падтрымаць нас

Грамадства

Беларусь: краіна сямейнага гвалту?

Беларусь: краіна сямейнага гвалту?
Улады звяртаюць увагу на хатні гвалт, але яны мусяць і могуць зрабіць больш.

15 кастрычніка ў гарадзенскіх крамах з’явіўся адмысловы хлеб для жанчын. Ён нічым не адрозніваўся апроч этыкетак, на якіх былі размешчаныя лозунгі супраць гвалту ў сям’і і нумар гарачай лініі для жанчын-ахвяраў. Людзі, якія церпяць хатні гвалт, часта не ведаюць, дзе шукаць дапамогу, таму “хлеб для жанчын” стаў спробаю ўладаў зменшыць узровень сямейнага гвалту.

Гвалт у сям’і застаецца хваробаю беларускага грамадства. У 2013 годзе ў Беларусі міліцыя зарэгістравала 2008 такіх злачынстваў, калі ў 2012 годзе іх было 1790. Кожны дзень каля 500 чалавек звяртаюцца ў міліцыю з паведамленнямі пра сямейна-побытавыя канфлікты. Больш за 70 % паведамленняў звязаныя з хатнім гвалтам адносна жанчын і дзяцей.

Праблемай застаецца тое, што велізарная колькасць выпадкаў не фіксуецца. Шмат якія жанчыны схільныя цярпець або вырашаць праблему, абмінаючы дзяржаўныя ўстановы. Таму большасць крыўдзіцеляў застаюцца непакаранымі.

Даследаванне БДУ 2008 году сведчыць, што 80 % жанчын сутыкаліся з псіхалагічным гвалтам ва ўласнай сям’і, кожная чацвёртая жанчына церпіць фізічны гвалт. Таксама жанчыны адзначалі праявы эканамічнага (22,4 %) і сексуальнага (13,1 %) гвалту ў сям’і. (Эканамічны гвалт гэта адсутнасць доступу да сямейных фінансаў і эканамічная залежнасць ад партнёра.)

Улады Беларусі ўсё болей звяртаюць увагу на праблему. У 2013 годзе ў заканадаўства былі ўведзеныя папраўкі, якія прадугледжваюць адміністрацыйную адказнасць за хатні гвалт. У адпаведнасці з імі, агрэсар ад 3 да 30 сутак не мае права набліжацца да ахвяры. Але гэтага мала. Каб сапраўды зменшыць маштаб сямейнага гвалту ўлады мусяць прыняць асобны закон.

Праблема сямейнага гвалту шырока распаўсюджаная не толькі ў Беларусі. Звычайна жанчын папярэджваюць пра тое, што небяспека ідзе перш за ўсё ад незнаёмцаў, але статыстыка абвяргае гэты міф. Бюро судовай статыстыкі ЗША сцвярджае, што амаль 60 % забойстваў жанчын учыняюцца іх сексуальнымі партнёрамі, 20 % ‑ членамі сям’і, і толькі 2 % забітых жанчын гінуць ад рук незнаёмых людзей.

Як спыніць гвалт

Вялікую ролю ў ратаванні жанчын граюць шэлтэры. Шэлтэрамі называюць сховішчы для ахвяраў сямейнага гвалту, куды яны могуць збегчы ад агрэсара,  дзе могуць атрымаць грошы на ўтрыманне, кансультацыю юрыста і паразмаўляць з псіхолагам. У перыяд з 1976 па 2005 год колькасць жанчын, забітых у ЗША сваймі сексуальнымі партнёрамі-мужчынамі, знізілася з 1600 да 1100 на год. Нельга сцвярджаць прамую залежнасць ад распаўсюду шэлтараў, але і прыніжаць іх істотнасць таксама не варта.

Нешта падобнае сёння з’яўляецца і ў Менску ‑ нядаўна адкрыўся “крызісны пакой для жанчын, якія пацярпелі ад сямейнага гвалту”. Трапіць у яго можна двума шляхамі: з дапамогай міліцыянтаў, якія павінны прапаноўваць гэты варыянт, разглядаючы сямейныя справы, або звярнуцца ў камітэт працы, занятасці і сацыяльнай абароны Менгарвыканкаму.

Жанчына можа знаходзіцца ў “пакоі” да 10 дзён. Пражыванне бясплатнае, але харчы трэба набываць самастойна. Спецыялісты прапануюць псіхалагічную і юрыдычную дапамогу, а таксама паспрыяюць у пошуку працы.

Аднак, хатні гвалт – гэта не гісторыя асобных жанчын, але грамадская праблема, якая патрабуе перагляду грамадскіх устояў і заканадаўства.

Не быць абыякавым – гэта першае. У грамадствах з меншай талерантнасцю да сямейнага гвалту, жанчыны і дзеці маюць значна большыя шанцы не быць пабітымі. Трэба заўжды падтрымліваць ахвяраў і ніколі не апраўдваць агрэсараў.

Гэтаксама неабходна працаваць з патэнцыйнымі гвалтаўнікамі. Грамадская кампанія “Не будзь такім” зменшыла колькасць гвалтаў у Ванкувэры на 10 %. Аўтары білбордаў звярталіся да мужчынаў і нагадвалі, што алкаголь ніяк іх не апраўдвае, і што секс без згоды жанчыны – гэта згвалтаванне.

Найбольш істотнае, што мусіць зрабіць дзяржава ‑ гэта прыняць адмысловы закон аб сямейным гвалце. Агрэсары павінны прызнавацца не хуліганамі, як гэта робіцца цяпер, а сямейнымі гвалтаўнікамі. Мужчыны, асуджаныя за такія злачынствы, не павінны мець магчымасць працаваць з дзецьмі і займаць кіраўнічыя пасады. Таксама яны павінны выплочваць маральную кампенсацыю ахвяры, а наяўнасць у сям’і дзяцей павінна абцяжарваць прысуд.

Насамрэч, гэта не так шмат ‑ патрэбнае толькі жаданне ўладаў.