падтрымаць нас

Артыкулы

Як зрабіць Беларусь лепшай за адно дзесяцігодзьдзе

Як зрабіць Беларусь лепшай за адно дзесяцігодзьдзе

Пяць простых зьменаў, якія зробяць беларускую адукацыю нашмат лепшай.

Гэтае эсэ зьяўляецца адным з пяці пераможцаў у нашым конкурсе “Беларусь-2030” для маладых лідэраў. Іншыя працы пераможцаў будуць апублікаваныя цягам гэтага і наступнага тыдняў.  

Аўтарка наступнага эсэ – Ангеліна Себік. Ёй 15 гадоў, яна вучыцца ў гімназіі ў Гомелі. Тэкст быў напісаны на тарашкевіцы і публікуецца ў арыгінальным правапісе. Шчыра віншуем маладую аўтарку!

Як зрабіць Беларусь лепшай

Праз маё эсэ хачу данесьці важнасьць адукацыі ў разьвіцьці дзяржавы. Спрыяючы разьвіцьцю адукацыйнае сыстэмы, мы маглі б хуткім часам разьлічваць на рост агульнага разьвіцьця краіны, што бачна на прыкладах Фінляндыі, Даніі, Нарвэгіі ды іншых.

Сёньня ў беларускай сыстэме адукацыі існуе плойма праблемаў: яе эфэктыўнасьць, бясплатнасьць, моўная дыскрымінацыя і якасьць навучаньня. Адукацыйная сыстэма выхоўвае будучы рухавік краіны. З гэтай прычыны дзяржава мусіць арыентавацца на сучасныя патрабаваньні ў сьвеце і праводзіць рэформы ў адукацыі гэтак, каб на спэцыяльнасьці, па якіх студэнты атрымліваюць дыплёмы, быў попыт, а веды, якія атрымліваюць усе навучэнцы, былі практычнымі і патрэбнымі.

Думаю, цягам дзесяці гадоў цалкам рэальна правесьці пяць асноўных рэформаў.

1. Матывацыя замест прымусу. Менавіта ад матывацыі выкладчыкаў залежыць якасьць навучаньня. Вось як можна матываваць настаўнікаў:

  • значнае павелічэньне заробку;
  • мажлівасьці ўласнай навуковай дзейнасьці: выкладчык мог бы абіраць колькасьць гадзінаў, якія ён прысьвяціў бы навуковай працы, і колькасьць гадзінаў дзеля навучаньня студэнтаў;
  • скасаваньне непатрэбных заданьняў, запаўненьня папераў і жорсткіх нормаў кантролю за іх выкананьнем: настаўнік мусіць навучаць, а не хадзіць па кватэрах з апытаньнем, у каго ёсьць пажарны дэтэктар дыму; ён не можа займацца запаўненьнем дакумэнтаў больш, чым навучаньнем.

2. Пашырэньне тэхналёгій замест іх забароны. Варта паступова інтэграваць тэхналёгіі ў адукацыйны працэс. Пачаць можна з актыўнага ўжываньня тэлефонаў на занятках. Выкарыстаньне анлайн-курсаў і аплікацый можа значна дапамагчы ва ўжываньні атрыманых ведаў на практыцы. Да таго ж гэта дапаможа мадэрнізаваць прадмет інфарматыкі: пэўныя тэмы (кшталту, Excel, Power Point і падобнага) будуць засвойвацца раўнаважна на іншых прадметах, што дазволіць дадаць у праграму інфарматыкі іншыя актуальныя тэмы.

3. Стварэньне спрыяльных умоваў для навучаньня за мяжой з разьлікам на наступнае вяртаньне. Нягледзячы на тое, што паступленьне за мяжу афіцыйна папракаецца, дзяржава толькі спрыяе гэтаму працэсу. Прапаную скасаваць гэтыя шкодныя законы. Замест іх варта выканаць патрабаваньні Балёньскага працэсу, наладжваць кантакты з замежнымі навучальнымі ўстановамі і ўводзіць інфармаваньне аб конкурсах на навучаньне па абмене на адным узроўні з рэспубліканскімі конкурсамі.

4. Павелічэньне аўтаноміі ўнівэрсытэтаў. Гэтага можна дасягнуць праз заахвочваньне студэнтаў да ўдзелу ў кіраваньні ўнівэрсытэцкімі працэсамі цераз публічнае абмеркаваньне, стварэньне сапраўды незалежнага агенцтва кантролю якасьці, як гэтага патрабуюць умовы да Беларусі ў Балёньскім працэсе і студэнцкія згуртаваньні.

5. Павелічэньне ільготаў для алімпіяднікаў, удзельнікаў конкурсаў, маладых лідэраў. Большую цікавасьць да конкурсаў, міжнародных праграмаў могуць выклікаць годныя ўзнагароды, якія будуць суразьмерныя з высілкамі. Гэта могуць быць як ільготы пры паступленьні ў ВНУ, так і асобная акадэмічная падтрымка: удзел у міжнародных праграмах, навучаньне за мяжой ды іншае.

Згодна з вынікамі PISA-2018, Беларусь мае не самыя высокія паказьнікі. Сярод названых праблемаў – сацыяльная няроўнасьць, высокая доля непасьпяховых навучэнцаў, адсутнасьць добра падрыхтаванай эліты. Калі працягваць затарможваць неабходныя рэформы, вырашыць праблемы ў адукацыйнай сыстэме будзе ўсё цяжэй.