падтрымаць нас

Грамадства

Футурызм па-беларуску: наколькі разумнымі будуць гарады ў будучыні?

Футурызм па-беларуску: наколькі разумнымі будуць гарады ў будучыні?
Горад будучыні – гэта не лятальныя аўтамабілі і футурыстычныя хмарачосы, а доступ да дзіцячых садкоў, добрыя грамадскія прасторы для ўсіх і будынкі, зробленыя з якасных матэрыялаў.

Сёння ў Беларусі цяжка ўзгадаць нейкія інструменты “смарт-сіці”, акрамя, бадай, электроннага кабінета ў банках ды праграм з раскладам транспарту. Для некаторых гэтае паняцце можа наагул гучаць як адзін са шматлікіх булшыт-тэрмінаў, кшталту крыптавалют.

Але насамрэч “разумны горад” будучыні характарызуецца большай колькасцю паказнікаў, чым некалькі анлайн-праграмаў. Болей за тое, гэта не чарговая піраміда, а інструмент будучыні. У пяці простых пытаннях-адказах тлумачым, чаму гэта так.

Што такое “разумны горад”?

Пачнем з таго, што “смарт-сіці” ўжо выйшаў з моды: сёння лічыцца добрым тонам казаць не проста пра разумны горад, а пра ўстойлівы разумны горад. Спецыялізаваная ўстанова ААН даследуе паказнікі, па сукупнасці якіх можна вылічыць, наколькі разумны і ўстойлівы ваш горад.

Горад ацэньваецца ў сукупнасці трох галоўных частак: (1) эканоміка, (2) навакольнае асяроддзе, (3) грамадства і культура. Кожная  з гэтых частак расказвае толькі пра адзін з элементаў паспяховага горада і асобна не можа сведчыць пра агульны ўзровень развіцця.

Напрыклад, вельмі моцная эканоміка не азначае добрага стану навакольнага асяроддзя, як відаць па многіх кітайскіх гарадах альбо па Наваполацку з Салігорскам.

Таму толькі разам гэтыя тры асноўныя часткі даюць уяўленне пра развіццё горада.

Ок, але як можна ацаніць культуру ці грамадства?

Кожная з вялікіх частак складаецца з падраздзелаў і шэрага спецыфічных паказнікаў, якія факусуюцца на больш канкрэтных пытаннях і праблемах.

Напрыклад, эканамічны стан складаецца з ацэнкі распаўсюджання інфармацыйных тэхналогій, фізічнай інфраструктуры, транспарту, узроўню занятасці насельніцтва, фінансавых інвестыцый, гарадскога развіцця і якасці будынкаў.

Экалагічныя паказнікі ацэньваюць якасць паветра, вады, глебы; узроўні шуму і забруджвання; доступ да прыродных аб’ектаў і грамадскіх прастораў. Экалагічныя паказнікі таксама ўлічваюць выкарыстанне ўзнаўляльных энергетычных рэсурсаў, колькасць і якасць энергіі, якую спажывае горад.

Нарэшце, сацыяльная і культурная часткі складаюцца з ацэнкі якасці і даступнасці адукацыі, сістэмы аховы здароў’я, узроўню інвестыцый у культуру, якасці жылля, бяспекі і сацыяльнай інклюзіўнасці.

Прапаноўваюцца дастаткова дакладныя колькасныя метады, якія даюць наглядныя лічбы.

Напрыклад, каб зразумець узровень інвестыцый у культуру, прапаноўваецца разлічыць, колькі адсоткаў гадавога бюджэту займаюць фактычныя выдаткі горада на захаванне аб’ектаў культурнай і прыроднай спадчыны. Каб ацаніць даступнасць культуры, прапаноўваецца падзяліць агульную колькасць культурных устаноў горада на 100 тыс. жыхароў.

Навошта патрэбныя гэтыя паказнікі?

Калі коратка, то вы не можаце кіраваць тым, што нельга вымераць.

Калі даўжэй – паказнікі былі распрацаваныя для таго, каб розныя гарады мелі доступ да ўніфікаванага метаду збору дадзеных. Індыкатары дазваляюць высветліць, наколькі горад з цягам часу наблізіўся да дасягнення мэтаў устойлівага развіцця, наколькі ён стаў больш разумным.

Дзякуючы лічбам можна параўнаць прагрэс гарадоў у розных краінах і  садзейнічаюць міжнароднаму абмену досведам – можна прасачыць поспех мясцовых ініцыятываў, такіх як медыцынскага прыкладання Health Hub у Сінгапуры, аплікацыі для людзей у інвалідных крэслах My community ў Дубаі ці платформаў, прызначаных спрасціць перапрацоўку электронных прыбораў у Лацінскай Амерыцы.

Каму патрэбныя гэтыя паказнікі?

Гарадскія ўлады могуць ацаніць развіццё горада праз ключавыя паказнікі, бо яны наглядна паказваюць моцныя і слабыя бакі горада. Такія паказнікі могуць стаць аргументам на мясцовых выбарах, пацвярджаючы дасягненні гарадскіх уладаў. Ключавыя індыкатары дапамагаюць планаваць развіццё горада стратэгічна, а таксама выкарыстоўваць найлепшыя міжнародныя прыклады ў галіне гарадскога планавання ды інфраструктуры.

Даступныя ўніфікаваныя паказнікі дапамогуць і гарадскім актывістам. Лічбы сведчаць пра найбольш актуальныя праблемы горада, і дазволяць сфакусаваць актывізм на нейкай значнай праблеме, якую можна вымераць. Напрыклад, колькасць здарэнняў на дарозе на 100 тыс. жыхароў ці даступнасць дзіцячых садкоў адносна агульнай колькасці дзяцей дашкольнага ўзросту.

Калі вы валодаеце дакладнымі лічбамі, можна пачынаць задаваць больш канкрэтныя пытанні мясцовым уладам.

Што далей?

Такім чынам, разумны горад гэта не чарговая піраміда МММ, а распрацаваная сістэма ацэнкі якасці і зручнасці жыцця ў горадзе.

Каб зразумець, як гэта жыць у беларускіх гарадах,  па-першае, мы пачынаем цыкл аналітычных артыкулаў, якія даследуюць розныя ключавыя паказнікі ўзроўню жыцця. Мы будзем разглядаць гэтыя фактары як паасобку, так і разам, закранаючы эканамічныя, экалагічныя, сацыяльныя і культурныя пытанні. Мы параўнаем беларускія гарады паміж сабой і з гарадамі ў суседніх краінах, а таксама пакажам гэта ў даступным і зразумелым фармаце: гэтак ці вось так.

Па-другое, мы распавядзём, якія тэхналогіі ўжо выкарыстоўваюцца ў беларускіх гарадах, а таксама раскажам і пра паспяховыя прыклады іншых краінаў.

Па-трэцяе, базуючы на сукупнасці фактараў, мы паспрабуем спрагназаваць, што чакае беларускія гарады ў будучыні, як мы зрабілі гэта тут.

Па-чацвёртае, інфармацыя мусіць быць простай і даступнай для ўсіх, таму ў доўгатэрміновай перспектыве паспрабуем выбудаваць сістэму з даступнай картаграфічнай інфармацыяй GIS, як было зроблена тут і тут.

І нарэшце, па-пятае, мы будзем абнаўляць наш Рэйтынг беларускіх гарадоў. Заставайцеся на сувязі.