падтрымаць нас

Грамадства

Ад Бобо да Гутэнберга. Што чытаюць беларускія журналісты

Ад Бобо да Гутэнберга. Што чытаюць беларускія журналісты
Віктар Марціновіч, Антон Кашлікаў і Аляксандр Арсёнаў раяць кнігі, якія варта прачытаць гэтым летам.

AstapeniaВіктар Марціновіч, журналіст, пісьменнік, выкладчык 

“Бобо в раю”  – кніга па ступені ўплыву на сацыяльную тэорыю супастаўная з “Капіталам” Маркса, бо апісвае павольнае ўзнікненне новага класа – работнікаў крэатыўнай індустрыі, новых байцоў капіталу, якія надзеленыя прынцыпова іншай этыкай – у іх іншыя, чым у банкіраў або прамыслоўцаў, інтарэсы і культура.

“Галактика Гуттенберга” – кніга Маршала Маклюэна, якая калісьці змяніла маё асабістае ўспрыманне медыйнасці – прычым, распавядае яна зусім не пра медыі, а пра тыя трансфармацыі на нашую свядомасць, якія адбыліся пасля з’яўлення пісьменства і друкаванай культуры.

AstapeniaАнтон Кашлікаў, удзельнік медыялабараторыі 34mag

“Убийца с города абрикосов” Вітальда Шаблоўскага. Выдатная калекцыя рэпартажаў з Турцыі ад польскага журналіста. У гэтай кнізе ўсё неверагодна, амаль дэтэктыўна, змешана і замешана: Еўропа і Азія, Атацюрк і Эрдаган, кантрабандысты і імамы, рэлігія і секс. Шматбаковы погляд на цікавую краіну вачыма вельмі таленавітага аўтара.

“1913” кніга  Фларыяна Іліеса – быццам урыўкі з дзённіка, які вядзе сам час. 1913 год – росквіт еўрапейскай культуры, на старонках кнігі мільгаюць мастакі і пісьменнікі, архітэктары і філосафы, свецкія ільвіцы і донжуаны. Амаль між радкоў – маладзенькія Гітлер і Сталін. Усе спрачаюцца, кахаюцца і высвятляюць, як тут жыць і хто мае большую рацыю. Вайна пачынаецца ўжо заўтра. Пра гэта, вядома, ніхто не думае.

“The Modern Magazine: visual journalism in the digital era” (“Сучасны часопіс: візуальная журналістыка ў лічбавую эпоху”) Жэрымі Лэслі –  выдадзеная брытанскім Laurence King Publishing выдатная кніга з “малюнкамі” пра тое, як правільна прыдумваць і структураваць часопіс. Шмат прыкладаў з каментарамі, плюс размовы з галоўнымі рэдактарамі крутых сучасных часопісаў – ад New York Magazine ды Wired да італьянскага IL. Калі, напрыклад, вы працуеце ў часопісе ці інтэрнэт-выданні і адчуваеце, што нешта трэба змяняць, – перш-наперш знайдзіце ды пагартайце гэтую працу.

AstapeniaАляксандр Арсёнаў, журналіст “Нашай Нівы”

На жаль, чытаю па-за межамі працы рэдка (пасля 8-10 гадзін працы з тэкстам хочацца, хутчэй, відэагульняў ці прыроды, а не кніг). Але пару кніг чытаў як экшны з элементамі дэтэктыву.

“Дорогая редакция. Подлинная история “Ленты.ру”, рассказанная ее создателями” – перачытаў другі раз, бо гэта практычна падручнік па інтэрнэт-журналістыцы і арганізацыі працы ў незразумелых умовах. Шмат чаму з той кнігі яшчэ мусяць навучыцца і беларускія, і расійскія выданні.

“Ружья, микробы и сталь. Судьбы человеческих обществ” Джарэда Дайманда – па сутнасці вялізная доктарская дысертацыя. З анатацыі можа падацца, што гэта амаль гітлераўская расавая тэорыя, але кніга пра зусім адваротнае – пра тое, чаму на самай справе  афрыканскія, амерыканскія або ціхаакіянскія плямёны развіліся не так, як еўрапейцы.