падтрымаць нас

Артыкулы

Буратыя – гэта глыбокая правінцыя. Канспект выпуску падкаста “У кантэксце”

<strong>Буратыя – гэта глыбокая правінцыя. Канспект выпуску падкаста “У кантэксце”</strong>

Мы падрыхтавалі канспект шостага выпуску падкаста “У кантэксце”. У гэтым выпуску Леся Руднік і Аляксандр Мазуркін размаўляюць з вядомай бурацкай актывісткай і журналісткай Яўгеніяй Балтатаравай. Слухаць падкаст па спасылцы.

Вайна і супраціў 

Першы тыдзень пасля пачатку вайны быў шокам для буратаў і іншых расіян. Крэмль прызначыў рэгіянальных кіраўнікоў на ролю адвакатаў вайны. Людзі адкрыта выступалі супраць ваеннай агрэсіі ў сацыяльных сетках. Напрыклад, на старонцы кіраўніка Бураціі ў “Інстаграме” быў шквал абураных каментароў аб нападзе Расіі і апраўданне вайны з боку губернатара. Абурэнне цягнулася блізу 2 тыдняў, людзі выходзілі на мітынгі, але рэпрэсіўная машына ўсё згарнула. Наступіла новая рэальнасць, у якой чалавечая рэакцыя змянілася лозунгамі “За Радзіму, за Расію”.

Стаўленне казахаў да буратаў

Этнічна мы вельмі блізкія народы праз падабенства мовы і культуры. Да буратаў у Казахстане ставяцца крыху лепш, чым да расіян, бо ў іх бачаць нешта больш роднае і блізкае. Да расіян таксама адносяцца добра, але здараюцца канфлікты. Напрыклад, нядаўні канфлікт з расійскім менеджарам на заводзе “Казфасфат”. Сюды можна залічыць і пранкі над расіянамі, якія ўцякаюць ад мабілізацыі. Але гэта адзінкавыя выпадкі, у цэлым казахскае грамадства дастаткова талерантнае да расіян [у эміграцыі]. Яны разумеюць, што гэтыя людзі не жадаюць удзельнічаць у вайне.

Актывізм у Казахстане

Мы разумеем, дзе ёсць чырвоныя сцяжкі. У межах АДКБ паміж Расіяй і Казахстанам ёсць агульная база крымінальнай адказнасці і пагадненне, паводле якога можна экстрадаваць людзей з крымінальнымі справамі. Але па палітычных рашэннях Казахстан не выдае Расіі людзей з заведзенымі крымінальнымі справамі. Казахстан спрабуе трымаць інтрыгу да апошняга: захоўвае стасункі з Расіяй, але пры гэтым не прызнае ДНР, ЛНР.

Самаарганізацыя расіянаў за мяжой

Самаарганізацыя расіян за мяжой не вельмі заўважная. Асноўная хваля эміграцыі адбылася ў канцы верасня, прайшло мала часу. Людзі ўсё яшчэ займаюцца бытавымі пытаннямі пасля ад’езду з Расіі. Думаць аб актывізме, калі табе няма дзе спаць, не надта зручна. Людзі, якія прыехалі ў першую хвалю эміграцыі, ужо самаарганізаваліся і трымаюць сувязь з рознымі расійскімі актывісцкімі арганізацыямі. Мы будзем змагацца за Расію, за сваю краіну, ёсьць шмат планаў па апазіцыйных праектах.

Бураты і расіяне 

Наша адрозненне заключаецца ў культурных асаблівасцях: у нас свае святы, свая мова. Але адчуванне сябе, самасвядомасць у палітычным плане не адрозніваецца ад расійскай. Калі б асаблівасці адлюстроўваліся ў палітычным плане, былі б пратэсты, выступленні. Гэта толькі пачынае зараджацца зараз. Наратыў “што было б, калі б мы былі асобнай незалежнай дзяржавай?” – гэта разважанні бурацкай інтэлігенцыі. Як грамадскага, палітычнага феномена – гэтага наратыву няма. Бурацкае грамадства інтэграванае ў расійскую прастору. Дэмакратыі мы жадаем для ўсяго грамадства.

Буратыя – гэта калонія або частка Расіі?

Рускіх было больш яшчэ ў перыяд фармавання Бурацкай ССР. Сённяшнія 35 % буратаў – гэта найвышэйшы пункт. Цяпер бурацкае насельніцтва ў рэспубліцы расце хутчэй за рускае, таму што бураты пачынаюць урбанізавацца і не з’язджаюць у цэнтральную Расію з-за ўнутранага расізму. Цяпер усе ключавыя пасады займаюць бураты. Руская большасць не фармуе палітыкі рэспублікі.

Буратыя – гэта не калонія, гэта глыбокая правінцыя ў кантэксце сённяшняй [расійскай унутранай палітыкі]. Электаральны і вайсковы рэсурс Пуцін чэрпае з нацыянальных рэспублік. І гэта ў нейкай ступені генацыд, калі людзей выбіраюць толькі таму, што яны жывуць у глыбокай правінцыі.

Бураты і ваенныя злачынствы

Гісторыя пра буратаў як пра злачынцаў і гвалтаўнікоў – гэта расісцкая гісторыя.  Калі пачалася вайна, украінцам было цяжка прыняць, што на іх нападаюць людзі з блізкім бэкграўндам, так званы “брацкі народ”. Калі яны ўбачылі, што ў войску ёсць людзі іншых этнасаў, такое стала лягчэй успрымаць. Першапачаткова гэта ўзялося з прамовы амбудсмэна Вярхоўнай Рады Людмілы Дзянісавай пра ваенныя злачынства. Яна казала, што ў Бучы лютавалі бураты і кадыраўцы. Потым яна зняпраўдзіла гэтую заяву, але было ўжо позна. Нядаўна выйшла расследаванне Генпракуратуры Украіны і Associated Press пра злачынствы ў Бучы. Паводле расследавання, у ваенных дзеяннях у Бучы прымала ўдзел пскоўская дывізія, буратаў там не было. 

Стаўленне свету да нацыі буратаў

Абвінавачанні ў жорсткасці ўсёй нацыі кладуцца цяжкім грузам на душу кожнага бурата. І тут у буратаў можа фармавацца наступная логіка: табе кажуць, што ўсе бураты – забойцы, але ты разумееш, што сам ты не забойца і твае блізкія – не забойцы. Значыць, усё, што кажа ўкраінскі бок, – хлусня? Значыць, Пуцін мае рацыю? Такая рыторыка набліжае насельніцтва, якое раней сумнявалася, да пазіцыі ўладаў. 

Цяпер мы спрабуем данесці да людзей трагедыю Украіны, але гэтыя звесткі не вельмі добра даходзяць да адрасатаў. Людзі бачаць, што буратаў ва Украіне абвінавачваюць, зневажаюць. Значыць, украінцы – сапраўды ворагі. І такая рыторыка можа прысутнічаць нават у тых, у каго першапачаткова былі антываенныя настроі.

Стаўленне да вайны цяпер

Мысленне бурата – гэта мысленне расіяніна. Уся Расія стамілася ад вайны. Інфармацыя пра гэта ёсць нават у закрытым даследаванні Адміністрацыі прэзідэнта РФ. Чаканні Захаду і Украіны, што нацыянальныя меншасці зраз раззлуюцца і зрынуць Пуціна, – гэта наіўнасць. Чаму ў Расіі не пратэстуюць, чаму маці не выходзяць за сваіх дзяцей? Пратэст як форма змены ў грамадстве – гэта інструмент дэмакратычнага палітычнага ладу, якога ў Расіі ўжо даўно няма.

Усім хочацца ўскласці на некага віну. Шмат каму карціць сказаць, што расіяне нічога не дасягнулі, узрасцілі Пуціна і самастойна нічога не могуць. Але колькі Еўразвяз за час вайны заплаціў за газ Расіі? Колькі дручкоў Еўразвяз даслаў Расгвардыі для разгону антываенных мітынгаў? Вайна калектыўная. Але пошукі вінаватых – справа няўдзячная і непатрэбная цяпер. Больш важна зразумець, што нам рабіць і як захаваць чалавечнасць.

Фота: atorus.ru