падтрымаць нас

Артыкулы

Замок на калійным транзіце. Як еўрапейскія суседзі Беларусі будуюць новы рэжым стрымлівання

Замок на калійным транзіце. Як еўрапейскія суседзі Беларусі будуюць новы рэжым стрымлівання

Сейм Літвы 10-га сакавіка 2026‑га адзінагалосна адкрыў шлях рэформе Клайпедскага порта, што фактычна падводзіць рысу пад спрэчкай аб аднаўленні транзіту беларускага калію. На гэтым фоне еўрапейскія суседзі Беларусі і Украіна рухаюцца ў тым жа напрамку, абапіраючыся перадусім на ўласныя разлікі ў сферы бяспекі і эканамічную выгаду.

Ціхае галасаванне з вялікімі наступствамі

Новыя папраўкі да закона аб Клайпедскім дзяржаўным марскім порце, унесеныя на разгляд у літоўскі Сейм, які толькі распачаў сваю вясновую сесію, прайшлі амаль без дыскусій і ўвагі прэсы. А між тым менавіта яны, атрымаўшы поўную дэпутацкую падтрымку (84 галасы «за», 0 – «супраць», 7 – устрымаліся), могуць стаць найбольш значнай падзеяй у адносінах Вільні з Мінскам на многія гады наперад.

Папраўкі, прапанаваныя Міністэрствам транспарту і камунікацый Літвы, накіраваныя на тое, каб прывесці кіраванне Клайпедскім портам у адпаведнасць з новай стратэгіяй ЕС у галіне партоў. У сваёй сутнасці рэформа мусіць замяніць існую двухузроўневую сістэму кіравання спрошчанай аднаўзроўневай мадэллю з незалежнымі і вызначанымі ўрадам чальцамі. Акрамя гэтага, рэформа надзеліць літоўскі ўрад правам прыпыняць дзейнасць порта з меркаванняў нацыянальнай бяспекі, а ўжо гэта мае наўпроставае беларускае вымярэнне, звязанае з транзітам беларускага паташу.

Беларуская транзітная Мекка

Клайпеда традыцыйна была галоўнай артэрыяй, праз якую Беларусь экспартавала калійныя ўгнаенні – да 2022‑га яны складалі блізу траціны сукупнага грузаабароту порта. Такая эканамічная звязка аказалася настолькі выгаднай, што ў 2013‑ым фактычна галоўны кліент порта – «Беларуськалій» – набыў 30‑працэнтны пакет акцый яго насыпнога тэрмінала БKT. Менавіта ў гэты вузел і ўбіваецца клін новай рэформы, прапанаванай для разгляду ў Сейме.

Замок на калійным транзіце. Як еўрапейскія суседзі Беларусі будуюць новы рэжым стрымлівання
Juras Taminskas міністар транспарту і камунікацый Літвы. Фота: Міністэрства транспарту і сувязі Літоўскай Рэспублікі

БKT – прыватны тэрмінал, але дзейнічае ў юрысдыкцыі порта і на аснове дагавораў арэнды зямлі з яго дзяржаўным упраўленнем. Новыя папраўкі даюць ураду выразныя паўнамоцтвы прыпыняць або абмяжоўваць перамяшчэнне судоў і апрацоўку грузаў з меркаванняў нацыянальнай бяспекі – без неабходнасці новага рашэння ЕС аб санкцыях. На практыцы гэта азначае, што нават у выпадку адмены санкцый ЕС на беларускі калій літоўскі ўрад зможа цалкам легальна заблакаваць аднаўленне яго транзіту праз Клайпеду.

Не менш важны і структурны ўзровень рэформы. Сёння ў назіральнай радзе ўпраўлення порта прадстаўленыя рэгіянальныя і бізнес‑інтарэсы – менавіта тая кааліцыя, якая ціснула, цісне і будзе ціснуць на літоўскі ўрад за аднаўленне транзіту з эканамічных меркаванняў. Рэформа зліквідуе раду, пазбаўляючы БKT і падобных аператараў галоўнага канала ўплыву на кіраванне портам. Прыняцце рашэнняў цалкам сканцэнтруецца ў структурах, падсправаздачных ураду. Пытанне аб тым, ці вернецца калій у Клайпеду, будзе цалкам залежаць ад пазіцыі выканаўчай улады ў Вільні. І відавочна, што ад цяперашняга сацыял-дэмакратычнага ўрада Літвы не варта чакаць рашэння на карысць Мінска. Пра кансерватараў, якія гістарычна займаюць яшчэ больш жорсткую пазіцыю ў дачыненні да Беларусі,  і казаць не даводзіцца.

У гульні не толькі Літва

Клайпедская рэформа адбываецца ва ўмовах, калі рашэнні ў Варшаве, Рызе і Кіеве маюць усё больш відавочную логіку, абгрунтаваную найперш уласнымі параметрамі эканамічнай і абарончай мэтазгоднасці, а ўжо потым знешнімі фактарамі. Сярод такіх фактараў – і бягучыя амерыкана-беларускія перамовы: суседнія сталіцы імкнуцца мінімізаваць іх уплыў на свае ўнутраныя справы.​​

Найбольш відавочны разварот зрабіў Кіеў. Ад лютага 2022‑га ён хоць і разарваў усялякія эканамічныя сувязі з Мінскам, але палітычна абіраў маўчанне, лішні раз не раздражняючы паўночнага суседа. Гэты разлік знік у 2026‑ым. Зяленскі раскрытыкаваў у Давосе пасіўнасць Еўропы ў адносінах да Беларусі ў 2020-ым годзе, а потым зрабіў немагчымы раней крок насустрач беларускім дэмакратычным сілам: сустрэўся з Ціханоўскай, аднавіў пасаду спецпрадстаўніка па Беларусі і даў першае інтэрв’ю Zerkalo.io. Скончыў ён яшчэ больш сімвалічна, увёўшы шырокі пакет персанальных санкцый супраць Лукашэнкі.​

Галоўным для развароту Кіева стаў добра знаёмы Мінску і ўсё яшчэ прыярытэтны для еўрапейскіх суседак аргумент – ваенны. Зяленскі гаварыў парталу Zerkalo.io пра «Арэшнік», рэтрансляцыйныя станцыі, тысячы беларускіх прадпрыемстваў, якія пастаўляюць Расіі крытычна важнае абсталяванне, а таксама пра планы будаўніцтва дронавых заводаў. Не саромеўся ён трансляваць гэта і міжнародным партнёрам у еўрапейскіх сталіцах.

На гэтым фоне 20-га лютага Польшча афіцыйна выйшла з Атаўскай канвенцыі 1997-га года аб забароне проціпяхотных мін і цяпер распрацоўвае план іх размяшчэння ўздоўж беларускай мяжы. 25-га лютага Літва зацвердзіла новую стратэгію нацыянальнай бяспекі, у якой Беларусь упершыню вызначаная “ключавой пагрозай”.

Мініраваць не гандляваць

Найважнейшы аспект у гэтым руху суседзяў – ён выходзіць за межы матываў бяспекі і ўсё больш падмацоўваецца эканамічнымі аргументамі. На фоне разумення недастатковасці кропкавых санкцый з боку ЕС менавіта яны набываюць усё большую вагу і могуць мець наступствы больш адчувальныя за міны на мяжы.

11-га сакавіка 2026-га Вярхоўная Рада Украіны заклікала Польшчу, Фінляндыю і краіны Балтыі ўвесці поўную забарону гандлю з Беларуссю і Расіяй. На заклік амаль адразу адрэагавала Латвія: рыхтаваны міністэрствамі план поўнага эканамічнага разрыву з Расіяй  атрымаў прапанову пашырэння і на Беларусь. Калі рашэнне будзе прынятае, яно выйдзе за межы існых санкцый ЕС адносна Беларусі, якія міністарка замежных спраў Байба Бражэ на тым жа тыдні публічна заклікала ўзмацніць.

Рэгіянальны ўзор адносін з Беларуссю

У кожным з гэтых рашэнняў праглядаецца тая ж лакальная логіка – урады арыентуюцца на свае ўяўленні пра рызыкі ў сферы бяспекі і дапушчальныя кошты для эканомікі. Казаць пра поўную незалежнасць ад Вашынгтона на сённяшні дзень было б перабольшаннем, аднак характар рэгіянальнай каардынацыі змяніўся.

Амерыка ўвесь 2025 патрабавала ад Еўропы большай самастойнасці ў пытаннях уласнай бяспекі. Беларусь, паводле амерыканскай логікі сфер уплыву (так званай дактрыны «Донро»), – гэта еўрапейская праблема, не амерыканская. Еўропа, не без першаснага запалу з боку Кіева, здаецца, з гэтым пагадзілася і пачала інстытуцыйна браць лакальную сітуацыю пад свой кантроль. Дзеянні ўрадаў Украіны, Польшчы, Латвіі і Літвы кажуць менавіта пра гэта і адначасова ствараюць структурныя перашкоды патэнцыйным спробам Вашынгтона схіліць Еўропу да санкцыйных саступак дзеля лепшых вынікаў у перамовах з Мінскам.

Замок на калійным транзіце. Як еўрапейскія суседзі Беларусі будуюць новы рэжым стрымлівання
Першая білатеральная сустрэча Святланы Ціханоўскай і Уладзіміра Зяленскага. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Ад Варшавы, якая закладвае міны ля мяжы, да Рыгі, якая глядзіць у бок поўнага гандлёвага разрыву, і Кіева, які адкрыта называе Мінск саўдзельнікам агрэсіі, – рашэнні прымаюцца лакальна і замацоўваюцца інстытуцыйна. У гэтым кантэксце ціхае галасаванне ў Вільні, якое канцэнтруе кантроль над беларускім транзітам у руках урада, выглядае самым надзейным замком. Адначасова яно служыць інструкцыяй для іншых сталіц, як пераводзіць палітыку ў дачыненні Беларусі з узроўню дэкларацый у плоскасць інстытуцыйных рашэнняў.

На фота вокладкі Клайпедскі порт у 1928 годзе. Крыніца: portofklaipeda.lt