13 лістапада спаўняецца тры гады, як сышоў з жыцця бізнесовец і рэфарматар Каха Бендукідзэ. Разам з Міхаілам Саакашвілі ён належыць да галоўных людзей, якія ператварылі неэфектыўную Грузію ў паспяховую краіну. Вось сем урокаў яго рэформаў, пра якія варта ведаць беларусам.
Не марудзіць
Чым хутчэй адбываюцца рэформы, тым раней яны даюць вынікі ў выглядзе эканамічнага росту. Каха Бендукідзэ ўзышоў на пасаду міністра 1 чэрвеня 2004-га, а ўжо 15 чэрвеня Міністэрства эканомікі падрыхтавала спіс 372 аб’ектаў дзяржаўнай маёмасці для прыватызацыі.
А ў верасні быў прададзены першы аб’ект прыватызацыі – гатэль у Батумі (пра забаўны працэс прыватызацыі можна прачытаць тут). Радыкальна спрошчаны падатковы кодэкс быў прыняты ў канцы 2004 года.
Паводле USAID, рэформы бізнес-клімату ў Грузіі былі найбольш хуткімі і глыбокімі, чым у любой краіне за апошнія 50 гадоў.
Прыватызаваць усё
Прыватызаваць усё, акрамя сумлення, прапанаваў Каха Бендукідзэ ў аэрапорце Тбілісі непасрэдна перад прызначэннем на пасаду.
Сапраўды, без прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці не можа існаваць складаная эканоміка. Бендукідзэ выдзяляў прынамсі тры эфекты прыватызацыі – эфектыўнасць, барацьба з карупцыяй (бо дзяржава перастае датыкацца да грошай) ды паступленні ў бюджэт. Хоць як узгадвае эканамістка Ларыса Буракова, апошняе было найменш прынцыповай часткай ідэі прыватызацыі Бендукідзэ.
Прыватызацыя шляхам продажу замежным пакупнікам – не самая прыгожая, папулярная ў масах ці справядлівая ідэя.
Цікавей выглядае ідэя эканаміста Юрыя Мальцава, які ў 1980-ых уваходзіў у групу акадэміка Абела Аганбегяна (самыя першыя спробы распрацоўкі эканамічнай рэформы СССР). Ён прапаноўваў літаральна перадаць фабрыкі працоўным калектывам на правах уласнасці без абмежаванняў. Потым працоўныя калектывы маглі б самі дамаўляцца аб продажы сваіх долей замежнікам і, што важна, атрымліваць рэальныя грошы.
Тым не менш, пайшоўшы шляхам грашовай прыватызацыі, Каха Бендукідзэ праявіў сумленнасць ды прынцыповасць. Да Бендукідзэ аўкцыёны не былі справядлівымі, бо да іх дапускаліся толькі інсайдары, а дзяржава ды грамадства атрымоўвалі крохі. Намаганнямі Кахі Бендукідзэ ў 2005-ым годзе дзяржава атрымала ад прыватызацыі $ 231 мільён, пры тым што продаж 90 % дзяржаўнай маёмасці з 1996 па 2004 прынёс краіне толькі $ 200 мільёнаў.
Канторы, якія перашкаджаюць, – ліквідаваць
Дэбюракратызацыя – гэта, бадай, самая ўдалая рэформа ў Грузіі.
Сітуацыю з бюракратыяй у Грузіі ілюструе гісторыя, расказаная самім Бендукідзэ пра тое, што ў 2002-ым годзе дзяржава рэгулявала (на паперы) колькасць зубцоў часнаку ў нацыянальнай страве Хашы, то бок санінспекцыя магла аштрафаваць за два зубчыкі часнаку ў страве, а магла атрымаць хабар.
Падыход Бендукідзэ быў радыкальным і адначасова прыгожым: дзяржава не павінна рэгуляваць кожны бок жыцця грамадзян і бізнесу. Таму толькі ў Міністэрстве эканамічнага развіцця колькасць персаналу скарацілася ў тры разы. Намесніца Бендукідзэ Лілія Бегіяшвілі, якая перайшла ў Міністэрства сельскай гаспадаркі, скараціла там 3 774 чалавекі, пакінуўшы 600.
Лібералізаваць
Каманда Кахі Бендукідзэ распрацавала і прыняла свой варыянт працоўнага кодэкса на 15 старонках, прынцыпы якога зводзяцца да свабоды кантракта. Тых, хто перажывае за правы работнікаў, супакойвае Ларыса Буракова, прыводзячы прыклад, як інспекцыя Marks & Spencer брала на сабе ролю рэгулятара працоўных умоваў: невыкананне еўрапейскіх рэгуляцый аўтаматам вяло да прыпынення кантракта і прыпынення дзейнасці швейнай фабрыкі.
Але з іншага боку, не існуе прыемных шляхоў у “першы свет. Багатая Амерыка можа дазволіць сабе скрупулёзную рэгуляцыю рынку працы, але бедным краінам важная кожная крыніца росту.
Гандляваць свабодна
Калі і існуе кансэнсус паміж большасцю эканамістаў (выключаючы беларускія “школы”), то ён датычыцца свабоды гандлю.
У 2007 годзе была адменена большасць мытных пошлін ды квот, што прывяло да зніжэння цэнаў на шматлікія тавары. Тарыфы на 90 % прадукцыі сталі нулявымі, сярэдні тарыф склаў 1,2 % – гэта адзін з самых нізкіх паказнікаў у свеце, астатнія тарыфы складаюць 5 альбо 12 %.
Грошы мусяць быць цвёрдымі
Сябар Бендукідзэ і былы эканамічны дарадца Уладзіміра Пуціна Андрэй Іларыёнаў успамінае рытарычнае пытанне Кахі: “У якой валюце вы б адважыліся захоўваць свае зберажэнні”. Ён прыйшоў да высновы, што такіх валют толькі дзесяць.
Таму было б нядрэнна пайсці на радыкальны крок і адмовіцца ад лары (грузінскай валюты).
Актыўна выкарыстоўваць Цэнтрабанк як крыніцу прыбыткаў, друкуючы грошы ці маніпулюючы стаўкамі, – вядомая спакуса, якая зруйнавала рэформы ў Чылі і Аргентыне. Бендукідзэ і яго дарадцы верылі, што выкарыстанне надзейнай валюты ЗША, якую яны фізічна не маглі “надрукаваць”, вырашае гэту праблему.
Вядома, што ідэя абмяркоўвалася ў 2008-09 гадах, але невядома, чаму яна не была рэалізаваная.
Слухаць, але не давяраць заходнім дарадцам
Канфлікт паміж Міжнародным валютным фондам і Кахай Бендукідзэ ўзнік у 2004-ым годзе, калі гэтая структура ў штыкі ўспрыняла праект падатковага кодэкса, які змяншаў падаткі і іх колькасць. За гэта Бендукідзэ назваў іх “ідыёцкай арганізацыяй”. Так ці інакш, нізкія падаткі не прывялі да катастрофы, а сярэднія тэмпы эканамічнага росту за 2004-2007 гады склалі 9,29 %.
Роля асобы ў гісторыі
Той, хто хоць раз спрабаваў абмяркоўваць рэформы ў межах case study, ведае, як цяжка прыйсці да кансэнсусу. А ў жыцці абмеркаванні ў дзясяткі разоў больш жорсткія, бо цана пытання – нечыя інтарэсы.
Каха Бендукідзэ, напэўна, дзякуючы бізнес-бэкграўнду быў не толькі прыемным у гутарцы чалавекам, але і ўмеў праціснуць і прадаць свае ідэі. Кульмінацыяй яго высілкаў стаў Акт эканамічнай свабоды, які сур’ёзна абмяжоўваў умяшанне дзяржавы ў эканоміку.
Магчыма, толькі дзякуючы яму нават палітычныя праціўнікі пасля прыходу да ўлады не здолелі павярнуць краіну ў мінулыя дні бюракратыі і карупцыі.