падтрымаць нас

Грамадства

Як сабраць грошы праз краўдфандынг: “Гэта Беларусь, дзетка” дзеліцца стратэгіяй

Як сабраць грошы праз краўдфандынг: “Гэта Беларусь, дзетка” дзеліцца стратэгіяй
Мы вывучылі некалькі важных урокаў, якія дапамогуць вам зладзіць паспяховую краўдфандынгавую кампанію.

Некалькі дзён таму на краўдфандынгавай платформе Ulej.by завяршылася нашая краўдфандынгавая кампанія “Гэта Беларусь, дзетка”. Нам патрэбна было сабраць $ 6 тыс. на выданне дзвюх новых кніг. Дзякуючы амаль 200 людзям, якія паверылі ў нас настолькі, каб купіць дзве кнігі ці іншыя рэчы, якіх яшчэ нават няма, мы назбіралі $ 7,5 тыс.

Гэта было лёгка? Дакладна не. Мы добра падрыхтаваліся? Дакладна так!

Сутнасць краўдфандынга ў тым, што да грамадскасці звяртаюцца з просьбаю ахвяраваць грошы, каб падтрымаць новае прадпрыемства, праект альбо падзею. Краўдфандынг мае свае перавагі над іншымі спосабамі фінансавання як, напрыклад, інвестыцыі ці спонсарства.

Па-першае, у вас ёсць магчымасць зразумець і ўсталяваць кантакт са сваім (патэнцыйным) кліентам. Па-другое, краўдфандынгавая кампанія сама па сабе ўжо ёсць маркетынгавым ходам, дзякуючы якому вы можаце знайсці новых кліентаў і партнёраў. Па-трэцяе, бадай, асабліва важнае для стартапаў, гэта магчымасць пратэставаць сваю ідэю перад тым, як укладаць у яе шмат грошай і часу. І гэта бясцэнна!

Я хачу падзяліцца з усімі, каму цікава даведацца пра адзін са сродкаў фінансавання,  важнымі думкамі, да якіх я прыйшла праз тое, што ў нас атрымалася добра і што магло б атрымацца лепш. Няхай мае парады натхняць вас і падштурхнуць да дзеянняў. Паехалі!

10464002_0

Выбар краўдфандынгавай платформы

У Беларусі на сённяшні дзень можна выбіраць: Ulej.by, Maesens.by альбо Talaka.by. Мы выбралі Ulej.by таму, што толькі на гэтай платформе прымалі (без камісіі) міжнародныя плацяжы. Тым не менш, кожная з трох платформаў мае свае перавагі, таму перад тым, як прыняць рашэнне, уважліва пазнаёмцеся з кожнай з іх. Наш праект падтрымалі 200 чалавек з 21 краіны свету, гэта значыць, што мы выбралі платформу, якая адпавядала нашым патрэбам і мэтавай аўдыторыі.

Вучыцца на іншых праектах

Вельмі важна паглядзець на тыя кампаніі, якія прайшлі паспяхова, і тых, хто не здолеў сабраць патрэбную суму. Што агульнага ў іх з вашым праектам? Якія важныя думкі вы маглі б пазычыць і як не стаць ахвярай падводных камянёў, на якія яны натыкнуліся? Тут адным з прыярытэтаў з’яўляецца правільна разлічыць патрэбную суму – краўдфандынгавая платформа мае дапамагчы вам у гэтым.

Часта лепш знізіць патрабаванні і атрымаць менш, чым нічога.

А калі мяжа ў 100% дасягнутая, абавязкова адзначце публічна, наколькі людзі ў вас вераць, – для таго, каб прыцягнуць тых,  хто да гэтага моманту не падтрымаў праекта.

Аднак мы сутыкнуліся з нялёгкай задачай: адказаць на пытанне, навошта нам працягваць кампанію, калі мы ўжо сабралі 100 % патрэбнай сумы? Таму будзьце гатовыя да такіх пытанняў і ўпэўніцеся, што маеце правільны адказ: калі мы назбіраем болей за 100 %, то зможам далей развіць наш бізнес і прыцягнуць да свайго прадукту альбо паслугі больш кліентаў.

Зрабіце кампанію асабістай

Пакажыце сваёй аўдыторыі, што вам можна давяраць, асабліва калі ў вас яшчэ няма гатовай моцнай базы тых, хто падтрымае вас. На старонцы сваёй кампаніі ды ў іншых сродках камунікацыі зрабіце заўважным, што вы вартыя даверу, і дапамажыце людзям паверыць у вас як асобу альбо каманду.

Памятайце: сучасны спажывец больш скептычны, чым калісьці.

Таму выбудаваць давер і пазнавальнасць – у вашых інтарэсах. На шчасце, у нас была база прыхільнікаў, якую мы напрацавалі праз блогі і выданне першай кнігі, што дало нам значную перавагу. Але калі ў вас няма такой базы, краўдфандынг – выдатны спосаб стварыць яе. Толькі не забывайцеся, што гэта мусіць быць важным для вас асабіста, і адсюль трэба даць вашым прыхільнікам штосьці, што можна любіць і чаму можна давяраць.

Надайце асаблівую ўвагу відэа, апісанню і назве вашай кампаніі. Яна мусіць быць кароткай і прыцягальнай для мэтавай аўдыторыі. Вось наш прыклад.

Стаўцеся сур’ёзна!

Наіўна проста запоўніць старонку апісання кампаніі і чакаць, што грошы неяк самі вас знойдуць. Трэба прыкласці ўсе свае намаганні. Выкладвайцеся на 100 %. За два месяцы да пачатку кампаніі мы распісалі дэталёвы план дзеянняў, сабралі каманду валанцёраў і абвясцілі пра кампанію, каб людзі маглі падрыхтавацца.

Не задоўгая і не закароткая

Хачу перасцерагчы вас ад памылковага меркавання, што чым даўжэй цягнецца кампанія, тым больш грошай вы назбіраеце. З улікам запланаваных акцыяў і магчымасцяў каманды акрэсліце дакладную працягласць кампаніі. Калі вы можаце выдаткаваць на яе толькі некалькі гадзін, тады зрабіце яе даўжэйшай (альбо папрасіце на працы месяц адпачынку).

Калі можаце прысвячаць гэтаму ўвесь свой час, зрабіце кампанію кароткай, але інтэнсіўнай.

Нашая заняла 50 дзён, якія падаліся вечнасцю, бо мы актыўна арганізоўвалі шмат імпрэзаў!

Аб’ядноўвайце намаганні!

Знайдзіце двух-трох чалавек, якія падзяляюць вашыя ідэі ды бачанне і змогуць раздзяліць з вамі гэтыя прыгоды. Людзі любяць быць часткай паспяховай гісторыі, чаму б вам не стварыць такую? Я з уласных грошай заплаціла менеджару па краўдфандынгу, і ён разам са мной быў адказны амаль за ўсё цягам кампаніі ГБД. Акрамя таго, на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” мы абвясцілі, што шукаем валанцёраў з розных сфер дзейнасці: маркетолагаў, фатографаў ды інш. Гэтак да нашай каманды далучыліся чатыры крэатыўныя і поўныя энтузіязму асобы, чые навыкі дапамаглі нам дасягнуць мэты.

Заахвочвайце!

Дэталёва прадумайце, які тавар ці паслугу вы збіраецеся прапанаваць, колькі гэта будзе каштаваць, якім чынам вы будзеце іх вырабляць і распаўсюджваць. Упэўніцеся, што вы стварылі варыянты з розных коштавых катэгорыяў, даступных для розных зацікаўленых груп, і ўключылі хаця б некалькі арыгінальных альбо яскравых рэчаў і магчымасцяў нават проста для таго, каб пра іх гаварылі. У нашым выпадку гэта карыкатурны герой нашай наступнай кнігі, які чапляе вока. І яшчэ, цягам кампаніі можна дадаваць штосьці да прапанаванага спісу, але выключаць – нельга!

2f6ffd28114b6e652f0c218a2d7b1c093905ecef

Яднайцеся з кліентамі!

Планаванне паспяховай краўдфандынгавай кампаніі патрабуе больш чым звычайнага бізнес-плана для традыцыйнага прадукту. Канцавы пакупнік – гэта не прафесійны інвестар, а значна больш разнастайная аўдыторыя, да якой патрэбны асаблівы падыход. Перад тым як з’яднацца са сваім кліентам, трэба зразумець, хто ён.

Для гэтага неабходныя веды спажывецкага маркетынгу, сацыяльных сетак і тэхнік сацыяльнага маркетынгу, каб камунікаваць з кліентамі, а таксама трэба мець разуменне метадаў прыцягвання кліентаў і паспяховай камунікацыі з імі. Калі вы праводзіце кампанію, то мусіце скіроўваць свае высілкі менавіта на гэты рынак, а значыцца, выбудаваць стратэгіі датычна таго, як заангажаваць спажыўца праз медыі, навіны, меркаванні, да каторых яны звяртаюцца рэгулярна,  – і гэта не так лёгка.

Паколькі “Гэта Беларусь, дзетка” існуе ўжо цэлы год, у нас наладжаны кантакт з нашай аўдыторыяй. Нягледзячы на гэта, мы вырашылі, што беларуская дыяспара і буйныя міжнародныя арганізацыі – значны сегмент. Мы звязаліся са шмат якімі арганізацыямі, што рэпрэзентуюць беларускую дыяспару ва ўсім свеце, і яны пацвердзілі, што гэтыя людзі зацікаўленыя ў тым, каб фінансава падтрымаць нашую місію.

На жаль, прыватныя і грамадскія арганізацыі, якія выказалі цікавасць да нашай задумы, не змаглі аказаць нам фінансавай падтрымкі з бюракратычных прычынаў.

Цяпер мы ведаем, што звязвацца з арганізацыямі трэба загадзя, каб яны мелі час на неабходныя бюракратычныя працэдуры.

Будзьце вынаходлівымі і шалёнымі

Падчас падрыхтоўкі і правядзення кампаніі дакладна спатрэбіцца шмат крэатыву і нават трошкі шаленства. Каб не губляць увагу прыхільнікаў, вам давядзецца безупынна шукаць новыя спосабы рэкламаваць і прасоўваць вашую кампанію. Штотыдзень мы з камандай ГБД прыдумлялі імпрэзы ды падзеі, якія б прыцягнулі ўвагу нашай мэтавай аўдыторыі.

Мы правялі флэшмоб, конкурс на найлепшую беларускую піццу і прапанавалі людзям заплаціць бульбай за кнігу!

Дзякуючы гэтым намаганням мы атрымалі рэкламу, але не наўпроставую фінансавую падтрымку. Таму памятайце, што афлайн-мерапрыемствы – выдатны спосаб быць у кантакце са сваімі прыхільнікамі, які, аднак, не заўжды вядзе да фінансавання.

Медыі – ваш найлепшы сябра

Складзіце спіс медыйных рэсурсаў, праз каторыя вы маглі б дастукацца да сваіх прыхільнікаў. Але пішыце (артыкулы, інтэрв’ю) толькі тады, калі лічыце праведзеную падзею вартай шырокай увагі. Хутчэй за ўсё ваш твар з’явіцца ў гэтых матэрыялах толькі адзін ці два разы падчас кампаніі. Цягам сваёй кампаніі мы напісалі некалькі прэс-рэлізаў: напрыклад, з нагоды конкурсу на найлепшую піццу “Гэта Беларусь, дзетка” пра нас напісалі на relax.by і vsemenu.by – беларускіх медыя-парталах, якія публікуюць навіны на тэмы: куды схадзіць, дзе смачна паесці.

З сённяшняга дня вы – прыязны пераследнік

Вельмі важна не быць занадта сціплым і варта пытацца пра падтрымку ва ўсіх! Пры гэтым вы мусіце быць упэўненыя ў сваім прадукце, праекце і сабе. Папрасіце сяброў і сваякоў зрабіць унёсак, нават невялічкі.

Яшчэ адзін урок, які мы засвоілі: не трэба баяцца дасылаць людзям напаміны.

Большасць людзей, ад якіх вы чакаеце падтрымкі, даволі занятыя, таму могуць лёгка забыцца альбо не заўважыць вашага мэйла. Пачакайце з тыдзень (альбо столькі, колькі можаце) і дашліце напамін у ненавязлівай форме. Мы дасылалі шмат такіх напамінаў, і больш за палову людзей сапраўды адказвала нам толькі пасля гэтага.