падтрымаць нас

Палітыка

“Прыярытэты партнёрства” і “20 вынікаў да 2020 года”. Што яны зменяць у дачыненнях з ЕС?

“Прыярытэты партнёрства” і “20 вынікаў да 2020 года”. Што яны зменяць у дачыненнях з ЕС?
Разбіраем два дакументы, якія сёння фармуюць парадак дня стасункаў Беларусі і Захаду.

У апошнія гады ёсць адчуванне, што дачыненні паміж Беларуссю і Еўрапейскім Саюзам дынамічна развіваюцца, маўляў, прасоўваецца сектаральная супраца, калі на еўрапейскія грошы фінансуюцца праекты ў сферы эканомікі, энергетыкі, транспарту, навакольнага асяроддзя, аховы здароўя і гэтак далей.

Гэта праўда, але ёсць і іншая праўда.

Беларусь застаецца хіба на апошнім месцы ў Еўропе, калі глядзець на ўзровень і глыбіню дачыненняў з Еўрасаюзам.

Горш, магчыма, толькі ў Расіі, але ў яе праблемы іншага парадку.

У нас дагэтуль адсутнічае базавы дакумент, які б фармальна вызначаў адносіны паміж партнёрамі. Перакладаючы на мову нашых чыноўнікаў,  дагэтуль няма дакумента, які даваў бы больш магчымасцяў Беларусі, каб карыстацца еўрапейскімі грашамі, і ў некалькі разоў павялічыў бы памер еўрапейскай дапамогі, як гэта было з іншымі краінамі рэгіёна.

Цяпер дачыненні паміж Беларуссю і ЕС грунтуюцца на дамове з часоў СССР, падпісанай у далёкім 1989-ым годзе. Дакумент, мякка кажучы, архаічны. У ім, напрыклад, згадваецца стварэнне супольных органаў, у склад якіх бы ўваходзілі прадстаўнікі Еўрапейскай Супольнасці і СССР.

Паводле дакумента, супольная камісія мае збірацца штогод па чарзе ў Маскве і Бруселі.

Аднак, апошнім часам і тут бачныя невялікія зрухі – ідзе праца над комплекснымі дакументамі, якія маюць вызначыць прыярытэты супрацы цягам найбліжэйшых некалькіх гадоў. Пры ўдзеле Беларусі з’явіўся дакумент “20 вынікаў да 2020 года”. Па словах палітыкаў, у недалёкай будучыні Беларусь і ЕС рыхтуюцца да падпісання “Прыярытэтаў партнёрства”.

“Прыярытэты партнёрства”

Падчас свайго нядаўняга візіту ў Мінск еўракамісар Ёханес Хан запэўніў, што пагадненне аб прыярытэтах партнёрства на бліжэйшыя некалькі год будзе падпісана зусім хутка. Калі гэта нарэшце адбудзецца, то паміж Беларуссю і Еўрасаюзам з’явіцца фармальны дакумент, які б рэгуляваў іх дачыненні, хоць і ў абмежаваным варыянце.

У параўнанні з базавым пагадненнем, якое з ЕС маюць усе краіны “Усходняга партнёрства”, акрамя Беларусі, “Прыярытэты партнёрства” грунтуюцца на меншай колькасці пытанняў. У выпадку Арменіі, напрыклад, дакумент складаецца ўсяго з 10 старонак тэксту ў параўнанні з 359 старонкамі пагаднення аб пашыраным партнёрстве, падпісаным краінай з ЕС у 2017-ым.

“Прыярытэты партнёрства” – проста дарожная карта, якая робіць акцэнт на найбольш важных сферах супрацы цягам найбліжэйшых некалькіх гадоў.

Дакумент будзе факусавацца на чатырох прыярытэтах, узгодненых краінамі-ўдзельніцамі “Усходняга партнёрства” на саміце ў 2015-ым: умацаванне інстытутаў і здаровае кіраванне; эканамічнае развіццё; даступнасць, энергетыка, навакольнае асяроддзе і клімат; мабільнасць і кантакты паміж людзьмі. Частка гэтых пытанняў застаецца даволі далікатнай для абодвух бакоў.

Падобны дакумент, падпісаны паміж ЕС і Арменіяй у гэтым годзе, таксама датычыў тых жа самых прыярытэтаў. У ім закранаюцца пытанні правоў чалавека, развіцця грамадзянскай супольнасці і вяршэнства права. Таксама там згадваецца выбарчая рэформа па стандартах АБСЕ.

Відавочна, што ў сітуацыі з Беларуссю, ЕС таксама хоча закрануць гэтыя пытанні.

Па чутках, яшчэ адным каменем спатыкнення, які перашкаджае падпісанню дакумента, з’яўляецца адсутнасць кансэнсусу ў ЕС у пытанні будаўніцтва АЭС у Астраўцы.

Таму не варта быць занадта аптымістычнымі. У снежні 2017-га намеснік міністра замежных спраў запэўніваў, што “Прыярытэты партнёрства” могуць быць падпісаныя ў першай палове 2018-га года. Час ідзе, аднак воз і цяпер там. Мабыць таму ўлады Беларусі пачалі больш маўчаць і не выказвацца наконт тэрмінаў.

“20 вынікаў да 2020 года”

Гэты дакумент быў распрацаваны Еўрапейскім Саюзам з удзелам усіх шасці краінаў “Усходняга партнёрства” ў 2016-ым годзе, а затым у 2017-ым.  Ён складаецца з 20 задачаў са сферы палітыкі, эканомікі, адукацыі, навакольнага асяроддзя і гэтак далей. Гэтыя задачы ў сваю чаргу дзеляцца яшчэ на некалькі падзадачаў і маюць быць дасягнутыя краінамі рэгіёна да 2020-га года.

Некаторыя мэты, такія як умацаванне патэнцыялу НДА або прагрэс у Балонскім працэсе, з’яўляюцца даволі размытымі. Іншыя – больш канкрэтныя. Напрыклад, да 2020-га года прынамсі 10 000 дадатковых малых і сярэдніх прадпрыемстваў рэгіёна павінны атрымаць фінансавую дапамогу на сваю дзейнасць. Лічбы ў дакуменце не прывязаныя да пэўных краінаў, што падчас падвядзення вынікаў дае магчымасць некаторых маніпуляцыяў.

У дакуменце практычна не згадваюцца краіны, у якіх павінны быць рэалізаваны тыя альбо іншыя мэты.

Нягледзячы на ​​адсутнасць прамой інфармацыі пра Беларусь, на падставе дакумента можна адсачыць, якія змены ў краіне могуць адбыцца. Напрыклад, вядома, што чатыры краіны да 2020-га года пагадзіліся распрацаваць і рэалізаваць сістэму дэкларавання актываў і пазбягання канфлікту інтарэсаў для афіцыйных асобаў, а таксама стварыць незалежныя антыкарупцыйныя органы. А пяць краінаў пагадзіліся стварыць незалежныя нацыянальныя рэгулятары ў сферы электроннай камунікацыі.

Цікавыя звесткі можна атрымаць з аналізу вынікаў, якія павінны быць дасягнутыя да 2020-га ўсімі краінамі.

Усе шэсць краінаў маюць падпісаць з ЕС пагадненне аб агульнай авіяцыйнай прасторы; прыняць антыдыскрымінацыйнае заканадаўства; стварыць спецыяльнае агенцтва па падтрымцы малога і сярэдняга бізнесу; у адпаведнасці з правіламі ЕС сфармуляваць і рэалізаваць нацыянальныя лічбавыя стратэгіі; заснаваць упраўленне па аднаўленні і кіраванні актывамі; стварыць інавацыйны кластар; зрабіць цалкам працоўнай нацыянальную групу рэагавання на надзвычайныя сітуацыі ў камп’ютарнай сферы.

Нават на падставе даволі абмежаванай інфармацыі бачна, што прыярытэтам уладаў Беларусі застаецца эканоміка, а не павелічэнне свабоды ў грамадстве.