падтрымаць нас

Палітыка

Бумеранг рэпрэсій. Што страцяць улады, калі будуць біць на Дзень Волі

Бумеранг рэпрэсій. Што страцяць улады, калі будуць біць на Дзень Волі
Аказваючы ціск на пратэстоўцаў, улады могуць зрабіць горш сабе, а іх апаненты ўзмацніць свае пазіцыі.

Пакуль людзей брутальна хапаюць у грамадскім транспарце і дадаюць чарговыя суткі, не выпускаючы з-пад арышту, улады выпускаюць з далягляду відавочную рэч: у той час, калі людзі выжываюць за 200 рублёў у месяц, атрымліваюць зарплату зефірам ці з’язджаюць чорнарабочымі на заробкі ў Расію, незадаволенасць рэжымам застанецца, і рэпрэсіі тут не дапамогуць.

А ў пэўным моманце рэпрэсіі замест таго, каб душыць пратэст, выклікаюць яшчэ большыя выступы.

Ужо сёння, калі цынічна прыгледзецца, для ўладаў куды больш рацыянальна не ўжываць гвалту на Дзень Волі, каб пазбегнуць наступстваў, бо вось што кіраўніцтва краіны атрымае, калі зноў пойдзе на гвалт.

Ізаляцыя на міжнароднай арэне. Пацяпленне ў адносінах з Захадам можа раптоўна змяніцца холадам санкцыйнага перыяду. Усё, што так старанна ў апошні час будавалася спадаром Уладзімірам Макеем і яго ведамствам, можа абрынуцца як картачны дамок.

У выніку беларуская шматвектарнасць зноў парадкам звузіцца. Гэта прывядзе да падзення прэстыжу і аўтарытэту краіны на міжнароднай арэне ды, такім чынам, аслабіць пазіцыі беларускага кіраўніцтва.

Знізіцца таксама прывабнасць краіны для замежнікаў. І так невялікі паток турыстаў яшчэ больш скароціцца. І ніякія візавыя лібералізацыі тут не дапамогуць.

Беларуская ж апазіцыя ад гэтага толькі выйграе. Яна зноў стане адзіным гульцом, з кім Захад будзе весці дыялог, выказваючы ёй не толькі спачуванні, але і аказваючы фінансавую падтрымку.

Абмежаванне замежнай фінансавай дапамогі. Выкарыстоўваючы рэпрэсіі, кіраўніцтва краіны тым самым абмяжуе сабе доступ да заходніх крэдытаў і міжнароднай фінансавай дапамогі, і перадусім да вельмі пажаданага цяпер крэдыту МВФ.

Немалаважным наступствам будзе таксама зніжэнне і так невысокага ўзроўню замежных інвестыцыяў у беларускую эканоміку, а таксама зніжэнне экспарту.

Падзеі на плошчы Цяньаньмэнь у Кітаі ў 1989 годзе, калі пратэсты былі брутальным чынам разагнаныя, служаць таму наглядным прыкладам. Адразу пасля разгону міжнародныя фінансавыя інстытуты абмежавалі фінансаванне Кітая па сваіх праграмах, узровень турызму ўпаў на 20 %, прамыя замежныя інвестыцыі і замежныя пазыкі скараціліся на 22 % і 40 % адпаведна.

150604_Tian_Feature-1250x650

Эскалацыя канфлікту. Прадстаўнікі тэорыі “эфекту бумеранга” (backfire) звяртаюць увагу на тое, што рэпрэсіі могуць несці пагрозу тым, хто іх ініцыюе, часцяком выклікаючы асіметрычны адказ з боку тых, супраць каго яны былі ўжытыя. Гэта вядзе да эскалацыі канфлікту. Наколькі сумным можа быць вынік, варта спытаць у Кадафі альбо Чаўшэску.

Вядома, заўсёды існуе вялікая спакуса хутка вырашыць праблему, выкарыстоўваючы наяўныя сілавыя рэсурсы, асабліва ў сітуацыі, калі гэта ўжо не раз дапамагала.

Аднак, праблема нікуды не сыходзіць, а негатыўная энергія і эмоцыі, выкліканыя рэпрэсіямі, не знікаюць, а толькі назапашваюцца.

І аднойчы яны абавязкова вырвуцца вонкі паводле «закону бумеранга».

Як гэта было ва Украіне, калі, жорстка разагнаўшы пратэст моладзі ў цэнтры Кіева, улады раздзьмулі пажар, ад якога самі ж і згарэлі.

Рост недаверу паміж уладай і грамадствам. Калі два ключавыя элементы дзяржаўнага арганізма знаходзяцца ў канфлікце паміж сабой, гэта не можа не адбіцца на яго эфектыўнасці. Асабліва гэта небяспечна падчас крызісу, калі трэба аб’ядноўвацца і сумесна працаваць для яго пераадольвання.

Рэпрэсіі ж пагаршаюць і без таго нялёгкую сітуацыю ў краіне ды непазбежна б’юць бумерангам па ўладах, прымушаючы дзяржаўны механізм усё часцей даваць збоі. Гэта вядзе да ўзмацнення крызісу і яшчэ больш хісткай пазіцыі кіраўніцтва краіны.

Для апазіцыі дадзеная сітуацыя стварае новыя магчымасці, якімі трэба разумна скарыстацца. Гэта добры час для папаўнення сваіх шэрагаў новымі людзьмі і заваявання даверу ў насельніцтва. Людзі шукаюць, каму яны маглі б паверыць, хто зразумее іх праблемы і дапаможа іх вырашыць. Цяпер такім суб’ектам можа выступіць апазіцыя.

Страта дыялогу з грамадзянскай супольнасцю. Вынікам рэпрэсіяў можа стаць страта таго кволага дыялогу паміж уладай і грамадзянскай супольнасцю, які назіраецца апошнім часам. Гэта прывядзе да скарачэння экспертнай дапамогі, што адгукнецца больш нізкай якасцю рэформаў, запавольваннем або адмовай ад іх. Праз гэта сітуацыя ў краіне будзе толькі пагаршацца.

Ды і што казаць: калі б улады часцеў прыслухоўваліся да меркаванняў незалежных экспертаў, дэкрэта № 3 увогуле б не было.

Будучая адказнасць за здзейсненыя злачынствы. Безумоўна, рэпрэсіі з’яўляюцца незаконнымі і той, хто мае дачыненне да іх, выдатна гэта разумее. Відавочна, што за здзяйсненне злачынстваў рана ці позна давядзецца адказваць.

Калі і далей беларускія ўлады будуць ісці шляхам рэпрэсіяў, у тым 25-га сакавіка, яны будуць аслабляць сябе і адкрываць новыя магчымасці для апанентаў. У кароткатэрміновай перспектыве яны атрымліваюць палёгку і бачнасць поспеху, у доўгатэрміновай перспектыве, аднак, іх чакае немінучае фіяска.

Бо адна справа праводзіць рэпрэсіі, калі тваёй палітыкай задаволеная большасць людзей, а зусім іншая біць пратэстоўцаў, калі большасць падзяляе іх меркаванні. І калі раней рэпрэсіі былі дэманстрацыяй сілы рэжыму, то цяпер яны толькі паказваюць банкруцтва ўладаў і кажуць, што кіраўніцтва ўжо нічога не можа прапанаваць людзям.