Атрыманне Святланай Алексіевіч Нобелеўскай прэміі пэўным аўтарам падаецца новым агрэсіўным захадам супраць Беларусі. Ліберальны погляд на СССР, які развіваецца ў творах Алексіевіч, трактуецца суполкамі накшталт “Цытадэлі” як непасрэдны выклік іх інструменталізацыі савецкага мінулага, пабудаванай на безумоўным апраўданні і ўслаўленні сацыялістычнага праекта.
Унутраную трансфармацыю зазнае ў аргументацыі “Цытадэлі” (і падобных суполак) ідэя пра савецкі праект як атожылак еўрапейскай мадэрнасці. “Мадэрн” губляе прывязку да еўрапейскай індустрыяльнай культуры, дэмакратычнай палітыкі ды поліфаніі культурнай прасторы, напаўняючыся процілеглымі сэнсамі.
Саветолаг Стывен Коткін прапанаваў метафару “новых часоў” для таго, каб апісаць сітуацыю ў Савецкім Саюзе 1920-ых. На думку даследчыка, савецкае грамадства таго часу зазнала вельмі падобныя змяненні, што і заходнія краіны. “Новыя часы” – назва фільма Чарлі Чапліна, які ў канцы 1920-ых з вялікім поспехам дэманстраваўся ў СССР. Кінематограф побач з радыё трактуюцца Коткіным як найбольш выразныя адзнакі Modern Times.
У адрозненне ад Коткіна аўтары “Цытадэлі” вызначаюць мадэрн праз выкарыстанне ідэй правых філосафаў першай паловы ХХ стагоддзя, у першую чаргу Эрнста Юнгера. Аляксей Дзермант піша пра “гештальт Работніка” (і “нацыю Работы”) як пра вяршыню мадэрну, г. зн. “татальнай мабілізацыі”, залучэння “вялікіх людскіх масаў” у “грандыёзную канструктыўную дзейнасць”.
Узоры гэтага мадэрну ўзычвае савецкі таталітарызм – побач са “звышіндустрыялізацыяй” і “паскоранай урбанізацыяй” называюцца “ўдзел і перамога ў сусветнай вайне” і “калектывізацыя”.
Беларускае нацыятварэнне па-савецку
Традыцыйна ў нацыянальным дыскурсе савецкі перыяд трактуецца як час вынішчэння нацыянальнага руху і свядомасці. “Цытадэль” вяртаецца да даўнейшых уяўленняў пра “росквіт беларускай нацыянальнай культуры” за саветамі, аперуючы пры гэтым часткова абноўленым паняційным інструментарыем.
Дзермант настойвае на неабходнасці разглядаць беларускае нацыятварэнне па-за кантэкстам Усходняй Еўропы. Адэпты “вялікага стылю” (выраз, які часта выкарыстоўваецца прадстаўнікамі “Цытадэлі”) уважаюць усходнееўрапейскую перспектыву за хутаранскую. У сваю чаргу, беларускі нацыянальны праект, які быў заснаваны, паводле Дзерманта, “на мове гістарычнай свядомасці і дыстанцыяванні ад Расіі”, абвяшчаецца нежыццяздольным.
Беларускі выпадак, на думку Дзерманта, мае зусім іншы сэнс. З той прычыны, што “уласна працэс беларускага нацыятварэння быў пачаты менавіта бальшавікамі”, беларуская нацыя не стала тыповай усходнееўрапейскай супольнасцю, але развілася ў “нацыю партызан і пераможцаў”.
Сярод асноўных адзнак дадзенай супольнасці – яе “глабальнасць” (“планетарная нацыя”), проціпастаўленасць Заходняй Еўропе (“іншая Еўропа”, якая захоўвае “здаровае каштоўнаснае ядро еўрапейскай цывілізацыі”) і прыналежнасць да “рускага свету” (хай сабе і са сваім разуменнем; цікава, што другое дыханне ў Дзерманта знаходзіць стары савецкі штамп пра “вялікі рускі народ”).
Пётр Машэраў і гістарычная суб’ектнасць БССР
У спробе новай трактоўкі савецкага этапу беларускай гісторыі важную ролю адыгрывае фігура Пятра Машэрава, што можна прасачыць на прыкладзе тэксту Валянціна Анціпенкі. Машэраў служыць у якасці case, на падставе якога даводзіцца “паўнацэннасць” БССР як гістарычнага суб’екта.
Машэраў уяўляецца ў кантэксце пэўнай групы бюракратаў, “колішніх партызанаў, якія на ўласныя вочы бачылі ў вайну народныя пакуты”. Дзякуючы свайму сімвалічнаму капіталу, гэтыя людзі маглі адстойваць адрозныя ад генеральнай лініі погляды на пэўныя пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі.
Звыш таго, паміж Мазуравым, Машэравым ды іншымі беларускімі “партызанамі” з аднаго боку, і Масквой з іншага, рэгулярна адбываюцца розныя канфлікты.
Віднае месца ў наратыве займае сюжэт усенароднай любові “да тагачаснага кіраўніцтва краіны і асабліва да Пятра Міронавіча Машэрава”.
Найбольш праблемным момантам для ўяўленага Машэрава становіцца “нацыянальнае пытанне”. Менавіта за лёс беларускай культуры першага сакратара ЦК КПБ найбольш крытыкавалі ў 1990-ых, напрыклад, той жа Зянон Пазняк. Паводле Анціпенкі, заслугай Машэрава ёсць “вылучэнне нацыянальных кадраў, якія атрымалі да гэтага часу неабходную падрыхтоўку і практычны досвед”. Акрамя таго, дзякуючы развіццю культурнай інфраструктуры, 1960-ыя і 1970-ыя сталі часам “неверагоднага ўздыму беларускай культуры”.
Праблему беларускай мовы Анціпенка разглядае асобна. Звужэнне сферы яе выкарыстання аўтар тлумачыць логікай мадэрнізацыйных працэсаў: “стаяў выбар: заставацца аграрнай краінай (…) ці паспрабаваць вырвацца на новыя рубяжы”, што можна трактаваць як каланіяльны рэфлекс.
Акрамя таго Анціпенка не прапускае магчымасці папракнуць інтэлігенцыю, якая, апанаваная меркантыльным інтарэсам (пісьменнікі “выявілі, што сфера іх чытачоў звужаецца”), давала “спрошчанае тлумачэнне” і беспадстаўна вінаваціла ўва ўсім дзяржаўную ўладу.
Асаблівы шлях: перавыданне для Беларусі
У цэлым ход разважанняў разгледжаных аўтараў добра знаёмы. Разам з тым не выпадае праігнараваць узнікненне новых акцэнтаў. Постсавецкі “антымадэрны” дыскурс дапаўняецца з аднаго боку засяроджанасцю на Беларусі, з іншага – узмоцненым антыдэмакратычным пафасам.
Апошні жывіцца ў першую чаргу ідэямі правай нямецкай філасофіі 1920–1930-ых гадоў.
“Вялікі стыль”, “беларускай мадэль” і вытворныя ад іх паняцці выяўляюцца “асаблівым шляхам” (Sonderweg), падобным да тых, якія апантана шукаліся ў ХІХ–першай палове ХХ стагоддзяў у Германіі ды ў Расіі. Ідэалогія “асаблівага шляху” стала адной з ключавых інтэлектуальных перадумоў для фармавання дзвюх найбуйнейшых таталітарных сістэм.
У сувязі з гэтым найбольш важным становіцца пытанне пра тое,
наколькі паспяховай ды інтэнсіўнай будзе засваенне міфалогій “гештальта Работніка”, “нацыі Работы” масавым гістарычным уяўленнем.