падтрымаць нас

Палітыка·Што думае Еўропа·Эканоміка/Бізнес

Войны ва ўзаемнай звязанасці (заканчэнне)

Войны ва ўзаемнай звязанасці (пачатак)
Новая G7: геаэканамічныя гульцы і іх суперздольнасці.

Вы чытаеце заканчэнне эсе “Войны ва ўзаемнай звязанасці”, пачатак знаходзіцца тут

У новай эры геаэканомікі некаторыя краіны і рэгіянальныя блокі будуць квітнець, а некаторыя – пакутаваць. ЗША дамінуюць на некалькіх франтах, але іншыя гульцы аказваюць значны ўплыў у сваіх нішах. Мы вызначылі сем архетыпічных формаў улады ў свеце геаэканомікі, новую G7.

Фінансавая супердзяржава: ЗША

ЗША застаюцца адзінай супердзяржавай у свеце, і могуць ужываць ваенную моц  прасцей, чым любая іншая краіна.

Аднак апошнім часам новым інструментам выкарыстання сілы стала выкарыстанне ролі долара як запасной валюты ў свеце.

Пасля 11-га верасня, калі амерыканскі прэзідэнт абвясціў сусветную “вайну супраць тэрору”, чыноўнікі ў казначэйстве ЗША пачалі вывучаць пытанне, як Вашынгтон можа выкарыстоўваць усюдыіснасць долара і амерыканскае панаванне ў міжнароднай фінансавай сістэме, каб вызначыць крыніцы фінансавання тэрарызму. Тое, што пачалося як вайна супраць “Аль-Каіды”, разраслося і ўключыла ў сябе меры супраць Паўночнай Карэі, Ірана, Судана і нават Расіі. Вялізныя штрафы, накладзеныя на банкі, абвінавачаныя ў парушэнні санкцый, да прыкладу на французскі BNP Paribas, пранялі шокам сусветныя фінансавыя рынкі і выступілі ў якасці магутнага стрымлівальнага фактару для будучых здзелак. Па словах тагачаснага дырэктара ЦРУ Майкла Хэйдэна, “гэта была высокадакладная зброя ХХІ стагоддзя”.

Рэгулятыўная супердзяржава: ЕС

Паколькі ЕС мае самы вялікі ў свеце адзіны рынак, функцыянаванне большасці шматнацыянальных кампаніяў залежыць ад доступу да гэтага рэгіёна, а гэта азначае неабходнасць адпавядаць стандартам ЕС. Еўрасаюз выкарыстоўваў гэтую ўладу ў розны час цягам многіх гадоў у сферы эканомікі: блакаваў зліццё General Electric і Honeywell, прымусіў Microsoft аддзяліць браўзер Explorer ад сістэмы Windows і кінуў выклік амерыканскаму аграбізнесу ў Афрыцы ды на іншых сусветных рынках з нагоды выкарыстання генетычна мадыфікаваных арганізмаў.

Практыка раздачы ўказанняў пракралася і ў палітычную сферу, у пытанні кшталту змены клімату, і, што найбольш драматычна, гэта адбылося праз працэс далучэння і палітыку добрасуседства ЕС.

Каб уступіць у Саюз, кандыдаты павінны інтэграваць ва ўнутранае заканадаўства больш за 80 тыс. старонак закона, дзе прапісана ўсё: ад правоў геяў і смяротнага пакарання да рэгулявання гучнасці газонакасілак і харчовай бяспекі. Больш за тое, рэгулятыўная ўлада таннейшая, больш трывалая, хутка разгортваецца, і канкурэнтам цяжэй яе падарваць, чым больш традыцыйныя інструменты вонкавай палітыкі.

Будаўнічая супердзяржава: Кітай

Кітай сёння выкарыстоўвае эканамічную мудрасць у кіраванні дзяржавай часцей, смялей і разнастайней, чым калі-небудзь. Нягледзячы на тое, што гандлёвая і эканамічная моц Кітая расце, яго самым інавацыйным геаэканамічным інструментам з’яўляецца інфраструктура, як фізічная, гэтак і інстытуцыйная. Бюджэт Пекіна на будаўніцтва інфраструктуры складае $ 100 млрд, якая пакрывае тэрыторыю ад Венгрыі да Інданезіі – столькі ж выдаткавана ў Еўропе паводле Плана Маршала ў прывязаных да інфляцыі доларах. Перадусім сродкі гэтага бюджэту ідуць на фінансаванне дарог, чыгунак, трубаправодаў і іншых аб’ектаў інфраструктуры ў Еўразіі, згладжваючы заходнюю праекцыю Кітая.  

Кітайскія крыніцы сцвярджаюць, што гэта дадасць $ 2,5 трлн гандлю Кітая ў наступным дзесяцігоддзі – гэта больш, чымся кошт усяго экспарту ў 2013-ым годзе, калі Кітай быў галоўным экспарцёрам у свеце.

Акрамя таго, пакуль Пекін застаецца актыўным гульцом у існых міжнародных інстытутах, ён таксама падтрымлівае і фінансуе паралельныя структуры, такія як Азіяцкі банк інфраструктурных інвестыцыяў і Шанхайская арганізацыя супрацы. Агульная роля ўсіх гэтых намаганняў – большая аўтаномія, у першую чаргу ад ЗША, і распаўсюд сферы ўплыву Кітая на Азію і далей. Амбіцыі Кітая выходзяць за рамкі фізічнага свету ў віртуальны, дзе Пекін ставіць на парадак дня пытанне кібер-суверэнітэту і кідае выклік шматбаковай, адкрытай мадэлі кіравання інтэрнэтам, якую абараняюць ЗША.

Кітай хоча, каб нацыянальныя ўрады кантралявалі плыні інфармацыі ды інтэрнэт у сваёй юрысдыкцыі.

І кітайскае кіраўніцтва ўсё больш умацоўвае кантроль над пастаўшчыкамі інтэрнэту і тэхналогіяў. З найбуйнейшай супольнасцю карыстальнікаў сеціва (каля 700 млн кітайскіх грамадзян у цяперашні час карыстаюцца інтэрнэтам рэгулярна, каля 600 мільёнаў з іх – з дапамогай мабільных прыладаў) Кітай мае вагу.

Міграцыйная супердзяржава: Турцыя

У эпоху масавых міграцый здольнасць кантраляваць плыні людзей з’яўляецца крыніцай магутнасці. Турэцкія ўлады выкарыстоўвалі пагрозы плыні мігрантаў, каб змяніць баланс сілаў паміж Турцыяй і Еўрасаюзам, патрабуючы адмены візавых абмежаванняў, а таксама фінансавай дапамогі, каб змякчыць цяжар ад утрымання больш за 2 млн сірыйцаў, і аднаўлення ды ўмацавання прапановы чалецтва ў ЕС.

Дэструктыўная супердзяржава: Расія

Калі расійская імперыя зменшылася пасля заканчэння Халоднай вайны, Расія ператварылася ў ініцыятара разбурэнняў. Яе вонкавая палітыка ў апошнія гады сфармавала паводзіны суседзяў і іншых дзяржаваў праз такія тактыкі, як адключэнні газу, санкцыі, звальненні працаўнікоў, кібер-атакі, дэзынфармацыя і прапагандысцкія кампаніі, спробы паставіць у безвыходнае становішча кіраваныя Захадам міжнародныя арганізацыі ад ААН да АБСЕ. У той жа час Расія працавала над стварэннем новых арганізацый – BRICS, Шанхайскай арганізацыі супрацы і Еўразійскага эканамічнага саюза –  каб распаўсюдзіць сваю ўладу далей. Але паколькі Расія прыклала недастаткова намаганняў, каб узмацніць і дыверсіфікаваць сваю эканоміку, якая апіраецца пераважна на экспарт вуглевадародаў, расійская доля ў сусветнай эканоміцы ідзе па сыходнай траекторыі. Гэта з цягам часу накладзе пэўныя абмежаванні на здольнасць да дэструктыўнай дзейнасці.

Энергетычная супердзяржава: Саудаўская Аравія

Геаэканамічная моц Саудаўскай Аравіі заснаваная на 10 млн барэляў нафты, якія яна здабывае штодня.

Сёння Саудаўская Аравія адказвае за пятую частку сусветнага гандлю нафтай.

На працягу дзесяцігоддзяў яна ператварыла свае вуглевадароды ў эканамічную і геапалітычную магутнасць, умацоўваючы Арганізацыю краін-экспарцёраў нафты (АПЕК) як асноўны інструмент для трансфармацыі рынкавай улады ў больш шырокі міжнародны эканамічны рычаг. Саудаўская Аравія выкарыстала сваю гатоўнасць трымаць кароткатэрміновыя ўдары дзеля фармавання глабальнага рынку на сваю карысць (і на шкоду супернікам, такім як Іран ці сланцавыя кампаніі ЗША). Больш за тое, яна была гатовая ўкласці мільярды нафтадолараў у падтрымку сваіх вонкавапалітычных мэтаў – у падтрымку контррэвалюцыйных рэжымаў падчас арабскага паўстання, а таксама ў рэгіянальную гібрыдную вайну супраць Ірана.

Моц народу

Эканоміка, звязаная з грамадствам, у значна большай ступені падлягае хваляванням знізу, распаленым варожымі ўрадамі, тэрарыстычнымі групоўкамі ці падлеткамі ва ўласных спальнях. Здольнасць людзей аб’ядноўвацца ў віртуальнай рэчаіснасці ва ўяўную большасць робіць як дэмакратычную, гэтак і аўтакратычную палітыку больш нестабільнай і схільнай да кампаніяў супраць канкрэтных напрамкаў дзейнасці. (Фрэнсіс Фукуяма казаў аб нараджэнні ветакратыі, калі палахлівыя лідары ўступаюць пад ціскам грамадскасці.) Хакерства, публічныя байкоты і аўтаномныя ці інсцэнізаваныя ўладамі кампаніі за скарачэнне інвестыцыяў робяцца ўсё больш звыклымі, больш эфектыўнымі, і патрабуюць менш часу і рэсурсаў для іх правядзення.

Куды гэта вядзе Еўропу?

У тэорыі ЕС мусіць лепш пачувацца ў геаэканамічным свеце, чымся ў класічным геапалітычным. Эканамічна ЕС з’яўляецца гігантам. ЕС –  краевугольны камень Еўразоны з 80 краін, якія залежаць ад яго ў гандлі, інвестыцыях і нават далучаюцца да ягонай валюты. ЕС – гэта рэгулятыўная супердзяржава. Больш за тое, некаторыя з яго вядучых краінаў-чальцоў, напрыклад, Германія – гэта першы ў свеце экспарцёр, што асабліва добра пасуе для панавання ў геаэканамічным свеце.

Аднак паўстаюць пытанні: наколькі трывалая геаэканамічная магутнасць Еўропы? Паколькі яе доля ў сусветнай эканоміцы скарачаецца, як доўга працягнецца рэгулятыўная ўлада? І ці зможа ЕС, які, дарэчы, не з’яўляецца дзяржавай, у адрозненне ад астатніх магутных гульцоў, пераадолець уласныя структурныя падзелы і аб’яднаць свае багатыя рэсурсы для падтрымкі агульнай палітыкі? Напрыклад, калі Расія нават не з’яўляецца ў спісе самых важных гандлёвых партнёраў Партугаліі, больш за 17 % экспарту Эстоніі ідзе на ўсход, тлумачыць Себасцьян Дульен. Але самае галоўнае: Еўропа абцяжараная тым, што яе жыхары вельмі моцна адчуваюць “канец гісторыі”, падпісаўшыся на ідэалагічныя артадоксіі ў “бяспройгрышнай” глабалізацыі. Многія еўрапейскія ўрады па-ранейшаму лічаць, што эканоміка павінна быць абароненая ад палітыкі і геапалітыкі, і што міждзяржаўнага канфлікту можна пазбегнуць з дапамогай інтэграцыі і ўзаемазалежнасці, і вераць у здольнасці ўстаноў “пераканаць” маладыя дзяржавы.

Дзеля барацьбы з гэтымі недахопамі еўрапейскія дзяржавы павінны разумець: сутыкнуўшыся з геаэканамічнымі праблемамі, дзяржаўнае ўмяшанне можа быць лепшым спосабам для прасоўвання адкрытай сусветнай эканомікі.

Напрыклад, заходнія краіны маглі б вывучыць кітайскую мадэль “інфраструктура на першым месцы”, але адаптаваць яе да ўласных моцных бакоў.

Яны таксама павінны распрацаваць спосабы выплаты кампенсацыяў дзяржавам-чальцам, якія губляюць грошы праз канкрэтныя геаэканамічныя стратэгіі, каб яны маглі больш эфектыўна валодаць сваёй калектыўнай сілай. Яны павінны як на нацыянальным узроўні, гэтак і на ўзроўні ЕС, стварыць механізмы для эканамічнага кіравання дзяржавай, як гэта ёсць у іншых вялікіх краінах. Еўрапейскі Саюз павінен стварыць працоўную мэтавую групу, здольную да эканамічна мудрага кіравання, і бюро санкцыяў, каб каардынаваць гэты інструмент, які робіцца ўсё больш магутным.

Перш за ўсё еўрапейцы павінны быць у авангардзе руху для распрацоўкі правілаў вядзення эканамічнай вайны. Калі ўрады выкарыстоўваюць інфраструктуру глабальнай эканомікі для дасягнення палітычных мэтаў, яны кідаюць выклік універсальнасці сістэмы і падрываюць верагоднасць, што іншыя дзяржавы будуць змагацца супраць гэтага. Яны таксама могуць справакаваць удар у адказ. Падобна таму, як дзяржавы распрацавалі шэраг пагадненняў і канвенцыяў, якія рэгулююць паводзіны падчас звычайных войнаў паміж краінамі, такія ж прынцыпы паводзінаў павінны быць ужытыя на эканамічнай арэне. Вядома, акрэсліць гэты від каардынацыі – складана, улічваючы страх звычайнай сусветнай вайны, перад абліччам якой шмат хто замест перастрэлак выбірае метады, якія б давялі супраціўніка да эканамічнага краху.

У межах гэтага руху еўрапейцы павінны заахвочваць свае прадпрыемствы, каб яны мацней падтрымлівалі лібералізацыю гандлю і замежных інвестыцый у паўднёвым паўшар’і Зямлі. Больш, чымся любая іншая сіла ў свеце, еўрапейцы зацікаўленыя ў перамозе над светам, які робіцца ўсё больш небяспечным, канкуруючым і некіравальным, шляхам распрацоўкі палітычных, рэгіянальных і творчых формаў калектыўных дзеянняў для барацьбы з духам расчаплення, што пакрысе апаноўвае свет.