падтрымаць нас

Што думае Еўропа

Ці здолее Малдова застацца на шляху ў Еўропу? (заканчэнне)

Ці здолее Малдова застацца на шляху ў Еўропу? (заканчэнне)
Як абараніць Малдову.

Высокапастаўленыя малдоўскія чыноўнікі неахвотна публічна гавораць аб тактыцы Расеі. Замест гэтага, яны намагаюцца трымаць усе каналы дыялогу з Расеяй адкрытымі, не адмаўляючыся ад еўрапейскіх прыярытэтаў. Міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў быў запрошаны з візітам у Кішынёў у 2014 годзе ў межах неканфліктнага падыходу, кароткачасовая мэта якога пацягнуць час да моманту падпісання дамовы аб асацыяцыі. ЕС мусіць падтрымліваць гэты падыход у двухбаковых стасунках з Расеяй. Два саміты ЕС-Расея, прызначаныя на першую палову 2014 году, прадстаўляюць добрую магчымасць падняць малдоўскае пытанне з Крамлём. ЕС мусіць даць моцны сігнал, што ён працягвае сачыць за Малдовай, і калі Расея задзейнічае эканамічны ціск, ЕС прадэманструе салідарнасць з Малдовай. Каб зрабіць гэтую пазіцыю яснай, вельмі важныя візіты еўрапейскіх чыноўнікаў вышэйшага ўзроўню ў Кішынёў.

ЕС таксама мусіць стрымліваць непрыносячыя карысці галасы ўнутры свайго лагеру. Румынскія размовы аб паўторным аб’яднанні рызыкуюць адчыніць скрыню Пандоры датычна памежных перспектываў у былым Савецкім Саюзе. Прымаючы да ўвагі патэнцыйную зменлівасць палітыкі Малдовы ў 2014 годзе, ЕС мусіць быць гатовы выступаць у якасці пасярэдніка паміж чальцамі кааліцыі, а таксама паскорыць пераклад і юрыдычную частку, каб скараціць падрыхтоўчы перыяд перад падпісаннем дамовы аб асацыяцыі. Румынская прапанова аб дапамозе, датычная хуткаснага перакладу дакументаў, мусіць быць прынятая. Дэдлайн падпісання ўжо двойчы пераносіўся, з кастрычніка на верасень, а потым на жнівень 2014 году. Падрыхтоўчы перыяд мусіць быць сціснуты яшчэ мацней.

Як толькі крытэрыі будуць выкананыя, ЕС павінен выканаць свае абяцанні. Малдова зрабіла тое, аб чым яе прасілі, таму ЕС мусіць зняць візавыя патрабаванні ў дачыненні да тых грамадзянаў Малдовы, хто мае біяметрычныя пашпарты, да лета 2014 году. Еўрапейскі Парламент павінен прагаласаваць па гэтым пытанні, пакуль не пачнецца выбарчы сезон да самога Парламенту. Краіны-чальцы ЕС мусяць даць зялёнае святло праграме адмовы ад візавага рэжыму ў межах Савета па правасуддзю і унутраных справах. Пазітыўнае рашэнне пытання адмены візавага рэжыму сталася б сур’ёзнейшым жэстам у падтрымку Малдовы. Гэта бы наглядна прадэманстравала плюсы еўраінтэграцыі для звычайных грамадзян.

Каб нейтралізаваць энергетычныя рычагі ўплыву Расеі, ЕС мусіць падтрымліваць супрацоўніцтва Малдовы з Румыніяй і Украінай у энергетычнай сферы. Газаправод Ясі-Унгень паміж Малдовай і Румыніяй павінен пачаць функцыянаваць да красавіка 2014 году. Аднак, без кампрэсарнай станцыі ён зможа транспартаваць толькі абмежаваныя аб’ёмы газу (да 0,5 мільярда кубічных метраў), і пастаўляць газ толькі ў тыя рэгіёны Малдовы, якія знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці, Унгень і Ніспарэны. Ён не здолее забяспечыць сталіцу, Кішынёў, каторы відавочна з’яўляецца найвялікшым спажыўцом газу. Такім чынам, ЕС мусіць даць штуршок да хутчэйшага будаўніцтва кампрэсарнай станцыі ў Ясі, каб злучальны газапровад працаваў у поўную моц (1,5 мільярды кубічных метраў, што раўняецца гадавой норме спажывання газу ў Малдове, калі не ўлічваць Прыднястроўе). ЕС таксама павінен спрыяць планам будаўніцтва газапроваду Унгень-Кішынёў.

Украіна не збіраецца зачыняць дзверы перад ЕС, таму Еўропа яшчэ можа паспрабаваць пераканаць Кіеў прытрымлівацца яго дамоўленасці з Малдовай аб тэрміновых пастаўках газу. Малдова зараз вядзе перамовы з Румыніяй датычна паставак электраэнергіі ў 2014 годзе, але Румынія можа прадставіць толькі 25% ад неабходнага аб’ёму, і, з-за нізкай прапускной здольнасці, ажыццявіць пастаўкі толькі ў некаторыя рэгіёны Малдовы. Украінскія вытворцы электраэнергіі, адпаведна, стануць вырашальным чыннікам, каб прадухіліць магчымы энергетычны крызіс увесну. Падчас пераходнага перыяду ЕС павінен прадаставіць фінансавую дапамогу, каб было больш ліній электраперадач бессістэмнай сувязі для падвышэння прапускной здольнасці паміж Малдовай і Румыніяй.

ЕС таксама мусіць выпрацаваць план на выпадак расейскіх гандлёвых абмежаванняў, і разгледзець далейшую лібералізацыю рынку для малдоўскіх тавараў (як гэта адбылося ў выпадку з расейскім вінным эмбарга), да таго як дамова аб асацыяцыі папярэдне ўступіць у сілу. Каб дапамагчы Малдове перажыць любое іншае расейскае эканамічнае эмбарга, ЕС павінен паслабіць абмежаванні ў дачыненні да асноўных прадуктаў, якія Малдова экспартуе на еўрапейскі рынак: садавіны і агародніны, круп, цукра і мёда, сланечнікавага насення, алею, і тавараў лёгкай прамысловасці, такіх як вопратка, аксэсуары, пантофлі, торбы і мэбля.

ЕС таксама мусіць уважліва сачыць за Прыднястроўем і Гагаўзіяй. Улетку 2013 году пільная дыпламатыя Малдовы пры падтрымцы ЕС прымусіла расейскіх і прыднястроўскіх лідэраў прыпыніць далейшую эскалацыю напругі ў зоне бяспекі. Такая ж самая, але ўдасканаленая стратэгія мусіць быць задзейнічана і ў 2014 годзе. Спатрэбіцца больш візітаў еўрачыноўнікаў і дыпламатаў краінаў-чальцоў ЕС, акрэдытаваных у Кішынёве, у Прыднястроўе. ЕС павінен унесці прыднястроўскі канфлікт у парадак дня з Расеяй, і удакладніць, што любыя агрэсіўныя спробы абвастрыць канфлікт будуць мець свой кошт. Падобныя пасылы наўрадці паспрыяюць трываламу вырашэнню канфлікта, але як мінімум дапамогуць пераканаць Расею адмовіцца ад “рэгулюемай дэстабілізацыі” у 2014 годзе. Крэмль любіць дзейнічаць у рэгіёне ў той час, калі іншыя удзельнікі гульні занятыя больш тэрміновымі пытаннямі. Расея намагаецца перайграць ЕС у Прыднястроўі шляхам укладання большай сумы грошай. Аднак, прыклад Абхазіі і Паўночнай Асеціі мусіць нагадаць, што часам расейская дапамога можа выкарыстоўвацца неналежным чынам непрызнанымі ўтварэннямі на тэрыторыі былога СССР.

ЕС і Малдова маюць перавагу ў гандлёвых стасунках з Прыднястроўем, бо разам яны спажываюць каля 70% яго экспарту. ЕС мусіць выкарыстаць гэтую перавагу, каб пераканаць Прыднястроўе адмовіцца ад далейшых правакацый і падштурхнуць да ўдзелу ў Зоне паглыбленага і ўсеабдымнага вольнага гандлю (DCFTA). Прыднястроўскія кампаніі, якія прайшлі сертыфікацыю ў Кішынёве і адпавядаюць стандартам ЕС, павінны атрымліваць выгаду ад палажэнняў DCFTA. Тэрмін дзеяння заяўкі Аўтаномных гандлёвых прэферэнцыяў для прыднястроўскіх кампаній скончваецца напрыканцы 2015 году, што дасць згаданым кампаніям нават мацнейшы стымул прытрымлівацца новых правілаў.

Апошняе, але не менш важнае, ЕС павінен накіраваць намаганні ў пасярэдніцтве паміж Кішынёвам і Камратам на тое, каб пераканаць абодва бакі не прымаць паспешлівыя рашэнні. ЕС запланаваў трохгадовую праграму развіцця на 5 мільёнаў еўра ў Гагаўзіі, што дае пэўную перавагу ў справе укаранення пазітыўнага уплыву на ўлады ў Камраце.

Нягледзячы нават на віннае эмбарга, выбарковую высылку працоўных з Расеі, заклікі Крамля да сепаратызму і крамлёўскія жа пагрозы адключыць электраэнергію зімой, 35% малдаван прагаласавалі б за далучэнне да Мытнага Саюзу замест ЕС. Расея ўсё яшчэ мае рэшткі так званай “мяккай сілы” у Малдове. Гэта настальгія па Савецкім Саюзе і яго культуры, кансерватыўнасць рускай царквы, уплыў рускамоўных сродкаў масавай інфармацыі і ўтвораных дзяржавай недзяржаўных арганізацый. Гэтая “мяккая сіла” можа дапамагчы Расеі запаволіць і нават прыпыніць укараненне малдоўскай еўрапейскай палітыкі. ЕС, такім чынам, мусіць сур’ёзна ўдасканаліць публічную дыпламатыю ў Малдове, аформіць свой пасыл ва ўмовах эканамічнага росту ўсё яшчэ вельмі беднай краіны. Крэмль часта вырашае справы на базе ілюзорных перавагаў, кшталту зніжак на газ, каштоўнасць якіх упадзе як толькі Расея падвысіць кошты на газ на унутраным рынку. ЕС мусіць сыходзіць ад кантрастнага – паказаць рэальныя практычныя вырашэнні праблем, напрыклад, праекты па рацыянальным выкарыстанні электраэнергіі на аснове біамасы, якія дапамогуць скараціць рахункі за электрычнасць зімой. Прэс-рэлізы і прэс-канферэнцыі з малдоўскімі чыноўнікамі троху дапамогуць зрабіць больш бачнай прысутнасць ЕС і пераканаць еўраскептыкаў у Малдове. ЕС мусіць стварыць мапу з пазначэннем усіх праектаў, якія ён ужо прафінансаваў у Малдове, і распаўсюдзіць яе як мага шырэй у электронным і друкаваным выглядзе. Кожны набыты тралейбус, кожная адрэмантаваная дарога і адноўлены за еўрапейскія грошы шпіталь павінен мець на сабе вялікую шыльду з пазначэннем спонсара праекта.

Публічная дыпламатыя ЕС павінна ўжывацца ва ўсіх рэгіёнах, пранікаць у сельскія мясцовасці і расейскамоўныя гарады кшталту Балці, і мясцовасці, населеныя нацыянальнымі меншасцямі, як Гагаўзія і Тараклія. Распаўсюд ідэяў мусіць быць не аднаразовай акцыяй, а часткай сістэмнай працы, накіраванай на тлумачэнне разнастайным катэгорыям насельніцтва, што ЕС ужо зрабіў і якія плюсы для будучыні Малдовы нясе еўраінтэграцыя.  Хаця 58% малдаван аддаюць перавагу еўраінтэграцыі, для многіх з іх яна застаецца нейкім абстрактным паняццем. Грамадскі сектар можа моцна дапамагчы ў папулярызацыі еўраінтэграцыі. Больш актыўная публічная дыпламатыя можа развеяць прывабнасць расейскага вяртання да мінулага, і сфармаваць лепш інфармаваную грамадскасць, якая залагодзіць выгляд еўрапейскіх рэформаў у Малдове.

Пра аўтара

Станіслаў Секрыеру ў дадзены момант супрацоўнічае з румынскім Цэнтрам еўрапейскай палітыкі ў Бухарэсце, і нядаўна закончыў даследчую праграму ў бухарэсцкім New Europe College. Ён займаўся даследваннямі палітыкі Расеі і ЕС у Малдове. Да гэтага, ён быў навуковым супрацоўнікам у Вайсковым каледжы НАТА у Рыме і Інстытуце еўрапейскай палітыкі ў Берліне. Ён таксама працаваў над даследчымі праектамі, якія закраналі развіццё палітыкі і бяспекі ў рэгіёнах усходняга накірунку для Open Society Foundation у Бухарэсце, Demos Europa у Варшаве, Фінскага інстытуту замежных справаў, Фонда Генрыха Бойля і Freedom House. Ён напісаў справаздачу аб Малдове ў Nations in Transit 2013.

Арыгінал тэксту на ангельскай мове