падтрымаць нас

Палітыка·Эканоміка/Бізнес

Чаму Еўрапейскі Саюз ваюе з “Газпромам”?

Чаму Еўрапейскі Саюз ваюе з “Газпромам”?
Еўракамісія абмяжоўвае “Паўночны паток” і судзіцца з расійскім манапалістам. 

Новы год “Газпром” пачаў з удару ў стол. У студзені кіраўнік энергетычнай кампаніі  Аляксей Мілер заявіў, што Еўропа можа застацца без расійскага газу. Паводле яго, да 2020-га года кампанія спыніць транспарт газу праз тэрыторыю Украіны, таму заклікае еўрапейскіх калег пачаць будаўніцтва грэчаскага размеркавальнага вузла ўжо сёння, каб пампаваць газ праз Турцыю.  Інакш, паводле Мілера, “гэтыя аб’ёмы газу могуць апынуцца на іншых рынках”.

Рынак, ад якога залежыць “Газпром”

Заявы Мілера нічым іншым, як блефам, не назавеш. Для “Газпрома” Еўрасаюз з’яўляецца стратэгічна важным рынкам, на які прыпадае 70 % экспарту і каля 60% прыбыткаў. На расейскім рынку кошты на газ значна ніжэйшыя за еўрапейскія. Таму асноўны заробак кампаніі прыходзіцца на ЕС. Гэта ў інтарэсах “Газпрома” дамовіцца з еўрапейцамі, бо замяніць еўрапейскіх кліентаў няма кім.

Палітыка ж Еўрапейскага саюза хутка змяняецца. Еўрасаюзу не падабаўся “Паўднёвы паток”, але ж і новыя прапановы “Газпрома” яму не падыходзяць. “Мабыць, мы знойдзем лепшае рашэнне”, – кажа прадстаўнік Еўракамісіі па энергетычным саюзе Мараш Шэфчовіч.

Насуперак частаму меркаванню, “Паўднёвы паток” не быў выключна расійскім праектам. У адной лодцы з “Газпромам” былі і еўрапейскія энергетычныя гіганты. “Газпром” валодаў 50 % акцый, а другая палова належала італьянскай “ENI”, французскай “EDF” і нямецкай “Wintershall”. Італьянскі ўрад валодае 30 % акцый “ENI”, у тым ліку мае “залатую акцыю”, якая надае права вета. Удзел французскага ўрада ў “EDF” дасягае 84,5 %. У снежні мінулага года “Газпром” выкупіў долю вышэйпералічаных кампаній, а ў студзені адмовіўся ад будаўніцтва “Паўднёвага патоку”.

Еўракамісія супраць “Газпрома”

Чаму ж адбыўся разлад паміж Еўрасаюзам і расійскім гігантам?

Першым галаўным болем “Газпрома” застаецца трэці энергетычны пакет. Згодна з гэтым дакументам, энергетычныя кампаніі не могуць адначасова і здабываць, і размяркоўваць газ у Еўропе, як гэта робіць “Газпром”. Еўрасаюз не дае “Газпрому” стаць манапалістам, каб ён не мог выцесніць з рынку іншых пастаўшчыкоў, забараніўшы ім выкарыстоўваць свае газаправоды.

“Газпром” ужо нясе страты ад “Паўночнага патоку”, які выкарыстоўваецца толькі напалову. З гэтай прычыны напрыканцы студзеня, як паведаміла “Reuters”, кампанія адмовілася ад падаўжэння “Паўночнага патоку” ў кірунку Вялікабрытаніі.

Кампанія прасіла 100 % доступу да газаправода “Opal”, які з’яўляецца працягам “Паўночнага патоку”. Еўракамісія вырашыла, што ў адпаведнасці з Трэцім энергетычным пакетам “Газпром” можа атрымаць не больш за 50 % магутнасці трубы, бо другая палова магутнасці “Opal” зарэзерваваная за іншымі пастаўшчыкамі.  Па звестках “Газпрома”, няма ніякіх іншых пастаўшчыкоў, і другая палова трубы проста прастойвае. Але падаецца, што на паўночным напрамку ў “Газпрома” ўсё ж ёсць канкурэнты – каля траціны газу на еўрапейскі рынак паступае з Нарвегіі.

Па-другое, на “Газпроме” значна адбіўся крызіс ва Украіне. ЕС разглядае “Газпром” як працяг расійскай палітыкі. Таму Еўрапарламент пасля анексіі Крыма і эскалацыі крызісу ва Украіне выступіў з дзвюма рэзалюцыямі, якія заклікаюць заблакаваць “Паўднёвы паток”.

Дзеянні Еўракамісіі аказаліся куды больш жорсткімі. “Газпром” разлічваў атрымаць ад камісіі выключэнне з Трэцяга энергетычнага пакета на тых жа ўмовах, што і азербайджанская “TAP”. (Азербайджанская кампанія ў 2011-ым звярнулася ў Еўракамісію і праз два гады атрымала права цягам 25 гадоў не даваць трубу трэцім кампаніям і не мяняць структуру ўласнасці.) Але з пачаткам крызісу ва Украіне Еўракамісія адмовілася абмяркоўваць пытанне, ці варта надаць выключэнне “Газпрому”.

Стала ясна, што працягваць будаўніцтва “Паўднёвага патока” без паблажкі ад Камісіі не мае сэнсу. Як бы не стараліся лабісты “Газпрома” ў Бруселі, але ЕС беззваротна вырашыў выкарыстаць супраць гіганта яго ўласную “энергетычную зброю”. Бо гэта не толькі Еўропа залежыць ад “Газпрому”, але і “Газпром” ад Еўроы.

Па-трэцяе, Камісія вырашыла пад выглядам лібералізацыі выжыць газавага гіганта з еўрапейскага рынку. Еўракамісія пачала расследаванне ў дачыненні да “Газпрома”, зацікавіўшыся падазроным цэнаўтварэннем, бо расійская кампанія ўсталёўвае асобную цану для кожнай краіны. Гэтак ва ўсходнееўрапейскіх краінах, дзе “Газпром” займае пазіцыі манапаліста, цана на газ вышэй, чым у Францыі. Але лагічна, што транспарт газу ва Усходнюю Еўропу абыходзіцца значна танней. (Беларусь у гэтым выпадку выключэнне, бо ў нас асобныя дачыненні з “Газпромам”).

Крыніца дадзеных

“Газпром” таксама абвінавачваюць у стрымліванні дыверсіфікацыі паставак газу і лібералізацыі еўрапейскага энергетычнага рынку. Адзін з брусельскіх працаўнікоў “Газпрома” распавёў “Ідэі”, што Камісія ўказвае кампаніі цэны, па якіх трэба прадаваць прадукцыю. Не верыцца, што такое магчыма ў рамках свабоднага рынку. Але праўдападобна, што Камісія проста ўказала прыблізныя лічбы, у межах якіх могуць вагацца цэны на еўрапейскім рынку.

У 2011-ым годзе Еўрапейская камісія ўжо правяла ператрусы ў еўрапейскіх філіялах расійскага гіганта. Справа пакуль яшчэ разглядаецца. У залежнасці ад яе вынікаў ад “Газпрома” могуць запатрабаваць заплаціць значны штраф і змяніць паводзіны на рынку з улікам еўрапейскага антыманапольнага заканадаўства.

Еўрасаюз і “Газпром” залежаць адзін ад аднога. Таму ў газавага гіганта не атрымаецца размаўляць з другім бокам з пазіцыі сілы. Але і Еўрасаюз у выніку будзе змушаны ўтаймаваць свой запал, каб забяспечыць уласную энергабяспеку і выгандляваць спрыяльныя ўмовы для Украіны.