падтрымаць нас

Грамадства

10 лічбаў, якія тлумачаць беларускую дэмаграфію

10 лічбаў, якія тлумачаць беларускую дэмаграфію
Усё, што трэба ведаць пра тое, як змяняецца насельніцтва Беларусі.

7радок, які займае Беларусь у рэйтынгу краінаў з самым хуткім змяншэннем насельніцтва. За апошнія 22 гады насельніцтва Беларусі скарацілася на 745 тысяч чалавек, з іх амаль што на 50 тысяч толькі ў 2015-ым. Дзеля справядлівасці адзначым, што Беларусь не стала выключэннем з агульнай тэндэнцыі змяншэння натуральнага прыросту насельніцтва ў Еўропе – усе краіны рэгіёна змагаюцца з дэмаграфічнай ямай.

93 – месца, якое займае Беларусь па колькасці насельніцтва ў свеце. Гэта 16-ае месца ў Еўропе і 5-ае сярод краінаў СНД. Памер насельніцтва Беларусі можна параўнаць з колькасцю насельніцтва Сербіі, Арабскіх Эміратаў, Аўстрыі ці Швейцарыі.

1994 – год, у якім была зарэгістраваная максімальная колькасць насельніцтва Беларусі – 10 243 500. З таго часу жыхары Беларусі ці стабільна з’язджаюць на заробкі, ці проста паміраюць.

Адным з галоўных фактараў змяншэння колькасці насельніцтва ў Беларусі сёння – гэта эміграцыя, у тым ліку высокакваліфікаванай працоўнай сілы.

Сальда міграцыі за 2014-ы год склала 2 650 чалавек, але існуе вялікі паток іміграцыі, напрыклад, у краіны СНД, на што беларускія ўлады заплюшчваюць вочы.

840 – столькі долараў сёння каштуе дзяржаве новы беларус. На сённяшні дзень пры нараджэнні дзіцяці бацькі атрымоўваюць аднаразовую выплату ў $ 840, пры нараджэнні другога і ўсіх наступных – каля $ 1 180. Таксама выплачваецца адзінаразовая сума на набыццё неабходных дзіцячых рэчаў – $169. Для параўнання, у Швецыі дзяржава выплачвае маладой сям’і каля $ 200 кожны месяц, пры гэтым выплаты павялічваюцца з кожным новым дзіцём і працягваюцца да яго 16-годдзя. Варта ўлічваць, што ў Швецыі таксама цалкам бясплатная адукацыя з бясплатнымі школьнымі сняданкамі і абедамі.

35 столькі адсоткаў квартальнага заробку атрымоўвае маці, якая абірае дэкрэтны адпачынак. На снежань 2015-га, калі адлічваць ад сярэдняга заробку ў Беларусі, гэта прыблізна $ 130 у месяц. Пры тым, што ў Беларусі дэкрэтны адпачынак можа працягвацца да трох гадоў, паводле даследаванняў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, 70 % жанчын не карыстаюцца магчымасцю застацца ў водпуску на 3 гады.

На меркаванне былой міністаркі працы і сацыяльнай абароны Антаніны Моравай, “у людзей элементарна не хапае грошай”.

1.7 каэфіцыент нараджальнасці ў Беларусі, які вымяраецца адноснай колькасцю нараджэнняў на адну жанчыну. Каэфіцыент са значэннем больш за 2.0 азначае натуральнае павелічэнне папуляцыі, а 2.0 стабільны ўзровень. Беларусь займае ў сусветным спісе 159 радок і можа параўнацца з Бразіліяй, Нідэрландамі ці Даніяй. У гісторыі Беларусі XX стагоддзя каэфіцыент нараджальнасці быў пазітыўным з 1960-га да 1977-га, у 1984-ым і 1986-ым. У 2002-ім ён знізіўся да крытычнай адзнакі ў 1.2 і паступова павялічваўся да сённяшняга ўзроўню. Да 2020-га году ААН прадказвае паніжэнне каэфіцыента нараджальнасці да 1.64.

100 столькі адсоткаў запазычанасці па крэдытах выплачвае дзяржава пры наяўнасці чацвярых і болей непаўналетніх дзяцей. Тым не меней гэта таксама стварае дзіўную прававую пастку, праз якую сем’і з ільготным жыллём не могуць прадаць ці абмяняць нерухомасць цягам наступных 40 гадоў.

13 колькасць зарэгістраваных абортаў на 1 000 жанчын ва ўзросце ад 15 да 49 год. Апошнія афіцыйныя звесткі пра колькасць абортаў існуюць толькі за 2011-ы год, тым не меней гэта самая нізкая колькасць абортаў, зарэгістраваных у гісторыі Беларусі 26 858.

Каэфіцыент 13 на 1 000 жанчын адзін з самых невысокіх у свеце,

і нягледзячы на тое, што Беларусь звычайна падпадае ў статыстычную катэгорыю разам з Расіяй, насамрэч можа параўнацца з такімі краінамі як Нямеччына, Бельгія і Францыя. У Расіі гэта каэфіцыэнт адзін з самых высокіх у свеце, 43 на 1 000 жанчын. Некаторыя суадносяць нізкі ўзровень абортаў у Беларусі з шырокім распаўсюдам гарманальнай кантрацэпцыі.

1 047 столькі жанчынаў прыходзіцца на 1 000 мужчын ва ўзросце ад 30 да 49 год. Пры тым, што ва ўзроставай групе да 14 гадоў на 1 000 хлопцаў прыходзіцца  944 дзяўчыны, а пасля 65 год колькасць жанчын у Беларусі перавышае колькасць мужчынаў больш чым удвая.

5 у столькі разоў адрозніваецца ўзровень самагубстваў жанчынаў і мужчынаў у Беларусі. Для мужчынаў гэтая лічба складае 32.7 на 100 000 чалавек, а для жанчынаў 6.4.

У Беларусі ахвярамі самагубства становяцца 2 000 чалавек штогод, і гэтая лічба перавышае колькасць ахвяраў ДТЗ.

Узровень самагубства асабліва высокі ў сельскіх раёнах і малых гарадах, а таксама ўзрастае з павелічэннем узроўню спажывання алкаголю.