Санкцыі і неэфектыўная дзяржаўная палітыка б’юць па прадпрыемствах, у рэгіёнах расце беспрацоўе, адбываецца дэпапуляцыя, міграцыя ды нават эміграцыя і без таго невялікіх працоўных кадраў. СМІ і трэці сектар зачышчаныя, а тыя асобныя актывісты, што яшчэ засталіся ў краіне, збольшага заляглі на дно да лепшых часоў і абмежавалі сваю дзейнасць. Як выжыць па-за сталіцай і што рабіць?
Адной з самых вялікіх праблем для актывістаў у беларускіх рэгіёнах зараз з’яўляюцца абмежаваныя магчымасці працы “на зямлі”. Большасць арганізацый была ліквідаваная або знаходзіцца пад пераследам, цэлыя кірункі працы былі спыненыя. Вялікая частка актывістаў з’ехала, а тыя, хто застаўся, – заляглі на дно.
Другая праблема – страта даверу да мясцовых уладаў. Пры гэтым яна ўзаемная – актывісты самі не хочуць узаемадзейнічаць з уладаю, бо гэты працэс і раней быў не надта паспяховым, а пасля 2020-га супраца амаль цалкам спынілася.
Трэцяя праблема – эканамічная дэпрэсія ў рэгіёнах. Сёлета інфляцыя ўжо складае каля 20 %. Дзяржаўны сектар дэградуе, працоўных месцаў у ім становіцца менш. У выніку, хутчэй за ўсё, будзе расці беспрацоўе, асабліва па-за межамі сталіцы і Мінскай вобласці. Пасля 2020-га ў Беларусі была хутчэйшай хваля палітычнай міграцыі, а цяпер дадасца яшчэ і эканамічная. Калі малыя гарады і раней бедавалі, то цяпер будуць гібець. Нават паспяховыя раёны, кшталту Полацкага, Мазырскага ці Салігорскага, наўрад ці застануцца ў лідарах.
Гэта прывядзе і да дэградацыі сацыяльнай сферы. Тая ж інфраструктура ў населеных пунктах і так была не ў найлепшым стане, але праекты ЕБРР, Сусветнага банка і Міжнароднай фінансавай карпарацыі дапамагалі неяк выпраўляць сітуацыю. Але пасля 2020-га ўсе яны былі спыненыя і праблемы растуць бы снежны ком.
Апошняя праблема – цэнтралізацыя рэгіянальнай палітыкі. Усё як вырашалася, так і вырашаецца ў Мінску. Хоць кіраўнік дзяржавы і заяўляў у апошнія гады аб перадачы паўнамоцтваў у рэгіёны, у рэальнасці нічога не змянілася.
Прыярытэт ва ўладаў – захаванне аднолькавага (пераважна беднага) узроўню развіцця рэгіёнаў. Усе праграмы, якія ўлады запускалі (напрыклад, стварэнне СЭЗ у Аршанскім раёне) праваліліся, а паспяховыя рэгіёны служаць донарамі для іншых, што стрымлівае іхнае развіццё і насамрэч не надта дапамагае астатнім.
Навошта гэтыя межы?
Да праблемаў дадаецца і састарэлае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне. Большасць жыхароў краіны – каля 78 % – жыве ў гарадах, з іх 57 % жыве ў 18 гарадах краіны. Гарадское насельніцтва жыве ў асноўным у сталіцы і субрэгіянальных цэнтрах. Пры існым дзяленні, калі Беларусь мае 128 гарадоў і раёнаў з выканкамамі (без уліку абласных), размеркаванне рэсурсаў і ажыццяўленне пераменаў сустракае цяжкасці. У такіх мясцовасцях жыве мала людзей, а 18 гарадоў-лідараў акумулююць каля 65 % усіх інвестыцый, якія робяцца ўладамі ў эканоміцы. Такое дзяленне, якое склалася ў сярэдзіне ХХ стагоддзя, ужо даўно не адпавядае выклікам і сённяшнім праблемам.
У выніку адной з самых наспелых рэформаў з’яўляецца ўвядзенне новага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу краіны. Гэта прадугледжвае не толькі ўзбуйненне ці ліквідацыю розных тэрытарыяльных адзінак, але і дэцэнтралізацыю бюджэту і ўласнасці ў бок рэгіёнаў. Такім чынам можна будзе канцэнтраваць рэсурсы і стымуляваць кропкі росту.
Шэраг даследаванняў па гэтай тэме, якія рабілі як недзяржаўныя, так і дзяржаўныя інстытуты (“БелНІІП горадабудаўніцтва”, Інстытут эканомікі НАН, Фонд імя Льва Сапегі і інш.), прыходзяць да высновы, што Беларусі неабходна ўвядзенне двухузроўневай сістэмы з ліквідацыяй абласцей. На базе новых 18 асноўных субрэгіянальных цэнтраў можна будзе лепей вывучаць, як перасоўваюцца людзі, дзе і як яны зарабляюць, і на аснове гэтага эфектыўней інвеставаць сродкі. Важна, што гэтыя перамены маюць адбывацца паралельна з фіскальнай рэформай, пры якой у рэгіёнаў будзе больш фінансавай самастойнасці ў зборы і размеркаванні даходаў (у тым ліку і з падаткаў) і ў распараджэнні маёмасцю, якую яны маюць.
Сталіца сама не ведае, што і як рабіць з рэгіёнамі
На сённяшні момант у краіне няма адзінага і выразнага бачання таго, што менавіта і як трэба рабіць з рэгіёнамі. Гэта бачна нават па Канцэпцыі рэгіянальнага развіцця, якую сёлета прэзентавала Міністэрства эканомікі. З яе вынікае, што ўцямных падыходаў да рэгіянальнай палітыкі так і не з’явілася. Пэўныя эксперты ў Акадэміі навук ці ў “БелНІІП горадабудаўніцтва” яшчэ ёсць, пра што ў дакуменце сведчаць асобныя свежыя ідэі. Але яны блакуюцца менавіта на палітычным узроўні.
У праграмных дакументах можна сустрэць супрацьлеглыя ідэі і паняткі: з аднаго боку мы будзем стымуляваць дэўрбанізацыю і ў той жа час засяроджвацца на прамысловых і субрэгіянальных цэнтрах. Мы падтрымліваем кропкі росту ў рэгіёнах і адначасова надаем прыярытэт сельскай мясцовасці, глядзім на перспектыўныя галіны і ў той жа момант кіруем больш субсідый у самыя адсталыя рэгіёны. Адзінага падыходу і бачання няма і не чакаецца.
Беларусь – краіна для жыцця… за мяжой
Пры адсутнасці пераменаў беларускія рэгіёны чакаюць эканамічныя і сацыяльныя шокі. Большасць малых і сярэдніх гарадоў ужо цяпер сутыкаецца з дэпапуляцыяй. Іх насельнікі з’язджаюць у сталіцу ці наогул за межы краіны. Акрамя эканамічнага крызісу, назіраецца і кепская сітуацыя з даступнасцю і мабільнасцю працоўных рэсурсаў. Да цэнтраў эканамічнай актыўнасці цяжка дабрацца, а ў малых гарадах нават пры наяўнасці інвестара складана знайсці супрацоўнікаў для нейкага прадпрыемства. У выніку людзі пераязджаюць, а раёны працягваюць губляць свой патэнцыял.
Фота: Аляксандра Мурашка