падтрымаць нас

Грамадства

Ідэнтычнасць гарадоў: хто заменіць архітэктараў і бізнес-інвестараў?

Ідэнтычнасць гарадоў: хто заменіць архітэктараў і бізнес-інвестараў?
Звычайныя жыхары – гэта адзіныя, хто можа абараніць аўтэнтычнасць сваіх гарадоў.

Гарадская прастора больш не належыць архітэктару ці урбаністу, але з’яўляецца складаным механізмам з вялікай колькасцю лакальных і міжнародных актораў. Што такое гарадская ідэнтычнасць, якую ролю яна адыгрывае ў сучасным горадзе і хто яе стварае?

Роля, якую выконвае архітэктар у постындустрыяльным горадзе, змяняецца. Замест аўтарытарных асобаў, накшталт Ле Карбузье, прыходзяць буйныя кампаніі, дзе супраца вялікай колькасці людзей з рознымі ідэямі выліваецца ў фінальны крэатыўны прадукт.

Маштаб архітэктурных праектаў зменшыўся — у сучасным свеце цяжка ўявіць, што некалькі архітэктараў могуць атрымаць замову на пабудову цэлага горада наноў, як здарылася з адбудовай пасляваеннага Мінска. Нават у заходнім свеце праекты Роберта Мозеса, які перакроіў Манхэтан у 1960-ых, сёння падаюцца нерэальнымі.

У сучасным свеце абсалютнага панавання капіталу архітэктар больш не мае таго ўплыву, які меў у часы ўзмоцненага дзяржаўнага кіравання. Эпоха таталітарнага тэхнакратычнага урбанізму прайшла, і адпаведна зменшылася роля архітэктара ў фармаванні гарадской прасторы і гарадской ідэнтычнасці.

Роля інвестараў і заказчыкаў у такіх гарадах як Нью-Ёрк ці Лондан непараўнальна большая, чымся роля архітэктараў.

На жаль, у большасці выпадкаў жаданні кліента выконваюцца насуперак прафесійным ці эстэтычным поглядам, прыклады чаго мы бачым у Мінску, Маскве ці Шанхаі.

У краінах з іншымі метадамі кіравання гарадскія ўлады могуць выступаць галоўным заказчыкам — роля архітэктара там менш камерцыялізаваная і можа мацней уплываць на фармаванне гарадской прасторы. Тым не менш, і прыватныя, і дзяржаўныя заказчыкі ўсё больш пачынаюць цікавіцца стварэннем сімвалаў горада, якія маглі б адпаведна ўплываць і на стварэнне ідэнтычнасці. І хмарачос Гхеркіна ў Лондане, і гмах CCTV у Пекіне, і будынак Нацыянальнай бібліятэкі ў Мінску, і скульптура згушчонкі ў Рагачове пераследуюць аднолькавую ідэю: стварэнне адметнага элемента, часткі горада, праз якую можна выбудоўваць новыя сэнсы і новую ідэнтычнасць.

Вяртанне аўтэнтычнасці?

Праз глабалізацыю капіталу, культуры і палітыкі вялікія гарады ўсяго свету паступова страчваюць сваю ідэнтычнасць. Адпаведна апісанню філосафа Мішэля Фуко, сусветныя гетэратопіі пашыраюцца і растуць: глабалізаваныя гарады выглядаюць усё больш аднолькава. Незалежна ад таго, у Еўропе ты ці ў Азіі, ежа, звычкі ды месцы становяцца ўсё больш падобнымі.

Гетэратопіі — гэта складаныя паралельныя прасторы, якія набліжаюць утопію ці нейкую ідэю без яе фізічнай ці прадметнай прысутнасці. Паводле Фуко, бізнес-цэнтры, цягнікі, аэрапорты, шопінг-молы, супермаркеты, міжнародныя сеткі рэстаранаў і кавярняў уяўляюць сабой гетэратопіі. Яны з’яўляюцца сімваламі глабалізаванага свету, ствараючы квазі-віртуальную прастору і дазваляючы жыхарам сучасных гарадоў перанесціся туды, дзе іх няма.

Досвед знаходжання ў шопінг-моле “Сталіца” ў Мінску будзе параўнальным з досведам у шопінг-моле ў любой іншай частцы свету, напрыклад, у Ганконгу. Кава “Старбакс” у Варшаве мала адрозніваецца ад такой жа кавы ў Нью-Ёрку, але добра гэта ці дрэнна — пытанне больш складанае.

starbucks

З пашырэннем глабалізацыі ды вольнага рынку, з развіццём бізнес-сетак і кавярняў ідэнтычнасць постындустрыяльных гарадоў нівелюецца. Больш за тое, глабалізацыя міжнародных архітэктурных офісаў, якія будуюць паводле падобных праектаў у розных частках свету, яшчэ больш ускладняе пытанне штучнага стварэння ідэнтычнасці гарадской прасторы.

Феномен гетэратопіі шырока ўжываецца урбаністамі для таго, каб зразумець праблему ідэнтычнасці як цэнтральнага пытання вялікіх глабальных шматнацыянальных гарадоў. Што можна прапанаваць у супрацьвагу аднолькавым бізнес-цэнтрам і хмарачосам?

Лакалізацыя ды ідэнтыфікацыя горада можа адбывацца не толькі праз вонкавае аблічча архітэктурнага асяроддзя. Гарадская ідэнтычнасць постындустрыяльнага горада больш не ствараецца таталітарным архітэктарам ці урбаністам у найлепшых традыцыях мадэрнізму, але яго жыхарамі. Грамадскія прасторы, месцы для супрацы ды ўзаемадзеяння павінны стаць галоўным элементам стварэння ідэнтычнасці горада. Неабходна, каб гараджане пачалі ўсведамляць сваю адказнасць за фармаванне гарадской прасторы і, адпаведна, сябе як жыхароў горада.

У паспяховым постындустрыяльным горадзе беларускі падыход “мая хата з краю” не мае права на існаванне.

Каб Мінск паспяхова і ўстойліва развіваўся, гараджане павінны ўсвядоміць сябе галоўнымі ўласнікамі горада і заказчыкамі будучага развіцця.

Нават цяпер Мінск існуе ў паралельных рэчаіснасцях: ёсць Мінск, у якім шмат ідэяў і вартых месцаў, выставаў, імпрэзаў і мажлівасцяў для развіцця, а ёсць Мінск, дзе няма чаго рабіць і што паказаць.

Метады і маштабы “атрымання ўласнасці” над горадам могуць быць розныя: ад грамадскіх абмеркаванняў да супрацы з суседзямі, ад высвятлення, чаму ўсё ж высякаюць дрэвы побач з домам, да таго, каб не паркаваць аўтамабіль на дзіцячай пляцоўцы. Разуменне, што горад — гэта складаны механізм, дзе ўсе акторы мусяць супрацоўнічаць і ўзаемадзейнічаць адно з адным, неабходнае для таго, каб уцяміць, што горад належыць яго жыхарам.

Архітэктар не можа мець і больш не мае адзінага правільнага тэхнакратычнага вырашэння гэтай праблемы. Усведамленне гарадской ідэнтычнасці з’яўляецца галоўным элементам паспяховага збалансаванага развіцця, якое будзе пазітыўна ўплываць як на жыхароў горада, гэтак і на яго эканоміку, забяспечваючы зацікаўленасць бізнесу ды інвестыцый.

Жыхары горада ствараюць новую ідэнтычнасць, і кожны павінен задаць сабе пытанне, якім ён бачыць сабе будучы Мінск. Ці будзе гэта горад інавацыі ды ідэй, месца, куды можна прыехаць за новымі думкамі, ці будзе ён зборам выпадковых забудоваў не самых лепшых прыкладаў камерцыйнай бізнес-архітэктуры 2000-ых — вырашаць нам, як жыхарам горада.

Першая версія гэтага артыкула была апублікаваная ў альманаху “Гарадскія тактыкі”. Прэзентацыя новага нумара, прысвечанага гарадской ідэнтычнасці,  адбудзецца ў Мінску 9 лістапада (панядзелак) а 18:30 у бізнес-клубе Imaguru (вул. Фабрыцыуса, 4).