Усе сучасныя рэвалюцыі ў свеце адбываюцца ў гарадах, таксама як і ваенныя дзеянні. Майдан, Таксім, Тахрыр, Кастрычніцкая, Цяньаньмэнь, Вацлаўская – спробы ўдалых ці не вельмі рэвалюцый пачынаюцца менавіта на галоўных плошчах.
У канфліктах да канца XX-га стагоддзя галоўныя дзеянні адбываліся ў месцах, дастакова далёкіх ад цывілізацыі. Гарады маглі падпасці пад абстрэл, здацца, стварыць падполле ці трымаць аблогу. Толькі пачынаючы з Алжырскай вайны за незалежнасць 1954-1962 гадоў, дзеянні пачалі разгортвацца ў асноўным на тэрыторыі гарадоў. Пераломным момантам сталі войны ў Іраку і на Бліжнім Усходзе. Пасля пачаўся адлік новага часу гісторыі гарадоў, дзе была пераасэнсавана роля, якую адыгрывае гарадская прастора падчас масавых пратэстаў ці ўзброеных канфліктаў.
Грамадскія месцы – плошчы –традыцыйна былі месцам, дзе грамадзяне мелі магчымасць агучыць сваю незадаволенасць рашэннямі ўрада, абмеркаваць нейкае пытанне грамадскай значнасці ці нават паказаць сваю ўладу. У выніку з’яўлялася магчымасць сфармуляваць новае бачанне будучай палітыкі. У класічнай Грэцыі агора была назвай вялікай адкрытай гарадской прасторы для гандлю, палітычнай, рэлігійнай і вайсковай дзейнасці.
Агора ператваралася ў сваесаблівы форум чатыры разы на месяц. Там праводзіліся сустрэчы, дзе грамадзяне Афінаў і іншых грэцкіх гарадоў абмяркоўвалі рашэнні, прымалі законапраекты і выслухоўвалі амбасадараў. Таксама там прымаліся рашэнні адносна знешняй палітыкі і абароны, абмеркоўваліся пытанні выгнання няўгодных грамадзянаў, а таксама адбываліся судовыя працэсы.
Такім чынам, фармальна сучасны Майдан не адрозніваецца ад класічнай версіі грамадскага дэмакратычага форуму. Але, зразумела, часы змяніліся, як і формы дэмакратычнага кіравання, таму складана параўноваць Майдан і грэцкую агору.
Тым не менш, традыцыя выкарыстання гарадскіх плошчау ў якасці эпіцэнтра дэмакратычнага выказвання і пратэсту вельмі даўгая. Рэвалюцыя Руж ў Грузіі ў 2003 годзе пачалася на плошчы Свабоды ў Тбілісі і скончылася сыходам Эдуарда Шэварнадзэ. Кіргіскія пратэстоўцы захапілі плошчу Ала-Тоо ад паліцыі ў 2005 годзе, затым хутка ўварваліся ў суседні прэзідэнцкі палац і скінуты шматгадовага прэзідэнта Аскара Акаева. Цягам той рэвалюцыі да ўлады прыйшоў Курманбек Бакіеў, які зараз атрымаў палітычны прытулак у Беларусі.
Яшчэ больш значнымі гарадскія плошчы сталі пасля арабскай вясны. Егіпецкая рэвалюцыя адбылася на плошчы Тахрыр і прывяла да падзення Хосні Мубарака. Тая ж самая плошча была каардынацыйным цэнтрам для егіпецкіх рэвалюцый 1919 і 1952 гг.. Што цікава, слова Майдан – запазычанае з арабскай мовы, і midan гэта назва любой грамадскай плошчы.
Штучная адсутнасць грамадскай прасторы альбо наўмыснае кіраванне будаўніцтвам у горадзе, каб пазбавіць грамадзян магчымасці пратэставаць – адзін з інструмэнтаў аўтарытарных рэжымаў. Калі вы не хаціце пратэстаў – зрабіце так, каб грамадскіх месцаў не было ўвогуле. Ле Карбузье, самы ўплывовы архітэктар ХХ стагоддзя і найвыбітнейшы прадстаўнік мадэрнізму прапанаваў адзін з самых недэмакратычных праектаў у горадабудаўніцтве – “Сучасны горад”.
Іншы прыклад – Оскар Німайер, які зрабіў майстар-план новай сталіцы ў джунглях Бразіліі. Адразу пасля інаўгурацыі новай сталіцы ў Бразіліі была ўсталявана 20-гадовая дыктатура. Існуе меркаванне, што яе доўгатэрміновасць была вызначаная недахопам грамадскіх месцаў, якія можна было б выкарыстаць для пратэстаў.
Другі шлях – будаваць плошчы несуразмерных з маштабам успрыняцца жыхароў, то бок вельмі вялікімі і пустымі. На такіх плошчах любы чалавек, а таксама патэнцыйны пратэстоўца не адчувае сябе небяспечна. Як не дзіўна, першапачынальнікамі такога прыкладу горадабудаўніцтва былі французы. Сучасныя прыклады можам назіраць у Маскве, Мінске, новай сталіцы Бурме Найпідав, Бейджінге. Такія плошчы выкарыстоўваюцца ў асноўным уладамі для вайсковых парадаў і іншых мерапрыемстваў, і толькі час ад часу яны ператвараюцца ў кропкі супрацьстаяння.
Такім чынам, месца грамадскай прасторы з’яўляюцца вельмі важным элементам любога гораду. 15 красавіка 2011 года Праграма па населеных пунктах ААН прыняла першую ў свеце рэзалюцыю, якая заклікае да распрацоўкі стратэгічнага падыходу да развіцця грамадскіх публічных месцаў на міжнародным узроўні.
У рэзалюцыі падкрэсліваецца значэнне Сусветнай хартыі аб праве на гарады. Па меркаванні ААН, “гарады павінны складаць атмасферу поўнай рэалізацыі ўсіх правоў чалавека і асноўных свабод, а таксама забяспечваць годнасць і калектыўны дабрабыт усіх людзей, ва ўмовах роўнасці і справядлівасці”. Адпаведна Хартыі, кожны чалавек павінен мець права знайсці ў горадзе “неабходныя умовы для іх палітычнай, эканамічнай, культурнай, сацыяльнай і экалагічнай рэалізацыі … ”
Праект для грамадскіх месцаў (Project Public Spaces) гэта некамерцыйная арганізацыя, заснаваная ў 1975 годзе. Яны займаюцца планаваннем, праектаваннем і адукацыяй, каб дапамагчы людзям ствараць і падтрымліваць грамадскія месцы. Праект дапамагае грамадзянам трансфармаваць і насычаць свой горад жыццёва-важнымі месцамі, фарміраваць мясцовыя актывы, а таксама стымуляваць грамадзянскую актыўнасць.
У Беларусі таксама было б карысна распачаць больш гарадскіх ініцыятыў, таму што прынцып “мая хата з краю” не працуе ў сучасным свеце, дзе ўжо больш за 50% насельніцтва жыве ў гарадах. Гарады з’яўляюцца паўнавартаснымі палітычнымі і эканамічнымі акторамі, і кожны з нас мае сваё права на горад.