падтрымаць нас

Грамадства

Аўтары “Ідэі” раяць, што пачытаць

Аўтары “Ідэі” раяць, што пачытаць
Тры кнігі на сезон дажджоў, раптоўнага паслялетняга холаду і непрыемнага ветру.

 

Astapenia

Глеб Мартынаў пра “Наменклатуру” Міхаіла Васленскага

Сярод літаратуры па гісторыі СССР складана знайсці грунтоўную непрадузятую крыніцу, якая была б заснаваная на навуковым аналізе дадзеных і пры гэтым не гучала весткай ад Капітана Відавочнасці. “Наменклатура” Міхаіла Васленскага – менавіта такая рэдкая кніга.

Аўтар меў у СССР зорную кар’еру. Выпускніком МДУ перакладаў на Нюрнбергскім працэсе, у 1950-ым стаў кандыдатам, у 1965-ым доктарам навук. Працаваў у Акадэміі навук СССР, быў савецкім прафесарам, навуковым сакратаром Камісіі па раззбраенні, загадчыкам кафедры. Як прадстаўнік савецкай акадэмічнай эліты шмат вандраваў па Заходняй Еўропе, адкуль у 1972 годзе на радзіму вырашыў не вяртацца. Там жа, у ФРГ, ён апублікаваў сваё даследаванне таго, што такое СССР і як ён працуе знутры, вачыма інсайдара.

“Наменклатура” дала назву слою савецкага кіраўніцтва, і галоўная заслуга гэтай кнігі – метадычная вівісекцыя савецкай эліты і яе адносінаў з грамадствам. Васленскі на вялікай тэарэтычнай падставе стварае фундаментальнае даследаванне савецкага рэжыму, якое пры гэтым напісанае папулярнай і цікавай мовай.

“Наменклатура” пераканальна тлумачыць, чаму савецкі рэжым не толькі быў антысацыялістычным па сутнасці, але і меў вялікае падабенства да іншых таталітарных рэжымаў. Для Васленскага таталітарызм увогуле не бывае “правым” ці “левым” – ён увасабляе алергічную рэакцыю рэшткаў феадальнага мыслення людзей на незнаёмыя ўмовы жыцця ў новы індустрыяльны час. Для аўтара савецкі рэжым – гэта прыклад так званага “прамысловага феадалізму”, своеасаблівы сацыяльны рэцыдыў, game of thrones у XX-ым стагоддзі.

“Наменклатура” – найлепшая кніга пра савецкую імперыю і яшчэ адна нагода падумаць пра тое, што сучаснае размеркаванне і прапіска нездарма нагадваюць феадальную паншчыну і прыгоннае права. Кніга паказвае, што феадалізм (як і разруха) існуе не ў клазетах, а ў галовах.

AstapeniaАлесь Аляхновіч пра “Партрэты Паўстання” Камілы і Язэпа Янушкевічаў

У адрозненні ад гістарычных падручнікаў фотаальбом дае магчымасць дакрануцца да канкрэтных людзей, якія змагаліся за нашую будучыню. Дзякуючы подпісам да партрэтаў, раптам беларускія паўстанцы становяцца блізкімі, а іх дзеянні больш зразумелымі. Яны не безыменныя, маюць свае мары, прафесіі, сем’і і сяброў. Яны – найлепшыя сыны Бацькаўшчыны, самыя адукаваныя, культурныя і найбольш адданыя.

“Партрэты Паўстання” – гэта першы фотаальбом з такім багатым матэрыялам, які ўключае звыш 180 фотаздымкаў удзельнікаў і прыхільнікаў паўстання 1863-1864 гадоў у Беларусі-Літве. Альбом выдадзены ў 2014-ым годзе і ўжо дачакаўся перавыдання з пашыранымі біяграмамі герояў партрэтаў.

Альбом паказвае нашу тагачасную эліту – чыноўнікаў і кіраўнікоў мясцовага самакіравання, прафесійных афіцэраў, літаратараў і мастакоў, прафесараў і студэнтаў, арыстакратаў і дробных шляхцічаў. Многія з іх свядома ўзялі ў рукі зброю і аддалі сваё жыццё за паняволеную Радзіму. Шмат хто з іх быў катаваны і сасланы, але застаўся няскораным.

На факсіміліях – цэлыя сем’і, якім мроілася вольная Беларусь-Літва. Там браты, якія разам змагаліся і гінулі; бацькі з сынамі, якіх разам катавалі ў адной турме; жонкі, якія ішлі за сваімі каханымі ў любую ссылку. Кніга паказвае, як патрыятызм гадаваўся ў сям’і.

Альбом яскрава сведчыць пра патрыятычныя традыцыі нашага краю ў XIX стагоддзі. На ілюстрацыях можна пабачыць праўнука Тадэвуша Рэйтана, які пад канец XVIII стагоддзя супраціўляўся падзелам Рэчы Паспалітай, а таксама нашчадкаў паўстанцаў з 1830-1831 гадоў. Сярод іх Далеўскія, Здановічы, Каліноўскія, Геніюшы, Дашкевічы, Ваньковічы, Яманты – тыя, чые сваякі і да паўстання і пасля яго пакідалі станоўчы след у нашай гісторыі. Гэта і ёсць повязь пакаленняў, якога сёння нам не стае.

Astapenia

Марыя Русак пра “Sustainable Stockholm” аўтарства Джонатана Мецгера (Jonathan Metzger) і Эмі Рэйдэры Олсан (Amy Rader Olsson)

 Эвалюцыя, а не рэвалюцыя, стабільнасць і пакрокавае развіццё – такое апісанне нагадвае тролінг беларускага тэлебачання, але менавіта гэтак аўтары кнігі “Sustainable Stockholm” ці “Устойлівы Стакгольм” акрэсліваюць самы паспяховы горад Еўропы.

“Sustainable Stockholm” даследуе ўстойлівае развіццё горада на прыкладзе шведскай сталіцы, палітычныя і стратэгічныя крокі, закладзеныя ў стварэнне паспяховага горада. Кніга падае разгорнуты гістарычны аналіз працэсаў паўстання вобразу Стакгольма як «зялёнага горада», а таксама распавядае, як Стакгольм стаў міжнародным прыкладам горада, які адпавядае прынцыпам устойлівага развіцця.

Акрамя такіх цікавінак, што, напрыклад, увесь грамадскі транспарт ездзіць на рапсавым алеі, які забаронены ў Беларусі, можна даведацца шмат пра шведскую палітычную культуру. Аўтары кнігі засяроджваюць увагу на канцэпцыі “народнага дому” ці folkehemmet, якая была сфармуляваная ў Швецыі ўжо ў 1920-ых гадах. Гэта канцэпцыя ўяўляе сабой філасофію развіцця “добрага грамадства”, дзе патрэбы асобы і супольнасці збалансаваныя ды існуюць у навакольным асяроддзі, якое спрыяе агульнаму дабрабыту.

Кніга таксама апісвае шведскую палітычную культуру кансэнсусу, якая неабходная для эфектыўнага ўзаемадзеяння палітычных партый, НДА, даследнікаў, актывістаў і жыхароў горада. Гэтая ж культура ляжыць у аснове прынцыпаў устойлівага развіцця.

Многім беларусам кніга можа разбурыць міф, што “зялёныя” ідэі належаць выключна да забаў вузкага кола даследнікаў навакольнага асяроддзя. Цяпер устойлівае развіццё стала нацыянальныя брэндам Швецыі, а новыя экалагічныя тэхналогіі ды схемы ўстойлівага развіцця прадаюцца як паслугі праз амбасады Швецыі.

Як перанесці досвед Швецыі ў Беларусь? Дзеля гэтага і варта прачытаць “Sustainable Stockholm”.

UPD: Першая версія гэтага артыкулу ўтрымлівала памылковае імя Міхаіла Васленскага. Прыносім прабачэнні.