падтрымаць нас

Бяспека·Палітыка

Беларусь болей не галоўны вайсковы саюзнік Расіі

Беларусь болей не галоўны вайсковы саюзнік Расіі
Казахстанскае войска атрымае фінансавую дапамогу Крамля, пра якую марыць Беларусь.

У 2014 годзе Расія пачынае бясплатную пастаўку пяці дывізіёнаў зенітных ракетных комплексаў С-300ПС (40 пускавых установак) у Казахстан. Крэмль вывядзе гэтыя ўстаноўкі з узбраення Расіі, заменіўшы іх на больш сучасныя С-400. Такім чынам Расія расплочваецца з Казахстанам за стварэнне адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны. Краіны пастанавілі аб ей стварэнні ў 2013 годзе.

Беларусь доўгі час грала ролю галоўнага вайсковага саюзніка Расіі. Менавіта з Беларуссю Расія першай стварыла агульную сістэму супрацьпаветранай абароны ў 2012 годзе. Аднак Беларусь сёння не атрымлівае падобнай вайсковай дапамогі ад Расіі і вымушаная плаціць хоць нейкую частку за пастаўляемыя Расіяй ракетныя комплексы. Пры тым, што абяцаныя С-300 Беларусь ужо тры гады чакае.

Казахстан жа, маючы дастаткова грошаў, каб самому мадэрнізаваць сваю супрацьпаветраную абарону, атрымлівае комплексы за дарма. Азіяцкая дзяржава доўгі час мела добрыя вайсковыя сувязі з Кітаем і Злучанымі Штатамі. Менавіта таму Расія хойна плаціць Казахстану за адрачэнне ад сваёй эластычнасці. Беларусь жа ўжо проста не мае чаго выракацца.

На карысць Казахстану граюць сем расійскіх вайсковых аб’ектаў на яго тэрыторыі. Агульная плошча якіх складае 11 мільёнаў гектараў – больш, чым палова Беларусі. Хоць бакі зараз аптымізоўваюць памеры гэтых базаў, Расія ўсё адно будзе арэндаваць безліч зямлі ў Казахстане.

Адзін з вайсковых аб’ектаў гэта Байканур, якім Расія мае карыстацца да 2050 году і на які яна шмат траціць. Расія плаціць Казахстану прыкладна 115 млн. $ за арэнду, прыкладна 50 млн $ каштуе абслугоўванне касмадрому. Да гэтага Расія яшчэ ўкладвае ў бюджэт горада Байканура прыкладна 35 млн $.

На гэтым фоне вайсковае супрацоўніцтва з Беларуссю выглядае сціпла. Фінансавыя праблемы, дэградаваўшая армія і антыкварнасць вайсковага абсталявання пераўтвараюць Беларусь з вайсковага саюзніка ў васала. Таму Крэмль, на просьбу Лукашэнкі замяніць старыя самалёты новымі, стварае ўласную авіябазу пад Лідай, трэці мілітарны аб’ект Расіі ў Беларусі.

Значэнне Беларусі, як вайсковага саюзніка Расіі, будзе далей падаць. Паралельна Расія вымушае іншыя постасавецкія краіны да стварэння агульных супрацьпаветраных сістэмаў. Выглядае на тое, што Арменія будзе наступнай “ахвотнай”.

Беларусь, на думку Крамля, ужо застрала ў арбіце Расіі, таму няма патрэбы з ёй няньчыцца. Лукашэнку трэба прызвычайвацца да новай ролі, бо ён болей не галоўны вайсковы саюзнік.