На працягу гісторыі ўсходняя частка Украіны заставалася палітычна нестабільнаю. Менавіта тут у 1917-1920 гадах адбываліся самыя моцныя сутыкненні бальшавікоў і анархістаў супраць Украінскай Народнай Рэспублікі. Чым жа абумоўлены сепаратысцкі рух сёння і ці настолькі жыхары паўднёвага ўсходу хочуць у Расею?
Першае, што ўплывае на погляды жыхароў Данбасу, гэта расейскія СМІ. Яны фармуюць стаўленне да Расеі, як да краіны з вялікімі магчымасцямі і грашыма, па якія ў выніку і з’язджаюць украінцы.
Украінскае тэлебачанне сфармаванае на падмурку шматлікіх прыватных холдынгаў і, як вынік, прадстаўляе значна большую палітру меркаванняў. Але звычайна праўда саступае месца вабнай прапагандзе, якую актыўна пастаўляе Расея ў якасці кантэнту для ТБ. У людзей фармуецца адпаведнае стаўленне да сваёй краіны, як да адсталага прыдатку калісьці моцнай імперыі. Таму Украіна стала асноўным “пастаўшчыком” працоўнай сiлы у Расею.
Згодна з Сусветным банкам, міграцыйны калідор Украіна-Расея займае трэцяе месца ў свеце пасля калідораў Мексіка-ЗША і адваротнага Расея – Украіна. Агулам з Украіны ў Расею ўжо з’ехала амаль 3,6 млн чалавек, а з Расеі ва Украіну – 3,7. Асноўны фактар міграцыі ў Расею – працаўладкаванне. Гэты факт пацвярджае тое, што ў 2013 годзе афіцыйныя грашовыя пералiкi ва Украіну з-за мяжы склалі $ 6,1 млрд. Гэта каля 5% ад ВУП краіны.
Цяперашні заняпад эканомікі не дае магчымасці разлічваць на тое, што сітуацыя з мігрантамі зменіцца. ВУП Украіны не павялічваўся з 2008 году.
Эканоміка паўднёва-ўсходняй Украіны трымаецца на буйной прамысловасці. Адпаведна, большая частка насельніцтва – гэта працоўны клас. Ён тут складае 40% ад усіх занятых, што ў два разы больш, чым у суседняй Расеі, і амаль у чатыры, чым у сярэднім па ЕЗ. І хоць узровень заробкаў на ўсходзе вышэйшы за сярэдні па краіне, эканоміку складаюць дэпрэсіўныя галіны прамысловасці, якія стагнуюць ужо не адно дзесяцігоддзе.
Больш за палову прадпрыемстваў паўднёвага ўсходу прыносяць толькі страты. У шахтах і вялікай частцы прадпрыемстваў абсталяванне не мянялася з сярэдзіны 20 стагоддзя. Пачынаючы з 1995 года новыя шахты практычна не будаваліся, 95% вугальных прадпрыемстваў ніколі не рэканструяваліся. Адсутнасць добрых умоваў працы і высокіх заробкаў на фоне прапаганды развітай і прыбытковай прамысловасці Расеі падштурхоўвае да ўсеагульнага незадавальнення.
У сярэдзіне 20 стагоддзя ў межах палітыкі ўсесаюзнай дзяржавы адбывалася перасяленне народаў. Але не зусім апраўдным з’яўляецца меркаванне, што прарасейскі настрой усходняй Украіны звязаны з гэтаю падзеяй. Перасяленне рускіх было, але не ў тых памерах, каб татальна паўплываць на культуру і настрой грамадства.
За ўвесь час вялікага ўсесаюзнага перасялення колькасць украінцаў на ўсходніх тэрыторыях была не меншая за 76%. Таму будзе не аб’ектыўным казаць, што ледзь не самым галоўным фактарам таго, што ўсходняя Украіна такая “прарасейская”, з’яўляецца вынік перасялення на гэтую тэрыторыю вялікай колькасці рускіх.
Згодна з дадзенымі Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялогіі, для жыхароў усходняй часткі Украіны ў пытанні: “Што вас прываблівае ў Расеі”, прыярытэтнымі з’яўляюцца эканамічныя фактары: стабільнасць эканамічнай сітуацыі і высокія заробкі.
Як бачна, у рэальнасці сепаратысцкія настроі на паўднёвым усходзе не такія моцныя, як можа падавацца. Змагацца за далучэнне да Расеі нават у самых радыкальна накіраваных рэгіёнах ‑ Луганскім і Данецкім ‑ гатовыя з большай ці меншай доляй упэўненасці толькі 25%. Рэферэндум у Данецку толькі пацвердзіў жаданне жыхароў паўднёвага ўсходу да самастойнасці ў выглядзе Данецкай народнай Рэспублікі.
Такім чынам, усход Украіны далучацца да Расеі не хоча, яму патрэбны спакой і стабільны эканамічны дабрабыт. Казаць пра нацыянальную ідэнтыфікацыю як чыннік бунту не варта. Мяцеж у асноўным падтрымлівае працоўны клас, якому вельмі цяжка жывецца.
Усе ўспаміны пра СССР і спадзяванні на лепшае жыццё экстрапалююцца на цяперашнюю Расею, вобраз якой выдатна падтрымлівае прапаганда расейскіх СМІ, моцна скажаючы рэчаіснасць. Адсюль міграцыя, мільёны з’ехаўшых і агульны бунт, які падобны больш да стыхійнага анархізму. Незадавальненне кіеўскай уладай толькі расце, а яе дзеянні толькі падмацоўвюць на ўсходзе ўпэўненасць у правільнасці палітыкі Масквы.
Сёння Кіеў губляе час, калі ён можа паўплываць на сітуацыю, а вырашэнне будучыні Данбасу пераходзіць ў рукі Крамля. Праўдападобна, што жыхары ўсходняй Украіны ў выніку абяруць таго, хто іх проста хоча больш.