падтрымаць нас

Падзеі

Як прыцягнуць інвестыцыі ў Беларусь: вяршэнства права vs стабільнасць?

Як прыцягнуць інвестыцыі ў Беларусь: вяршэнства права vs стабільнасць?
Кіраўнік аналітычнага Цэнтра Астрагорскага Яраслаў Крывой раскажа, калі да нас прыйдзе буйны замежны капітал і прычым тут незалежныя суды. 

Справаздача мерапрыемства тут.

Aнлайн-часопіс “Ідэя” з прыемнасцю запрашае на лекцыю Яраслава Крывога пра тое, як Беларусі прыцягнуць сапраўдныя заходнія грошы і што дзеля гэтага патрэбна!

Лекцыя адбудзецца ў пятніцу, 7 жніўня, а 19:00 у бізнес-клубе Imaguru. Рэгістрацыя на падзею (колькасць месцаў абмежаваная!) – тут.

Яраслаў Крывой – юрыст, які спецыялізуецца ў міжнародным праве. Яраслаў – беларус, які атрымаў ступень магістра ў Гарвардзе, дзе быў рэдактарам універсітэцкага часопіса ў пытаннях міжнароднага права. Цяпер Яраслаў – прафесар Універсітэта Вэст Ландан (West London) і рэдактар шэрагу выданняў, у тым ліку анлайн-часопіса пра Беларусь для англамоўнай аўдыторыі Belarus Digest. У мінулым Яраслаў працаваў у паспяховых юрыдычных кампаніях у Лондане і Вашынгтоне.

Яраслаў спецыялізуецца на вырашэнні спрэчак паміж інвестарамі і дзяржавай, міжнародным праве і арбітражы. Сярод яго кліентаў – урады, буйныя інвестары і міжнародныя арганізацыі. Яраслаў мае юрыдычную акрэдытацыю ў штаце Нью-Ёрк і да нядаўняга часу займаў пасаду аднаго са старшынёў Камітэта па міжнародных судах і трыбуналах Амерыканскай асацыяцыі адвакатаў. Таксама Яраслаў з’яўляецца заснавальнікам і кіраўніком аналітычнага Цэнтра Астрагорскага.
Звычайна Яраслаў не выступае па-за межамі прафесійных колаў, але спецыяльна для “Ідэі” ён пагадзіўся выступіць з лекцыяй, якая будзе цікаваю нават для непадрыхтаванага гуманітарыя. Беларускія ўлады доўга кажуць пра важнасць прыцягнення замежных інвестыцыяў, але па-сапраўднаму вялікіх замежных грошаў дагэтуль не бачна. Чаму гэтак? Як сабе ўяўляюць інвестыцыйную прывабнасць улады, а як – інвестары? (Спойлер: гэта не толькі “стабільнасць”). Што ўвогуле нам трэба зрабіць, каб у Беларусь прыйшлі акулы міжнароднага бізнесу, і ці нам гэта патрэбна?

Мы запрасілі Яраслава, каб ён распавёў пра важнасць міжнароднага права і пра тое, чаму без вяршэнства закону мы не зробім у Беларусі не толькі “Сінгапура”, але нават “Літвы”. Што і чаму важней для інвестара: слынная “стабільнасць” ці “адзін закон для ўсіх”? Аб гэтым мы і паразмаўляем.

За апошнімі навінамі мерапрыемства сачыце ў адмысловых групах у Facebook і ВКонтакте.

Інфармацыйная падтрымка: Logo dev.by new

Будзем рады з вамі пабачыцца!