падтрымаць нас

Эканоміка/Бізнес

Еўразійскі эканамічны саюз: усё яшчэ перспектыўна ці ўсё ж марнаванне часу?

Еўразійскі эканамічны саюз: усё яшчэ перспектыўна ці ўсё ж марнаванне часу?

Цяжкія будні еўразійскай інтэграцыі.

Нягледзячы на тое, што еўразійскай інтэграцыі ўжо амаль 20 гадоў, вынікі яе даволі сціплыя, а перспектывы туманныя. Паміж сябрамі ЕАЭС хапае супярэчнасцяў і нават па простых пытаннях партнёрам бывае часам даволі складана дамовіцца. Краіны рэгіёну перадусім праз інтэграцыю марылі атрымліваць эканамічныя бонусы (у першую чаргу ад Расіі). Для Беларусі, напрыклад, ключавым было атрымаць доступ да рынку Расіі, у тым ліку да яе танных энергарэсурсаў. Расія ж з часам пачала разглядаць ЕАЭС у першую чаргу як пляцоўку для дасягнення сваіх палітычных (геапалітычных) мэтаў.

Пры стварэнні ЕАЭС за ўзор быў узяты Еўрапейскі Саюз з яго высокім узроўнем палітычнай і эканамічнай інтэграцыі.

У некаторай ступені былі скапіяваныя яго ідэі і інстытуты.

Напрыклад, была створаная Еўразійская эканамічная камісія, якая па сваёй сутнасці павінна была нагадваць Еўрапейскую камісію ў ЕС (па факце значэнне ЕЭК меншае ў параўнанні з ЕК).

Аднак, нягледзячы на ​​фармальныя падабенствы, у плане рэалізацыі задуманага розніца паміж двума аб’яднаннямі атрымалася як паміж мерседэсам і запарожцам – у першую чаргу з-за рознага ўзроўню развіцця краін, каштоўнасцяў і прыроды палітычных рэжымаў.

Што маем сёння

Эканамічныя поспехі Саюза неадназначныя. І, здаецца, што краіны не надта цікавыя адна адной як гандлёвыя партнёры. Гэта пацвярджае ўзровень узаемнага гандлю таварамі ў краінах ЕАЭС у 2017 г. (8 %) у параўнанні з 47 % у ЕС. Цікава, што доля Беларусі ва ўзаемным гандлі досыць высокая – 25.1 %. Расія мае 63.4 %, Казахстан 9.5 %, Арменія і Кіргізія толькі па 1 %.

У асноўным увесь кіпіш ідзе вакол Расіі (у вялікай ступені з-за энергарэсурсаў), і без Расіі супрацоўніцтва паміж краінамі было б увогуле мізэрным. Напрыклад, узровень гандлю Беларусі з Расіяй у 2017 г. склаў 51 % ад знешняга гандлю краіны, у Кіргізіі з Расіяй 27% і ў Казахстана з Расіяй 20 %.

Для параўнання, доля Казахстана ў знешнім гандлі Беларусі ў 2017 г. склала ўсяго 1 %. І гэта нягледзячы на ​​цёплыя адносіны прэзідэнтаў дзвюх краін, а таксама ўдзел у адных і тых жа геапалітычных утварэннях.

Галоўным пытаннем (і адначасова балючым) цягам апошніх гадоў з’яўляецца рэалізацыя канцэпцыі агульнага рынку, а менавіта свабоднае перамяшчэнне капіталу, рабочай сілы, паслуг і тавараў. Спецыялісты адзначаюць велізарную колькасць нетарыфных бар’ераў (санітарных, тэхнічных рэгуляванняў і іншых), якія краіны ЕАЭС ствараюць адна для адной, абараняючы свае рынкі і тым самым ставячы пад сумнеў ідэю зоны свабоднага гандлю Саюза. Толькі па афіцыйнай інфармацыі, у ЕАЭС сёння існуе 69 перашкодаў на ўнутраным рынку. А па факту, бадай, значна болей.

Яшчэ ў 2015 г. Еўразійскі банк развіцця апублікаваў вынікі даследавання, паводле якога нетарыфныя бар’еры склалі 10-30 % ад кошту прадукцыі, якая ідзе на экспарт паміж краінамі ЕАЭС. Усё сведчыць пра тое, што за некалькі год у гэтым кірунку змянілася не шмат.

З пункту гледжання абывацеля ўсё таксама выглядае сумнавата.

У той час як палітыкі з разумным выглядам засядаюць на сустрэчах і падпісваюць безліч дакументаў, грамадзяне Беларусі не могуць прывезці ўжываную, але добрай якасці, іншамарку з Захаду. А з пачатку новага года не набудуць і добры тэлевізар у Польшчы, бо з 1 студзеня 2019-ага без мытаў на тэрыторыю ЕАЭС можна ўвозіць набытыя для сябе рэчы толькі цаной да € 500 (раней было € 1500).

Адмена роўмінгу ўнутры ЕАЭС абмяркоўваецца ўжо некалькі год. І перспектыва пакуль цьмяная. У сваю чаргу Еўрапейскі Саюз сур’ёзна настроены ў найбліжэйшай будучыні адмяніць роўмінг для краін “Усходняга партнёрства”, удзельнікамі якога, дарэчы, з’яўляюцца члены ЕАЭС Беларусь і Арменія.

Саміты ў Сочы і Санкт-Пецярбургу

Усе ключавыя пытанні ўнутры Еўразійскага эканамічнага саюза вырашаюцца асабіста лідарамі краін на сустрэчах, якія праходзяць не больш за 2 разы ў год. У гэтым годзе такія былі ў маі ў Сочы і ў снежні ў Санкт-Пецярбургу.

Першы саміт быў адметны тым, што на ім прысутнічаў наваяўлены армянскі рэвалюцыянер Нікол Пашынян. І гэта была добрая магчымасць лідарам краін пазнаёміцца ​​адзін з адным. Акрамя таго, быў прадстаўлены шэраг дакладаў, зацверджаныя асноўныя арыенціры макраэканамічнай палітыкі дзяржаў ЕАЭС на 2018-2019 гады, а таксама нададзены статус назіральніка Малдове. Карацей, нічога істотнага.

Саміт у Пецярбургу з аднаго боку можа здацца прарыўным. Бакі падпісалі, здавалася б, ключавыя дакументы (праграмы) па пытаннях фармавання адзінага рынку нафты і газу да 2025 г. Аднак, як адзначаюць эксперты, падпісанне дакументаў яшчэ не азначае іх рэалізацыю. На шляху да стварэння адзінага рынку існуе шмат перашкод (ад палітычных да тэхнічных). І расплывістыя фармулёўкі (забяспечыць транспарціроўку нафты з улікам тэхнічных магчымасцяў) у саміх дакументах дазваляюць пры жаданні зацягваць працэс.

Увогуле, калі казаць пра трэнды апошняга года-двух, то акрамя галасістых дэкларацыяў і падпісання другарадных дакументаў, сур’ёзнага прагрэсу ў ЕАЭС не бачна.

Перспектывы ЕАЭС

Можа падавацца ўтапічнай абвешчаная асабіста Лукашэнкам ідэя інтэграцыі інтэграцыяў, аднак яна жыве ў розумах беларускіх чыноўнікаў. Ідэя накіраваная на збліжэнне і цеснае супрацоўніцтва паміж ЕАЭС і ЕС (ад Лісабона да Уладзівастока), што даволі сумнеўна, хоць бы з улікам сённяшняй геапалітычнай сітуацыі і напружаных адносін паміж Захадам і Расіяй.

Але нават калі б усё было добра, трэба разумець, якая велізарная праца павінна быць праведзена, напрыклад, па гарманізацыі (уніфікацыі) заканадаўства двух аб’яднанняў, хай нават і ў асобных сферах. І трэба прымаць пад увагу, што ўнутры Еўразійскага саюза гэтая самая гарманізацыя праходзіць досыць няпроста.

Што тычыцца перспектываў Еўразійскага эканамічнага саюза, то нават эксперты неахвотна даюць прагнозы. І галоўная рызыка – нестабільнасць у рэгіёне, складаная эканамічная сітуацыя, а таксама спецыфіка рэжымаў краін ЕАЭС (моцная роля лідара). У сувязі з гэтым будаваць доўгатэрміновыя планы даволі рызыкоўна.

Напрыклад, калі нешта здарыцца з ужо пажылым лідарам Казахстана Назарбаевым, невядома з якімі ідэямі прыйдзе новы кіраўнік.

А калі ўлічваць узрослае значэнне Кітая для гэтай краіны, які з’яўляецца яе галоўным гандлёвым партнёрам, не факт, што Казахстан будзе зацікаўлены ў далейшай еўразійскай інтэграцыі.

Ды і сама Расія сядзіць на парахавой бочцы і яе будучыня туманная, зрэшты, як і ўсяго Еўразійскага эканамічнага саюза. Бо ён як той дом – без даху ды з пахілымі сценамі.