Першы год дэкамунізацыі ва Украіне прайшоў зусім не так, як чакалі крытыкі. Перад яе пачаткам многія асцерагаліся, што яна можа далей раскалоць грамадства, дакладней кажучы, умацаваць мяжу паміж прасавецкімі ды больш нацыянальна настроенымі грамадзянамі.
Болей за тое, адзначалася, што дэкамунізацыя і пратэсты супраць яе адцягнуць увагу ад такіх важнейшых справаў, як барацьба з карупцыяй ці вайна на Данбасе. Былі думкі, што замест рэформаў Украіна атрымае толькі менш савецкіх тапонімаў, за якія некаторыя жыхары ўсходняй часткі краіны будуць настойліва біцца.
Але дэкамунізацыя ідзе лепш, чым чакалася. Украіна перайменавала (альбо да канца 2016-га дасць іншыя назвы) дзве траціны тапонімаў, змяніць якія запланавалі год таму, і прыбрала большасць помнікаў савецкім кіраўнікам, што адбылося без асаблівых канфліктаў.
Ленінапад, наагул, стаў адным з сімвалаў апошняга Майдана.
Агулам, мяркуецца перайменаваць каля 1000 населеных пунктаў і дзясяткі тысяч вуліц, а Вялікая айчынная вайна ў дзяржаўнай рыторыцы ўжо паспела стаць Другой сусветнай, у якой украінцы змагаліся супраць усіх і наагул былі героямі вайны, а не ахвярамі Галадамору, як паказваў ранейшы гістарычны наратыў.
Прасавецкія палітыкі амаль не выкарыстоўвалі тэмы дэкамунізацыі нават у часе мясцовых выбараў у кастрычніку 2015-га. Гэта паказвае, наколькі неістотная гэтая справа нават для той часткі грамадства, на якую “Апазіцыйны блок” арыентуецца. Камуністычная партыя Украіны цяпер наагул забароненая, але калі б існавала дагэтуль, то ўсё адно была б ужо маргінальнай сілай.
Значная частка рэчаў, запланаваных у працэсе пазбаўлення ад савецкай спадчыны, – яшчэ далёкая ад рэалізацыі. Поўнага доступу да архіваў савецкіх рэпрэсіўных органаў дагэтуль няма, а ўдзельнікі Другой сусветнай вайны (гаворка пра ўкраінскіх нацыяналістаў) дагэтуль не атрымалі прызнання ў выглядзе пэўных пенсіяў ці асаблівых статусаў. За год усё зрабіць цяжка, але найбольш важнае, што ўжо нішто не зможа паўстрымаць дэкамунізацыю ва Украіне.
Украінскі прыклад паказвае Беларусі тры важныя рэчы. І, здаецца, што менавіта досвед Украіны нам бліжэйшы, чымся дэкамунізацыя іншых усходнееўрапейскіх краінаў, дзе савецкага ў ментальнасці заўсёды было ў разы менш, чым у нас ці ва Украіне.
Па-першае, людзям нават з прасавецкімі поглядамі нецікавая савецкая спадчына – прынамсі, яны не будуць за яе змагацца.
Галоўнае, каб змены тапонімаў не стваралі бюракратычных праблемаў. Таму ўкраінскія ўлады не змушаюць да змены асабістых дакументаў, каб у іх была запісаная новая назва вуліцы ці горада. Пры гэтым, тыя помнікі, якія знаходзяцца на могілках, чапаць забаронена. Гэтак Украіна дамаглася таго, каб дэкамунізацыя не выглядала ні бюракратычна цяжкой, ні блюзнерскай. Адзначэнне гадавіны Другой сусветнай вайны праходзіць два дні – 8 і 9 траўня, каб захаваць хоць нейкую спадчыннасць у гэтай традыцыі. Ніякіх пратэстаў гэта не выклікае.
Па-другое, былыя калоніі Расіі маюць складанасці, каб цалкам скасаваць імперыю з гістарычнага наратыву.
Напрыклад, перайменаванне Кіраваграда спатыкнулася на тым, што гістарычная назва горада, Лізаветаўград, паходзіць ад імя расійскай імператрыцы Лізаветы, таму вяртанне першаснай назвы зусім не пасуе. Такім чынам, украінскія ўлады вымушаныя шукаць абсалютна новую назву для горада ці тлумачыцца, што Лізаветаўград названы ў гонар святой Лізаветы, а не імператрыцы.
Па-трэцяе, нацыянальны наратыў стварае праблемы ў дачыненнях не толькі з Расіяй.
У самой Украіне хапае гістарычных даследаванняў, якія кажуць, што ўкраінскія нацыяналісты падчас Другой сусветнай вайны не былі ідэалам гуманнасці. Але, нягледзячы на гэта, Сцяпан Бандэра ці Раман Шухевіч ва Украіне ўспрымаюцца як нацыянальныя героі, што бянтэжыць Польшчу, якая ўклала шмат высілкаў у дапамогу Украіне: маўляў, мы іх падтрымліваем, а яны славяць людзей, адказных за забойствы палякаў.
Выглядае відавочным, што калі ў Беларусі з’явіцца новая, больш нацыянальная, улада, то гэта можа дадаць стрэсу ў Вільні. Пытанне толькі ў тым, наколькі Беларусь здолее апанаваць літоўскія страхі, каб супольная гістарычная спадчына болей служыла будучай супрацы, а не канфлікту.
Украінцы ж пакуль з гэтым слаба спраўляюцца, бо ў Польшчы нярэдка чуюцца галасы, што іх дзяржава мусіць перастаць дапамагаць Украіне. Гэткія рэчы кідаюць цень на пакуль што даволі ўдалую дэкамунізацыю Украіны.