падтрымаць нас

Артыкулы

Барометр беларускіх гарадоў – рэйтынг на падставе меркаванняў іх жыхароў

Барометр беларускіх гарадоў – рэйтынг на падставе меркаванняў іх жыхароў

Аналіз тэндэнцый развіцця рэгіёнаў Беларусі – адзін з магістральных напрамкаў даследчыцкай дзейнасці Цэнтра новых ідэй. Так, у прыватнасці, ЦНІ шмат год робіць Рэйтынг беларускіх гарадоў, які ёсць комплексным індэксам, што на базе статыстычных звестак адлюстроўвае аб’ектыўны стан населеных пунктаў Беларусі.

Гэтым годам у якасці своеасаблівага дадатка да Рэйтынга каманда ЦНІ упершыню распрацавала і рэалізавала праект па складанню Барометра беларускіх гарадоў. Калі Рэйтынг абапіраецца на аб’ектныўныя статыстычныя звесткі, то базай для сварэння Барометра сталі звесткі сацыялагічнага даследавання (гл. ніжэй).

Што паказвае Барометр?

Барометр беларускіх гарадоў паказвае, як мы самі ўспрымаем тыя гарады і мястэчкі, у якіх жывём: ці падабаюцца нам умовы жыцця, ці ганарымся мы сваім месцам жыхарства, ці бачым перспектывы, каб заставацца там і г.д. Падаецца, што ва ўмовах утойвання ўладамі значнай часткі статыстычнай інфармацыі звесткі Барометра будуць мець дадатковую вартасць. Асабліва ўлічваючы, што тое, што як мы ўспрымаем і ацэньваем рэчаіснасць, часцяком мае большую матывацыйную моц, чым аб’ектыўныя лічбы.

ТОП-3 беларускіх гарадоў

Па сукупнасці ацэнак па ўсіх паказніках Барометра ТОП-3 беларускіх гарадоў склаўся наступным чынам:

1 месца – Брэст,

2 месца – Гродна,

3 месца – Мінск.

Што стала галоўнымі перавагамі Брэста? Па-першае, яго жыхары і жыхаркі задаволеныя ўмовамі для баўлення вольнага часу: якасцю працы музеяў і выстаў, кафэ і бараў, спартовых клубаў і пляцовак. Па-другое, яны ўпэўненыя ў тым, што ў горада ёсць перспектывы развіцця.

Моцнымі бакамі Гродна (што было чакана) апынуўся патрыятызм яго жыхароў: іх любоў да свайго гораду, замілаванне ім і нежаданне з яго з’яжджаць кудысьці.

Пры агулам даволі высокіх ацэнках, Мінск “праваліў” такія паказнікі, як задаволенасць працай школ і дзіцячых садкоў (таксама і дзіцячых пляцовак у дварах) і “гонар за свой горад”.

А як іншыя гарады?

Каб дадаць глыбіні вынікам, мы спалучылі паказнікі двух суб’індэксаў Барометра на адным графіку. Атрымалася двухмерная сістэма каардынат, дзе кропкай перасячэння восяў сістэмы каардынат сталі сярэднія значэнні па гарадах па кожнаму з індэксаў.

Такім чынам мы вылучілі чатыры групы гарадоў:

  • Гарады для жыцця – у іх і ўмовы ацэньваюцца вышэй, чым у сярэднім па краіне, і агульныя ацэнкі гарадоў таксама параўнальна высокія. Да такіх гарадоў адносяцца Брэст, Гродна, Ліда, Мінск, Баранавічы, Гомель, Пінск, Мазыр, таксама гарады сярэдніх памераў Гомельшчыны (Жлобін, Калінкавічы, Рагачоў, Рэчыца, Светлагорск) і Брэстчыны (Бяроза, Івацэвічы, Кобрын, Лунінец);
  • Гарады энтузіястаў – гэта тыя населеныя пункты, дзе ўмовы для жыцця ацэньваюцца ніжэй за сярэднія па краіне, але жыхары ўсё ж любяць іх. Гэта Віцебск, мястэчкі Міншчыны, гарады сярэдніх памераў Міншчыны (Вілейка, Дзяржынск, Жодзіна, Мар’іна Горка, Слуцк, Смалявічы) і Гродзеншчыны (Ваўкавыск, Навагрудак, Слонім, Смаргонь);
  • Гарады-расчараванні – у іх ўмовы для жыцця нібы і ёсць (ацэньваюцца вышэй, чым у сярэднім па гарадах Беларусі), але чамусьці горад не прываблівае сваіх жыхароў. У гэтую групу трапілі Бабруйск, Салігорск і сярэдняга памеру гарады Магілёўшчыны тыпу Горак, Асіповічаў і Крычава;
  • Месцы роспачы – у населеных пунктах гэтай групы ўмовы для жыцця хутчэй незадавальняючыя, ды і самі гарады ўспрымаюцца жыхарамі не вельмі добра. Гэта такія гарады як Магілёў, Орша, Барысаў, Маладзечна, гарады сярэдняга памеру Віцебшчыны (Наваполацк, Полацк), а таксама мястэчкі (гарады невялікага памеру) Магілёўшчыны, Гомельшчыны, Віцебшчыны, Гарадзеншчыны і Брэстчыны.

Высновы

  • Тое, як мы ставімся да свайго гораду ці мястэчка сапраўды часцяком мае значна большае значэнне за тое, што ў ім яб’ектыўна ёсць (ці чаго няма).
  • Суб’ектыўны складнік у стаўленні да населенага пункту можа гуляць у два бакі. Так фактар «лакальнага патрыятызму» можа уздымаць некаторыя гарады і мястэчкі ў агульным рэйтынгу (як у выпадку «гарады энтузіястаў»), а расчараванне ў перспектывах – скідваць долу («гарады-расчараванні»).
  • Дзейнічае «фактар вайны», які занізіў планку патрабаванняў да ўмоў жыцця. Праз гэта задаволенасць гарадской інфраструктурай, якая ёсць і як-неяк працуе, а не зруйнаваная расейскімі вайскоўцамі, ва ўмоўных Горках ці Круглым вышэй, чым у тым жа Мінску ці Гродна з Брэстам

Крыху пра методыку і разлікі

Барометр беларускіх гарадоў ствараўся паводле даных сацыялагічнага апытання, што ладзілася Цэнтрам новых ідэй і “Народным апытаннем”. Даследаванне праводзілася метадам анлайн-апытання з 20 па 23 траўня 2023 года. Агулам у апытанні ўзялі ўдзел 1966 чалавек. Асаблівасцю выбаркі, як і ва ўсіх даследаваннях “Народнага апытання”, з’яўляецца перакос у бок прапратэснай, прадэмакратычнай часткі беларускага грамадства.

Са структурнага пункту гледзішча Барометр складаецца з двух суб’індэсаў – умоў жыцця і успрымання гораду. 

Субіндэкс умоў жыцця збіраўся па адказах рэспандэнтаў(-так) на пытанні шасці блокаў: а) жытло і праца; б) лагістыка; в) ахова здароўя; г) умовы для дзяцей (у тым ліку адукацыя); д) сацыяльная сфера; е) культура, адпачынак, спорт. Субіндэкс успрымання гораду складаўся з адказаў на наступныя пытанні: а) Як Вы ставіцеся да свайго гораду? Ці падабаецца Вам у ім жыць? б) Ці можна сказаць, што Вы ганарыцеся сваім горадам? в) Як Вы ацэньваеце перспектывы свайго гораду? г) Ці хацелі б Вы змяніць сваё месца жыхарства ў межах Беларусі?

Адказы на ўсе пытанні мелі пяціскладнікавую стурктуру і разлічваліся па адной методыцы:

Індэкс = ( А [пазітыўны адказ] + Б [хутчэй пазітыўны] × 0,5 – В [хутчэй негатыўны] × 0,5 – Г [негатыўны адказ] ) ÷ 100

(Д – нейтральны, нулявы адказ)

Значэнне індэксу змяняецца ад “+1” (максімальна станоўчае стаўленне) да “−1” (максімальнаадмоўнае стаўленне). Усе індэксы маюць аднолькавую вагу і збіраюцца ў некалькі блокаў. Паказнікі па блоках разлічваюцца як сярэдняе для індэксаў, што ўваходзяць у блок.

Фота: Аляксандра Мурашка