Калі мераць багацце чыстымі актывамі на сям’ю, то выходзіць, што самыя багатыя людзі Еўрасаюза – жыхары Бельгіі. Здавалася б: што нас можа аб’ядноўваць з гэтай краінай? Аднак паміж Беларуссю і Бельгіяй існуе нямала падабенстваў, якія мы бачым зусім па-рознаму.
“Чаго б нам выпіць?” – як Бельгія зрабіла алкаголь нацыянальным брэндам
Гэтак гучаць словы папулярнай песні на нідэрландскай мове, якая вельмі добра адлюстроўвае асаблівасці бельгійскага народа. П’юць і любяць піць у Бельгіі многія, аддаючы перавагу, безумоўна, нацыянальнаму напою.
Ва ўніверсітэцкім мястэчку Лёвен, дзе я вучуся, бары поўняцца моладдзю ад панядзелка да чацвярга (на выходныя бельгійцы заўсёды едуць дадому), а пад канец тыдня месца саступаецца старэйшым людзям.
Бельгія мае столькі гатункаў піва, што нават калі кожны дзень прабаваць іншае, да канца жыцця немагчыма будзе адкрыць смак усіх відаў. Узяць, для прыкладу, трапісцкае піва. Яго робяць толькі ў 11 кляштарах на ўсім свеце, 6 з якіх знаходзяцца ў Бельгіі. Гэта спецыяльны від піва, якое робяць манахі, а грошы з яго продажу прызначаюцца на ўтрыманне кляштара і на дабрачыннасць.
Бельгія мае нават свайго заступніка піваварства – святога Арнольда, які ў Сярэднявеччы пры дапамозе піва выратаваў сваіх прыхаджанаў ад чумы. Эпідэмія распаўсюджвалася праз ваду, таму святы Арнольд заахвочваў замест вады піць піва.
Сёння новыя бровары часта асвячае біскуп.
Калі я пытаюся ў бельгійцаў, з чым у іх асацыюецца Беларусь, то часцей за ўсё адказ гучыць з “Расіяй і гарэлкай”. Гарэлка ўжо даўно з’яўляецца часткай нашай культуры, аднак зрабіць з гэтага цікавы міжнародны брэнд, ахінуты мясцовымі легендамі, пакуль што не ўдалося. Хоць прыклад Бельгіі паказвае, што дрэнныя звычкі могуць прынесці добрую рэпутацыю.
Апроч эканамічных выгадаў, як € 2 млрд падатковых паступленняў штогод, якія прыносіць броварная прамысловасць, піва з’яўляецца візітоўкай Бельгіі. Імаверна, што культура бельгійскага піва неўзабаве будзе ўключана ў спіс Нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА.
“Жыў пад прыгнётам ды пад прымусам…” – чаму не страшна знаходзіцца на скрыжаванні палітычных інтарэсаў
Са школьнай лавы беларусаў вучаць, што геаграфічнае становішча ў нас неспрыяльнае – паміж Захадам і Усходам, якія адвечна канкуруюць. У гэтай справе бельгійцы нас добра разумеюць. Цягам стагоддзяў Бельгія знаходзілася пад панаваннем розных дзяржаваў: Францыі, Нідэрландаў, Германіі, Іспаніі…
Здаецца, што бельгійцы, як і беларусы, не раз марылі пра тое, каб іх краіна знаходзілася дзесьці на востраве ў акіяне.
Там ім ніхто б не перашкаджаў добрасумленна працаваць і піць сваё ўлюбёнае піва ці гарэлку.
Менавіта таму Бельгія імкнулася захоўваць нейтралітэт. Аднак гэта не ўратавала яе ні ў Першай, ні ў Другой сусветнай. Разбураныя гарады, спаленыя бібліятэкі – гэта паваенная рэчаіснасць Бельгіі. Пачынаючы з аднолькавага з нашай краінай пункту адліку, калі трэба было адбудоўваць усё з самага пачатку, Бельгія не толькі перагнала Беларусь у сваім развіцці, але і пераўтварыла сваё некарыснае геапалітычнае становішча ў цэнтр еўрапейскай палітыкі.
Цяпер гэта не толькі сталіца ЕС, але і цэнтр дыпламатыі, дзе збіраюцца лідары ўсяго свету, каб абараняць інтарэсы сваіх краін. Калі раней іншаземец з далёкай экзатычнай краіны нічога не чуў пра маленькую Бельгію, то цяпер пра яе ведаюць мінімум як пра штаб-кварэру НАТА, ЕС ці адну з сядзібаў ААН.
“Хто ты гэткі? – Свой, тутэйшы”: чаму не варта скардзіцца на праблемы са свядомасцю беларусаў
Новая краіна з неадназначнай нацыянальнай ідэнтычнасцю і са слабой самасвядомасцю – гэта пра Бельгію. Краіна гэтая не існавала да 1830 года, хаця назву «Belgica» можна часамі знайсці на сярэднявечных галандскіх манетах. Толькі яна не мела нічога агульнага з сучаснай бельгійскай дзяржавай, таму што з лацінскай мовы «Belgica» – гэта Нідэрланды або нізкая зямля.
Бельгійцы часцей сябе акрэсліваюць паводле рэгіянальнай прыналежнасці – валонцы, фламандцы, заходнія фламандцы, брусельцы і гэтак далей. І толькі калі нацыяналісты занадта гучна крычаць пра аддзяленне, некаторыя людзі вывешваюць на балконах бельгійскія афіцыйныя сцягі.
Асабліва сярод фламандцаў сёння можна знайсці актыўных прыхільнікаў сепарацыі. Аднак іх самасвядомасць не мае доўгай гісторыі, а нацыянальнае абуджэнне паўстала дзякуючы раману XIX-вечнага пісьменніка Гендрыка Кансьянса “Леў Фландрыі”. Твор стаў асновай фламандскага паўстання супраць французскай культурнай дамінацыі ў Бельгіі.
Фламандцы, якія ў сярэднявечным Лёвене засялялі толькі адну вулачку, у 1968 годзе выйшлі з плакатамі “Валонцы, ідзіце дамоў”, што прывяло да падзелу ўніверсітэта і горада на дзве часткі. Цяпер побач, у 15 хвілінах язды адзін ад аднаго, знаходзяцца два гарады – фламандскі Leuven i французскамоўны Louvain.
Канцэпцыя ідэнтычнасці – справа вельмі зменная. Назва “Беларусь” таксама ніколі не адносілася да ўсёй тэрыторыі сучаснай Беларусі. За часоў ВКЛ так называлі толькі землі за Дняпром і Дзвіной, але гэта не значыць, што беларускую нацыю можна лічаць штучным творам.
Хопіць наракаць – вось галоўнае, чаму вучыць кейс Бельгіі.
Па-першае, складаная нацыянальная ідэнтычнасць ці адсутнасць усеагульнага нацыяналізму – гэта не прычыны, каб лічыць, што Беларусь не спраўдзілася як дзяржава.
Па-другое, вінаваціць ва ўсіх сваіх праблемах некарыснае геапалітычнае становішча і знішчэнні ваенных часоў – значыць прызнацца ў сваёй незнаходлівасці. 70 год без вайны – гэта добрае дасягненне, але гэта не ліміт здольнасцяў Беларусі.
Нарэшце варта крэатыўна падысці да алкагольнай традыцыі, каб яна была не грамадскай заганай, але прадметам нашага ўсебеларускага гонару.