падтрымаць нас

Грамадства·Эканоміка/Бізнес

Азартная Беларусь: на чым грунтуецца палітыка дзяржавы адносна казіно

Азартная Беларусь: на чым грунтуецца палітыка дзяржавы адносна казіно
Неадназначныя эканамічныя плюсы і сацыяльныя рызыкі азартнага бізнесу.

Шмат дзе ў свеце лічыцца, што азартныя гульні – гэта зло, якое нельга пускаць у дом (арабскія дзяржавы ці Украіна). Але, напрыклад, у Вялікабрытаніі, Фінляндыі, ЗША ды іншых развітых краінах у гэтай сферы бізнес мае досыць спрыяльныя ўмовы, а вялікая доля людзей бавіць час у казіно і букмекерскіх канторах.

Падобна на тое, што ў Беларусі ўлады ніколі не перажывалі адносна маральнасці азартных гульняў. Легальныя гульнявыя ўстановы ў Беларусі пачалі з’яўляцца адразу пасля распаду СССР. Першае казіно і букмекерская кантора адкрыліся, адпаведна, у 1992-ім і 1993-ім.

Але сапраўдны бум адбыўся пасля 2009-га.

Тады ў Расіі была забароненая гульнявая дзейнасць за межамі спецыяльных зон. Аляксандр Лукашэнка хутка адрэагаваў, заявіўшы, што пры правільным падыходзе гульнявы бізнес можа і павінен стаць дадатковай крыніцай папаўнення бюджэту.

Спачатку паток турыстаў з Расіі быў велізарны. Аднак пачынаючы з 2014-га танная нафта і іншыя праблемы расійскай эканомікі падкасілі фінансы гульцоў. Да таго ж у 2016-ым з’явіўся новы падатак – 4 % ад кожнай выплаты гульцам. Гэта наўрад ці цешыла наведнікаў казіно і букмекерскіх кантор. У выніку цягам апошніх гадоў заўважнай стала тэндэнцыя змяншэння колькасці гульнявых устаноў. У 2017-ым іх лічба зменшылася амаль на чвэрць у параўнанні з 2014-ым.

 


Неадназначныя эканамічныя перавагі

Відавочна, што кантралюючы тую ці іншую дзялянку, дзяржава хоча мець выгаду для сябе. У 2016-ым годзе гульнявы бізнес заплаціў падаткаў 45,4 млн руб. (0,2% бюджэту краіны). Што тычыцца працоўных месцаў, то варта ўзгадаць забаўляльны комплекс М1, які ўзнік недалёка ад Оршы амаль на мяжы з Расіяй і даў працу людзям з наваколля.

З іншага боку, эканамічная выгада ад гульнявога бізнесу не такая відавочная.

Калі б гэтая сфера была пад забаронай, грошы беларусаў, патэнцыйна спушчаныя ў азартных месцах, маглі быць выдаткаваныя на ежу, рэстараны, вопратку і г.д. То бок усё роўна засталіся б у эканоміцы краіны (хоць расійскіх грошай мы б, канешне, не далічыліся б).

Да гэтага варта дадаць эмацыйнае ўзрушэнне (у негатыўным сэнсе), якое адчуваюць залежныя ад гульні і іх блізкія. Гэта, у сваю чаргу, не вельмі добра ўплывае на іх прадуктыўнасць.

Сацыяльныя рызыкі

Сацыяльныя ж наступства ад азартных гульняў увогуле са знакам мінус. Залежнасць ад гульні (лудаманія), нароўні з камп’ютарнай залежнасцю і алкагалізмам, з’яўляецца псіхічным захворваннем. І наяўнасць гульнявых устаноў у пэўнай ступені спрыяе гэтаму.

У той жа час аднымі забаронамі праблему не вырашыць.

Асабліва сёння, у свеце тэхналогіяў, калі, не выходзячы з дому, можна гуляць у рулетку і ставіць стаўкі анлайн па ўсім свеце. Калі забараніць азартныя гульні ў Беларусі, напэўна, у хуткім часе з’явяцца нелегальныя ўстановы. Як гэта, да прыкладу, здарылася ў Расіі, дзе абарот нелегальных казіно ў сотні разоў перавышае сумарны абарот усіх казіно ў дазволеных зонах і ацэньваецца ў $ 3 млрд.

Для тых, хто хоча спыніцца і больш не прасаджваць грошы, з 2013-га ў Беларусі існуе механізм самаабмежавання ў наведванні гульнявых устаноў. І любы грамадзянін, падаўшы адпаведную заяву, можа гэта зрабіць на тэрмін ад шасці месяцаў да трох гадоў. Са студзеня 2013-га да мая 2017-га года гэтым правам скарысталіся 44,3 тыс. грамадзянаў. Таксама неўзабаве дзяржава ўвядзе правіла, што ўваход у гульнявыя ўстановы (таксама анлайн) будзе дазволены толькі асобам, якім споўніўся 21 год (цяпер 18).

Таксама прынята лічыць, што наяўнасць гульнявых устаноў спрыяе развіццю крыміналу. Напрыклад, калі пройгрыш або даўгі штурхаюць гульца на здзяйсненне злачынства. Другім бокам медаля з’яўляюцца эмацыйныя ўчынкі гульцоў, якія прыносяць шкоду ім самім і іх блізкім. Дастаткова ўспомніць нядаўні выпадак у Пінску, калі мясцовы жыхар, прайграўшы ў казіно, утапіўся ў рацэ. Да прыкладу, іншы гулец некалькі гадоў хаваўся ў лесе ад судовых прыставаў.

Наступныя крокі

Нягледзячы на неадназначныя наступствы, падобна на тое, што радыкальныя змены ў сферы азартных гульняў сёння не патрэбныя. Але дзяржава павінна змяншаць сацыяльныя рызыкі і павялічваць свае эканамічныя перавагі.

  • Па-першае, калі дзяржава хоча, каб больш грошай трапіла ў бюджэт, трэба стварыць прывабныя ўмовы як для тутэйшых гульцоў, так і для замежных. І падатак 4 % тут, відавочна, лішні – у вядомых сусветных анлайн-казіно падобнага проста няма. Рэгулюючы рынак анлайн-гульняў, дзяржава мусіць разумець, што беларускі бізнес будзе дзейнічаць ва ўмовах сусветнай канкурэнцыі.
  • Па-другое, трэба браць пад увагу, што хоць азартныя ўстановы ў Беларусі не забароненыя, у той жа час да іх папулярызацыі/рэкламы трэба ставіцца стрымана. Варта памятаць, што гэтая сфера з’яўляецца рызыкоўнай з сацыяльнай пункту гледжання. Ва ўсялякім разе падарожнік, едучы з нацыянальнага аэрапорта ў Мінск, не павінен мець уражання, што ён кіруецца ва ўсходнееўрапейскі Лас-Вегас.
  • Па-трэцяе, нягледзячы на ​​тое, што гульцы па ўласным жаданні могуць абмежаваць сябе ў наведванні гульнявых устаноў, трэба таксама даць права сваякам залежных ад гульні людзей уносіць гульцоў у пэўных абставінах у чорныя спісы.
  • Па-чацвёртае, людзі, якія пакутуюць на залежнасць ад гульні, павінны быць забяспечаныя прафесійнай псіхалагічнай/псіхіятрычнай дапамогай. Паводле ацэнак спецыялістаў, ад лудаманіі ў краіне могуць пакутаваць некалькі сотняў тысяч чалавек. Напрыклад, прадстаўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхалагічнага здароўя лічыць, што ў краіне трэба ствараць сетку ананімных цэнтраў, у якія маглі б звярнуцца людзі з падобнымі праблемамі.

Дзяржава павінна быць свядомая, што казіно – гэта не толькі даходы ў бюджэт, але і страты людзей.