падтрымаць нас

Палітыка

Колькі мы маем і колькі можам мець грошай ад Еўрапейскага саюза

Колькі мы маем і колькі можам мець грошай ад Еўрапейскага саюза
Разбіраемся ў грантах, палітыцы і суседзях.

У 2017-ым годзе ўлады Беларусі выканалі пяць смяротных прысудаў, яшчэ два прысуды былі вынесеныя ў студзені 2018-га. На гэтым улады не спыніліся і знянацку заблакавалі найбуйнейшы апазіцыйны СМІ – “Хартыю’97”. Такія брутальныя захады быццам павінны былі б паўплываць на візіт Ёханаса Хана, еўрапейскага камісара па еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні.

Але хоць еўракамісар і сустракаўся з  Аляксандрам Лукашэнкам, Андрэем Кабяковым і Уладзімірам Макеем, галоўнымі тэмамі былі эканамічнае супрацоўніцтва і візавае пытанне, а не развіццё дэмакратыі. Бачна, што ЕС спрабуе працаваць над “еўрапеізацыяй” Беларусі праз уцягванне элітаў у сумесныя праекты і абменныя візіты, а не выстаўляючы ўльтыматумы адносна правоў чалавека.

Гэта добра бачна і праз рост донарскай падтрымкі, якая ў апошнія гады складае рэкордныя для краіны € 29 млн на год (столькі ж па папярэдніх звестках будзе выдзелена і на 2018-ы год). І з гэткай дынамікі адносін можна вывесці, што ў новай Праграме партнёрства на 2018-2020 гады фінансаванне павялічыцца яшчэ больш (пры тым, што абсалютная большасць сродкаў дастаецца дзяржаве).

 

 

Тым не менш, у параўнанні з іншымі краінамі Усходняга партнёрства, грантавая дапамога Беларусі не выглядае такой вялізнай. Усходняе партнёрства ўжо разбілася на дзве ўмоўныя групоўкі: на тых, хто сябруе з ЕС (Грузія, Малдова і Украіна), і на тых, хто мае халаднейшыя пачуцці да Бруселя (Азербайджан, Арменія, Беларусь).

На 10-гадовым адрэзку мы ўсё адно саступаем нават Азербайджану (€ 206 млн супраць € 170 млн для Беларусі)

І нават у кампаніі “аўтсайдараў” Беларусь усё роўна застаецца самай недафінансаванай краінай Усходняга партнёрства. Хоць рост апошніх гадоў дазволіў нам наблізіцца да ўзроўню Арменіі, на 10-гадовым адрэзку мы ўсё адно саступаем нават Азербайджану (€ 206 млн супраць € 170 млн для Беларусі).

 

 

Да лідараў жа нам вельмі далёка. Тыя ж Грузія і Малдова атрымліваюць у пяць разоў больш фінансавай падтрымкі, пры тым, што насельніцтва гэтых краін амаль у тры разы меншае, чымся ў Беларусі.

Пры гэтым сапраўднае грантавае фінансаванне краінаў у некалькі разоў большае. Графікі адлюстроўваюць толькі лічбы па штогадовых краінавых планах, падлічыць дакладныя сумы, выдзеленыя па праграмах памежнай супрацы ды з іншых крыніцаў, – куды складаней.

У той жа час, напрыклад, для Украіны на 2014-2020 гады паводле Пакета падтрымкі будзе выдзелена грантаў на € 1,5 млрд і яшчэ пазыкаў на € 9,6 млрд.

 

 

Зразумела, памеры фінансавання больш залежаць ад палітычных чыннікаў, а не ад памеру эканомік ці геаграфічнага становішча. І тут беларуская стабільнасць можа згуляць сабе на карысць.

На фоне жорсткіх рэпрэсій супраць грамадскіх арганізацый у Азербайджане, палітычных ліхаманак у Малдове і Грузіі, расчаравання ва ўкраінскіх рэформах Беларусь можа выглядаць найменш праблемным партнёрам.

Але для гэтага ўладам трэба перастаць расстрэльваць людзей і блакаваць незалежныя медыі.