падтрымаць нас

Эканоміка/Бізнес

Бой у Бразіліі: БКК vs. Уралкалій

Бой у Бразіліі: БКК vs. Уралкалій
Калійная вайна працягваецца ў Лацінскай Амерыцы.

У лютым Уралкалій набыў 25 % холдынгавай кампаніі Equiplan Participacoes S.A., якая кіруе партавым тэрміналам у бразільскім горадзе Антаніна. Згодна са словамі кіраўніцтва Ўралкалія, гэты порт “размешчаны найбольш аптымальна для адгрузак у хутка развіваючыяся раёны краіны.” Гэта азначае пачатак бою за бразільскі рынак, вельмі важны для вытворцаў калійных угнаенняў.

Бразілійскія пакупнікі, як большасць у свеце, у другой палове 2013 году абвесцілі забастоўку, дамагаючыся зніжэння цэнаў. У Бразіліі цэны на ўгнаенні дасягнулі дна. Калі напрыканцы 2012 году бразільцы плацілі за тону каля 460 $, то годам пазней у паўтары разы меней – толькі каля 310 $.

Бразілія не мае такіх агромных запасаў, як Кітай, таму зараз будзе вымушаная набываць, нават пры павышэнні цэнаў. У гэтай паўднёваамерыканскай краіне запасы калійных угнаенняў складаюць толькі каля мільёну тонаў. Таму аб’ём калійнага рынку краіны будзе вымушаны расці. Пытанне, хто на гэтым заробіць.

У 2013 годзе Ўралкалій не пастаўляў калійныя ўгнаенні ў Бразілію, каб пазбегнуць падзення цэнаў. Зараз кампанія інвестуе ў бразільскую інфраструктуру, каб зрабіць свае пастаўкі таннейшымі і мець магчымасць захоўваць свае ўгнаенні ў парту і прадаваць іх, як з’явіцца патрэба. Выглядае на тое, што пасля перамогі ў Кітаі, Ўралкалій збіраецца перамагчы БКК і ў Бразіліі.

На гэтым фоне пазіцыя Беларускай калійнай кампаніі выглядае слаба. Беларускі экспарт угнаенняў ў Бразілію ў годы найлепшай кан’юнктуры сягаў $ 1 млрд. У мінулым годзе ён не дацягнуў нават $ 0,5 млрд. Калі БКК не здолее знайсці адпаведны адказ, то шанцаў на хуткае аднаўленне Беларуськалія няма. Адзіная надзея беларусаў можа быць на тое, што бразільскі рынак будзе расці дастаткова хутка, каб змясціць і БКК.

Калі наш трэйдар панясе паразу гэта можа азначаць, што Беларусь цалкам губляе  Лацінскую Амерыку. Пасля смерці Ўга Чавэса большасць супольных беларуска-венесуэльскіх праектаў зачыніліся. Папулісцкая палітыка сённяшняга прэзідэнта Венесуэлы Мадуры і ягонага папярэдніка загналі краіну ў такі глыбокі крызіс, што беларусам наўрад ці атрымаецца там зарабіць. Новыя сябры з Эквадору ці Балівіі не могуць прапанаваць столькі грошаў, як Чавэс.

У ранейшыя годы, калі Беларусь напытакала цяжкасці ў Лацінскай Амерыцы, то наш МЗС праводзіў кансультацыі з расійскімі калегамі. Зараз жа гэта наўрад ці мае сэнс, бо Беларусь і Расія цяпер канкурэнты.

У 2010 годзе, калі Лукашэнка наведваў Бразілію, ён прагнуў пашырыць эканамічныя кантакты з лідэрам Лацінскай Амерыкі на нешта большае, чым продаж калійных угнаенняў. Цяпер абы захаваць тое, што было.