падтрымаць нас

Артыкулы·Грамадства

Якія гарады і раёны Беларусі самыя «еўраопнутыя»?

Якія гарады і раёны Беларусі самыя «еўраопнутыя»?

Мы прааналізавалі распаўсюджанасць крамаў самага буйнога гандлёвага сеткавага аператара Беларусі і гатовыя распавесці, якая адміністрацыйная адзінка Беларусі – самая «еўраопнутая».

Гандлёвая сетка налічвае 850 крамаў па ўсёй Беларусі: 698 крамаў «Еўраопт», з якіх 1 гандлёвы пункт тыпу «Cash&Carry», 1 «Прайм», 36 «Гіпер», 87 «Супер», 160 «Мінімаркетаў», 404 устаноў тыпу «Маркет», а таксама 152 крамаў «Хіт».

Каб даведацца, які горад і раён Беларусі – самыя «еўраопнутыя», я выбраў паказнік колькасці крамаў (умоўных адзінак) на 10 тыс. насельніцтва. Вядома, што кожны тып крамаў адрозніваецца ад іншага па колькасці пакупнікоў, выручцы і прыбытках, таму крамы трэба прывесці да ўмоўных адзінак. Паводле звестак аналітыкаў гандлёвай сеткі, тыпы крамаў суадносяцца гэтак: «Прайм» – 16, «Гіпер» – 16, «Cash&Carry» – 16, «Супер» – 7, «Хіт» – 4, «Маркет» – 4, «Мінімаркет» – 1.

Мінская вобласць мае найгусцейшую сетку крамаў, а Гродзенская пакуль мае іх найменш.

Але варта паглядзець на ўмоўныя лічбы, таму што вобласці адрозніваюцца колькасцю насельніцтва.

Праўда, пад такім вуглом Мінская вобласць усё адно мае найбольшую колькасць крамаў (умоўных адзінак) на 10 тыс. насельніцтва. Але найменшую тады мае не Гродзенская вобласць, а Гомельская.

Калі паглядзець на размеркаванне крамаў па абласцях і тыпах, то мы можам заўважыць, што, напрыклад, у Гомельскай вобласці ёсць толькі адна крама «Хіт» і 6 крамаў «Гіпер» (як у іншых абласцях), хаця вобласць займае другое месца па колькасці насельніцтва пасля Мінскай. Гэта і тлумачыць апошняе месца па колькасці крамаў на 10 тыс. насельніцтва.

Калі ж сысці на раённы ўзровень, то самы «еўраопнуты» раён Беларусі – Нясвіжскі.

Крупскі раён, Шумілінскі, Акцябрскі і Круглянскі замыкаюць першую пяцёрку. А вось Ушацкі разам з Кармянскім раёнам не маюць ніводнай крамы названай гандлёвай сеткі.

Калі ж браць яшчэ на ўзровень ніжэй – населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам больш як 10 тыс. чалавек, то самыя «еўраопнутыя» – гэта Нясвіж, Ашмяны, Калодзішчы, Пружаны і Петрыкаў. Глыбокае, Бараўляны, Шклоў, Гомель і Пінск вылучаюцца найменшай колькасцю крамаў (умоўных адзінак) на душу насельніцтва.

Такім чынам, невялікія населеныя пункты з большай верагоднасцю будуць мець больш крамаў на душу насельніцтва.

Невялікія селішчы нашмат лягчэй пакрыць гандлёвымі пунктамі, чым адкрываць сотні крамаў на шматтысячны горад. Больш за тое, калі ў вялікім горадзе адкрыць краму могуць кампаніі розных памераў, то ў маленькі горад цяжка прыйсці гандлёвай сетцы, фінансавыя магчымасці якой меншыя. Гэта значыць, што ў маленькіх гарадах меншая канкурэнцыя.