Такі чужы Брусель
Пасля пабачанай карцінкі з Бруселя і спісу ўдзельнікаў саміту Усходняга партнёрства зноўку ўзнікае лагічнае пытанне: чаму Лукашэнка вырашыў паехаць не ў Бельгію, а ў Гомельскую вобласць? Як можна было зрабіць так непрафесійна, прапусціўшы рэдкую магчымасць для камунікацыі з еўрапейскімі лідарамі?
Ангела Меркель, Тэрэза Мэй, Дональд Туск, Клод Юнкер і іншыя еўрапейскія топ-палітыкі наведалі саміт, які быў ідэальнай магчымасцю для наладжвання кантактаў і small talks, нават калі асобныя двухбаковыя сустрэчы з еўрапейскімі лідарамі і не былі прадугледжаныя.
Учынкі чалавека не заўсёды магчыма рацыянальна растлумачыць. Вельмі часта ў жыцці людзі ідуць за сваймі комплексамі і страхамі. І прэзідэнты такія ж людзі, як усе.
У Лукашэнкі ўжо даўно сфармаваліся як свае погляды і каштоўнасці, так комплексы і страхі. У яго ёсць свая зона камфорту – яму падабаецца прымаць гасцей у Беларусі, часам здзяйсняць візіты ў сяброўскія краіны. Але паездка ў “логава” яшчэ нядаўняга ворага, дзе цябе па-ранейшаму лічаць чужым, гэта зусім іншая гісторыя.
Менавіта псіхалагічныя фактары выглядаюць прычынай адсутнасці Лукашэнкі на саміце.
Уявіце сітуацыю: вы запрошаныя на вечарыну. Аднак ведаеце, што ў асноўным там будуць прысутнічаць людзі, якія вас не вельмі любяць. У вас розныя з імі погляды і каштоўнасці ды і гісторыя ўзаемаадносінаў няпростая. Запрашэнне з’яўляецца хутчэй за ўсё данінай этыкету, чым прызнаннем сваім.
І нягледзячы на добрыя напоі, магчымасць зрабіць прыгожае сэлфі, а таксама завязаць карысныя знаёмствы, хутчэй за ўсё вы б адчувалі сябе ў гэтай тусоўцы не зусім камфортна.
У Бруселі Лукашэнку прыйшлося б выйсці са сваёй зоны камфорту.
Чаго яму не вельмі б хацелася.
Вялікая вернасць Расіі
Кіраўнік МЗС Беларусі трошкі хітраваў, калі казаў, што тэкст дэкларацыі Усходняга партнёрства быў прыняты без вялікіх спрэчак. На самай справе па шэрагу пытанняў вялася сур’ёзная закулісная барацьба. Што ўскосна пацвердзіў старшыня Еўрапейскай Рады Дональд Туск. Паводле яго, нягледзячы на яго жаданне, каб тэкст дэкларацыі быў больш амбітным, дэманстрацыя адзінства з’яўляецца больш важнай.
На працягу доўгага часу бакі не маглі ўзгадніць тэкст дэкларацыі, у тым ліку згадкі Расіі ў тэксце (не ў найлепшым святле). У гэтай сітуацыі Беларусь павяла сябе як сапраўдны сябра і саюзнік. Менавіта з-за беларускай прынцыповай пазіцыі ў тэксце дэкларацыі няма і слова пра Расію.
Акрамя таго, у параўнанні з Рыжскай дэкларацыяй па выніках саміту ў 2015 годзе нашмат мякчэй гучаць фармулёўкі, ускосна адрасаваныя Расіі. Больш няма згадкі аб анексіі Крыма і актах агрэсіі супраць Украіны і Грузіі.
Усходні сусед, безумоўна, быў у курсе закулісных спрэчак і не мог не ацаніць старанняў саюзніка.
Што можна занесці ў актыў беларускай дыпламатыі.
Адносіны з ЕС будуць развівацца
Бакі зверылі стрэлкі гадзіннікаў і, напэўна, дамовіліся аб далейшым супрацоўніцтве. Мяркуючы па ўсім, паступілі пазітыўныя сігналы, што тычыцца пытанняў падпісання базавага пагаднення паміж Беларуссю і ЕС, візавай лібералізацыі і рэадмісіі.
Інакш дыпламат са шматгадовым досведам Уладзімір Макей наўрад ці б выкарыстаў настолькі пазітыўную рыторыку, кажучы аб пагадненнях, “пра якія будуць гаварыць” і якія маюць быць падпісаныя цягам наступных двух гадоў між Беларуссю і Еўрасаюзам.
Таксама трэба ўзгадаць намеры еўрапейскіх палітыкаў павялічыць фінансаванне на правядзенне рэформаў у Беларусі.
На гэта ў 2018-2020 гг. плануецца выдаткаваць да € 136 млн.
Што амаль у два разы больш у параўнанні з папярэднім перыядам (2014-2017).
Удзел Беларусі ва Усходнім партнёрстве неабходны
Нягледзячы на тое, што сустрэча 24 лістапада не прынесла Беларусі адчувальных дывідэндаў, саміт Усходняга партнёрства з’яўляецца ўнікальнай магчымасцю для кіраўніцтва краіны наўпрост камунікаваць з лідарамі ЕС. Не варта грэбаваць рэдкім шанцам прывабіць канцлерку Германіі, якая сядзіць побач цягам некалькіх гадзінаў, асабліва, калі дэкларуецца важнасць развіцця адносінаў з Захадам.
І няхай перспектывы гэтай ініцыятывы туманныя і на сустрэчах не заўсёды прымаюцца важныя і канкрэтныя рашэнні.
Тым не менш, палітыка – гэта не толькі дакументы, але таксама асабістыя адносіны і эмоцыі.
Адносіны паміж Беларуссю і Захадам развіваюцца павольна. І для далейшага іх развіцця Беларусь павінна быць актыўным удзельнікам Усходняга партнёрства, а кіраўнік дзяржавы павінен асабіста прысутнічаць на самітах.