падтрымаць нас

Палітыка

Дрэнная кампанія: Беларусь і яшчэ 13 краінаў з нязменнымі ўладамі

Дрэнная кампанія: Беларусь і яшчэ 13 краінаў з нязменнымі ўладамі
Беднасць, карупцыя і непрадказальныя законы. Ці вылучаецца Беларусь на фоне дзяржаваў, дзе не мяняюцца кіраўнікі?

Калі ствараць сярэдні партрэт прэзідэнта, які мае 20 гадоў стажу, Аляксандр Лукашэнка будзе відавочным выключэннем. Ён не афрыканец, як ягоныя дзевяць калегаў па перманентнаму кіраванню і не азіят, як астатнія чатыры. Адзіным канкурэнтам у Еўропе мог бы быць Олафур Рагнар Грымсан, прэзідэнт Ісландыі, які ўзначальвае востраў з чэрвеня 1996 году. Аднак, ён хутчэй частка цырымоніі, чым лідар дзяржавы.

Даўжэй за ўсіх у свеце ўладарыць тайскі кароль Пхуміпхон Адун’ядэт – з 1946 году. Але артыкул не пра манархіі, бо ў іх свая атмасфера.

Краіны з нязменнымі лідарамі любяць групавацца. Выключэнне – Беларусь і Гамбія, якія трымаюцца асабняком. У 13 з 14 гэтых дзяржаваў уладу маюць прэзідэнты, і толькі ў Ісламскай Рэспубліцы Іран – Вышэйшы кіраўнік (рахбар), ён жа галоўны рэлігійны аўтарытэт.

Але незалежна ад сваіх тытулаў палітычныя доўгажыхары любяць дзіўныя ініцыятывы. Некаторыя з іх значна больш непрадказальныя, чым валютны збор 30% або ўвядзенне падатку для дармаедаў.

Так, гамбійскі прэзідэнт Ях’я Джамэ, які, дарэчы, прыйшоў да ўлады ва ўзросце 29 гадоў, меў намер знішчыць усіх геяў краіны, якіх ён лічыць галоўнаю крыніцаю праблемаў. Джамэ таксама ведае, як справіцца з сусветнымі клопатамі. Напрыклад, каб вылечыцца ад СНІДу трэба ўжываць ягоныя лекі з сумесі траваў.

Jamme_Obamas_2014Ях’я Джамэ (афіцыйнае фота Белага дому)

А ў Казахстане Нарсултан Назарбаеў атрымаў абсалютную недатыкальнасць, афіцыйна стаўшы елбасы, «кіраўніком нацыі». Закон аб сваім новым статусе казахскі прэзідэнт не падпісваў, аднак, і вета на яго не наклаў. Таму цяпер у гонар Назарбаева здымаюць фільмы (напрыклад, «Шлях Лідара») і нават пабудавалі музей.

Кіраўніка ж іншай сярэднеазіяцкай дзяржавы, таджыкскага прэзідэнта Эмамалі Рахмона так хвалюе дабрабыт суайчыннікаў, што ён нават забараніў святкаваць апошні званок і праводзіць пышныя вяселлі, каб пазбавіць сем’і Таджыкістану ад залішніх выдаткаў.

Турботы таджыкскага прэзідэнта зразумелыя, улічваючы, што ў ягонай краіне ВНП на душу насельніцтва ў 2013 годзе не перавысіў і $ 1000. Паводле звестак Сусветнага банку для дасягнення гэтай псіхалагічна важнай мяжы тады не хапіла ўсяго $ 10.

Але самаю беднаю з 14 дзяржаваў з палітычнымі доўгажыхарамі за стырном з’яўляецца Эрытрэя: у 2013 годзе яе ВНП на жыхара склаў $ 490. Самая ж багатая – Экватарыяльная Гвінея з паказнікам $ 14.320. Праўда, дабрабыт краіны амаль цалкам грунтуецца на экспарце нафты, даходы ад якога размяркоўваюцца вельмі нераўнамерна.

(Паказнік прадстаўлены ў $ згодна з афіцыйнымі абменнымі курсами. Метад Atlas ўжываецца, каб улічваць розніцу ў цэнах і абменных курсах паміж краінамі)

Казахстан і Беларусь таксама маюць добрыя эканамічныя паказнікі ў вузкім клубе самых палітычна стабільных краінаў: у 2013 годзе казахстанскі ВНП на душу насельніцтва дасягнуў $ 11.550, а беларускі – $ 6.730 (адпаведна другая і трэцяя пазіцыі пасля Экватарыяльнай Гвінеі).

Аднак доўгае праўленне наўрад ці ідзе на карысць эканоміцы. Сярэдні ВНП на душу насельніцтва ў 14 краінах – $ 3.673 (на 2013 год). Збольшага такія сціплыя эканамічныя паказнікі тлумачацца высокім узроўнем карупцыі, які характарызуе ўсе краіны з нязменнымі кіраўнікамі. Тым не менш, сярод такіх дзяржаваў менавіта Беларусь паводле рэйтынгу Transparency International з’яўляецца найменш карумпаванай, маючы 119-ы радок.

Карупцыя паказвае на непразрыстасць палітычнай сістэмы. Нядзіўна, што ні адна з 14 краінаў, лідары якіх не сыходзяць больш за 20 гадоў, не была прызнаная ў 2014 хаця б часткова свабоднаю (partly free), згодна з даследаваннямі Freedom House.

Але трэба адзначыць, што 52 % беларусаў могуць шукаць у інтэрнэце альтэрнатыўную інфармацыю (у Казахстане – 59 %), тады як, напрыклад, у Эрытрэі доступ да глабальнай сеткі не мае і 1 % насельніцтва (Internet Live Stats, 2014 год).

Відавочна, Беларусь адрозніваецца ад іншых 13 дзяржаваў, дзе ўлада не змянялася цэлае пакаленне. На іх фоне яна выглядае больш заможнаю, прадказальнаю і дэмакратычнаю. Але ўсё адносна – у параўнанні са шматлікімі посткамуністычнымі еўрапейскімі краінамі Беларусь дэманструе вынікі, якія расчароўваюць. Напрыклад, польскі ВНП на душу насельніцтва ў 2013 годзе склаў $ 13.240. Гэта ў два разы больш, чым у Беларусі.