падтрымаць нас

Артыкулы

Чаму эканамічныя наступствы каранавіруса для беларускіх гарадоў будуць такімі рознымі

Чаму эканамічныя наступствы каранавіруса для беларускіх гарадоў будуць такімі рознымі

У кароткай перспектыве каранавірус наймацней б’е па прыватным бізнесе і буйных гарадах. Але доўгатэрмінова найбольш пацерпяць дзяржаўны сектар і малыя селішчы.

Сённяшні эканамічны крызіс моцна адрозніваецца ад мінулых. Ён не звязаны з перавытворчасцю прамысловасці ці валютным калапсам. Наадварот, да дзяржаўнага сектара хваля толькі даходзіць, а ў эпіцэнтры ўдару аказаўся прыватны бізнес і сектар паслуг.  

1. Асноўны эканамічны ўдар прыйшоўся на вялікія гарады з развітым бізнесам.

Як паказвае апытанне, праведзенае сацыёлагамі SATIO і эканамістамі BEROC, за апошні час 57 % мінчукоў сутыкнуліся з падзеннем даходаў. І чым меншы горад – тым менш людзей гэта закранула: у вялікіх гарадах – 54 %, у малых гарадах ужо 48 %, а на вёсцы –  толькі 36 %.

Гэта не дзіўна, бо ў малых гарадах і сельскай мясцовасці дамінуе бюджэтны сектар і дзяржпрадпрыемствы. Прыватны бізнес збольшага туды не дабраўся, там для яго не хапае рынку і працоўных кадраў.  

Сёння крызіс б’е ў першую чаргу па малым бізнесе, рынку паслуг, непрадуктовым гандлі. Дзяржаўныя прадпрыемствы таксама будуць скарачаць заробкі і пераходзіць на няпоўны працоўны дзень, але будуць рабіць гэта павольней і не гэтак маштабна. 

Апытанне SATIO і BEROC гэта добра паказвае. На дзяржаўных прадпрыемствах толькі 47% рэспандэнтаў сутыкнуліся са скарачэннем даходаў, у прыватным сектары гэта 59 %. Мінчукі і жыхары вялікіх гарадоў вымушаныя эканоміць, іх больш хвалюе курс рубля і заробкі. Для малых гарадоў больш істотныя праблемы з недахопам прадуктаў і ростам коштаў – ім не да паходаў у абменнікі. 

2. У малым бізнесе занята больш за мільён працоўных – яны пад найбольшай пагрозай.  


У першую чаргу рызыкуюць індывідуальныя прадпрымальнікі. Іх больш за 240 тыс. чалавек, а іх прамы ўнёсак у бюджэт складае каля $ 250 млн. Калі да іх дадаць занятых у малых і мікраарганізацыях, атрымаецца больш за мільён працоўных. Яны найбольш сканцэнтраваны ў Мінску, у якім 41,6 % валавога рэгіянальнага прадукту ў 2018-ым было створана малым і сярэднім бізнесам. Гэтаксама досыць значная роля прыватнага сектара ў Мінскай, Брэсцкай і Магілёўскай абласцях. 

Канешне, розныя бізнесы закране па-рознаму, але ў любым выпадку размова ідзе пра сотні тысяч чалавек. У малым і сярэднім бізнесе ў сферы гандлю працуе больш як 350 тыс. чалавек, больш за 110 тыс. у сферы транспарту, каля 45 тыс. у гатэльным і рэстаранным бізнесе, 40 тыс. занята ў сферы арэнды, продажу і кіравання нерухомасцю. 

Улады пакуль збіраюцца падтрымліваць дзяржаўны сектар. Гэта ім бліжэй, яны гэта ўмеюць рабіць, а лабіяваць свае інтарэсы малы бізнес пакуль не навучыўся. Пытанне ў тым, ці рызыкне дзяржава, асабліва перад выбарамі, ігнараваць больш як мільён выбарцаў, якія цяпер знаходзяцца ў складаным эканамічным стане.  

3. Доўгатэрмінова буйныя гарады ўсё роўна прайграюць менш. 

Хоць цяпер бізнес аказаўся больш уразлівым да эканамічнага крызісу, выкліканага каранавірусам, доўгатэрмінова найбольшыя праблемы будуць у дзяржаўных прадпрыемстваў. Ліміты дырэктыўнага крэдытавання на 2020-ы ўжо падымаліся некалькі разоў і дасягнулі 1 млрд рублёў пры першапачатковым плане трымаць іх на ўзроўні 550 млн. Гэтыя грошы будуць накіраваныя як на падтрымку прадпрыемстваў (напрыклад, цукровым заводам выдадуць па 120 млн рублёў), так і на іншую “інвестыцыйную дзейнасць”, з якой 400 млн рублёў пойдзе на закупку айчыннай тэхнікі.  

Калі крызіс зацягнецца, улады не проста не захочуць далей павялічваць падтрымку дзяржаўных прадпрыемстваў – яны проста не будуць мець на гэта сродкаў. І калі крызіс міне, то бізнесу будзе прасцей аднавіцца, а шматлікія дзяржпрадпрыемствы могуць не вярнуцца да сваіх ранейшых магутнасцяў.

Найбольш сумны лёс чакае неэфектыўныя дзяржпрадпрыемствы ў рэгіёнах. Тады мы пабачым новую хвалю міграцыі ў вялікія гарады з больш разнастайнай структурай эканомікі, дзе бізнес здольны хутчэй ствараць працоўныя месцы і забяспечваць большыя заробкі.