернасцю вайсковыя дзеянні і палітычны крызіс толькі падштурхнуць людзей пакінуць краіну.
Венесуэльская нафтавая карпарацыя PDVSA не ў стане самастойна здабываць нафту ў выніку санкцый і тэхнічнай адсталасці. Магутнасці ў перапрацоўцы баксітных пяскоў дэградавалі пасля нацыяналізацыі актываў амерыканскіх і еўрапейскіх карпарацый у 2007-ым годзе. З улікам цяжкіх геалагічных абставін аднаўленне перапрацоўчых магчымасцяў можа зацягнуцца на доўгія гады. Напрыклад, у Іраку аднаўленне здабычы пасля дыктатуры Хусэйна і шэрага вайсковых канфліктаў заняло больш за дзесяць гадоў.
Аднак уварванне сапраўды можа стаць першым крокам у вырашэнні палітычнага крызісу. А ў выпадку Венесуэлы гэта непасрэдна звязана з наркатычным крызісам, бо венесуэльскі ўрад непасрэдна ўключаны ў працэс транспартавання наркатычных рэчываў у ЗША.

Хай заўжды будзе сонца
У лістападзе 2025-га года амерыканскае Міністэрства юстыцыі абвесціла групоўку Cartel de los Soles, ці “Картэль сонцаў”, тэрарыстычнай. Гэтым тэрмінам звычайна называюць групу набліжаных да кіраўніцтва Венесуэлы генералаў, уключаных у карупцыйныя схемы па арганізацыі паставак какаіну і іншых наркатычных рэчываў з Калумбіі ў ЗША.
З 1998-га года, калі ў Венесуэле да ўлады прыйшоў антыамерыканскі сацыяліст Уга Чавес, калумбійская камуністычная групоўка FARC атрымала дазвол здзяйсняць аперацыі па транспартаванні наркотыкаў у ЗША праз тэрыторыю Венесуэлы. У адрозненне ад Калумбіі, у краіне не маглі працаваць агенты DEA. Больш за тое, паступова генералітэт і грамадзянскае чынавенства ўключыліся ў працэсы адміністрацыйнай падтрымкі наркатрафіка.
Падчас кіраўніцтва Чавеса прыбыткі ад нафты заставаліся галоўнай крыніцай папаўнення бюджэту краіны. Аднак калі здабыча нафты скарацілася праз адсутнасць тэхналогій здабыцця і грошай стала не хапаць, даходы ад наркатрафіка пачалі перакрываць заробкі ад нафты.
У выніку праз аслабленне цэнтральнай улады і страты манаполіі на гвалт, клептакратыю, удзел цэнтральных органаў улады ў трафіку і распаўсюдзе крымінальнай актыўнасці за мяжу Венесуэлу пачалі называць мафіёзнай краінай. І гэта стварае цікавыя паралелі з адной усходнееўрапейскай краінай, актыўна ўцягнутай у кантрабандныя схемы і трафік людзей.
Як адрозніць кантрабандную дзяржаву ад мафіёзнай?
Венгерскі палітолаг Балінт Маг’яр вызначыў мафіёзную дзяржаву як форму дзяржаўнасці, пры якой палітычная ўлада выступае галоўным актарам арганізацыі незаконнага заробку. Для мафіёзнай дзяржавы ўласцівая вертыкаль улады, зліццё палітычнага і крымінальнага аўтарытэту, выбарачнае правапрымяненне і дзяржаўная манаполія на карупцыю.
Часткова гэтыя крытэры можна прымяніць да Беларусі. Улады суседніх краін увесь час абвінавачваюць беларускія ўлады ў арганізацыі кантрабанды тытунёвых вырабаў у краіны Еўразвязу, а з нядаўніх часоў і ў Расею. У схемы кантрабанды ўключаныя набліжаныя да кіраўніцтва краіны бізнесоўцы.

З 2021-га года Беларусь выкарыстоўвае мігрантаў з краін Усходу ў якасці зброі для ціску на краіны ЕЗ, якія наўпрост называюць дзеянні Менска “гангстарскімі”. Расследавальнікі лічаць, што на трафіку людзей зарабляюць былыя супрацоўнікі МУС, якія працуюць праз кантраляванае дзяржавай аб’яднанне паляўнічых і рыбаловаў.
Беларусь з’яўляецца пляцоўкай для працы анлайн і афлайн-казіно. У пэўны час нават беларуская амбасада ў Маскве выкарыстоўвалася для падпольнага гэмблінгу. Доўгі час Беларусь зарабляла на продажы савецкай і расейскай зброі падсанкцыйным і дыктатарскім рэжымам. Урэшце ў 2021-ым годзе беларускія ўлады здзейснілі акт “паветранага пірацтва”, прымусова пасадзіўшы самалёт кампаніі RyanAir.
У вялікай колькасці скіраваных на замежжа крымінальных актах удзельнічаюць дзяржаўныя органы ці афіляваныя з дзяржавай арганізацыі. Пры гэтым звычайна пакаранняў пры выкрыцці падобных схемаў не наступае, а дзяржава бароніць злачынцаў.
Віхры бандыцкія веюць над намі
Хоць пэўныя дзеянні даюць падставу лічыць беларускае кіраўніцтва дзейным у мафіёзнай манеры, на сённяшні дзень нельга адназначна фіксаваць “картэлізацыю” Беларусі. Палітычная ўлада не з’яўляецца дысперснай і захоўвае поўны кантроль над тэрыторыяй і манаполіяй на гвалт. Крымінальная статыстыка паказвае досыць нізкі ўзровень гвалтоўных злачынстваў і арганізаванага бандытызму.
Да таго ж Беларусь не з’яўляецца транспартным вузлом для трафіка наркатычных рэчываў у Еўропу, а антынаркатычнае заканадаўства і яго прымяненне застаюцца суровымі.
Існуе рызыка, што сітуацыя зменіцца пры транзіце ўлады, гэтак жа Венесуэла канчаткова пераўтварылася ў мафіёзную дзяржаву пасля перадачы ўлады ад Чавеса да Мадура. Сілавыя органы Беларусі звыкліся працаваць у сітуацыі прававой нявызначанасці і беспакаранасці.
Няма гарантый, што наступны кіраўнік краіны будзе ў стане кантраляваць дзяржаўны апарат у той жа ступені, як і Аляксандр Лукашэнка. Да таго ж супраціў распаўсюду наркатычных рэчываў выглядае як прынцыповая пазіцыя Лукашэнкі, што можа лёгка змяніцца пры наступным кіраўніку. Дэмакратычныя механізмы парламенцкага кантролю і транспарэнтнасці ўлады ў краіне цалкам знішчаныя пасля 2020-га года.
Каб пазбегнуць найгоршага сцэнара пераўтварэння Беларусі ў мафіёзную дзяржаву, трэба прынамсі распачаць працэс аднаўлення верхавенства права і кантролю за сілавымі органамі з боку грамадства. Крымінальныя практыкі немагчыма распаўсюдзіць у замежжа, таму бандытызм і арганізаваная злачыннасць пашырацца ўнутры краіны. Калі пакінуць сітуацыю ў цяперашнім стане, лёс Каракаса для Менска выглядае больш чым імаверным.
